Абяцанне замест гарантыі

Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра тое, што вера не дае ніякай гарантыі, каб жыццё працягвалася паводле нашых планаў.

ІІ Нядзеля Вялікага посту, год В (25.02.2024)

Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне. Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць»

(Мк 9, 2–10)

Абяцанне замест гарантыі

У літургіі слова гэтай нядзелі распавядаецца пра два важныя здарэнні: ахвяраванне Ісаака і перамяненне Езуса. Праз іх мы можам паглядзець на пасхальную таямніцу веры, да якой паступова набліжаемся ў перыяд Вялікага посту.

Калі Бог патрабуе ахвяраваць Ісаака, на дзіва, Ён сустракаецца з маўкліваю згодаю Абрагама. З яго вуснаў не прагучала ні слова пярэчання. Абрагам не гандлюецца за жыццё адзінага сына, як рабіў гэта ў выпадку чужых для яго жыхароў Садомы. Ён не скардзіцца, не лямантуе. Нават не плача. А назаўтра раніцаю паслухмяна адпраўляецца ў зямлю Морыя. Чаму? Мы не разбярэмся ў гэтай загадцы без ведання больш шырокага кантэксту яго адносінаў з Богам.

У той момант, калі Бог пастанавіў выпрабаваць Абрагама, той ужо меў за плячыма доўгі шлях веры — палавінчатай, раздвоенай, «дзіравай». Праўда, па Божым загадзе ён пакінуў родную зямлю, але потым часта дзейнічаў па-свойму. Не могучы дачакацца абяцанага патомства, Абрагам рознымі спосабамі спрабуе «дапамагчы» Богу ў рэалізацыі атрыманага абяцання, якое — у дадзеным кантэксце гэта вельмі важна — з’яўляецца адказам на найбольшае прагненне яго сэрца. Наказ прынесці ў ахвяру Ісаака, гэта значыць, поўнасцю ахвяраваць Богу адзінага сына, — гэта канчатковае выпрабаванне. І Абрагам яго вытрымлівае. Сваім учынкам ён сведчыць, што цалкам давярае Богу, што ён, паслухмяны Божаму загаду, не адракаецца ні ад пераканання, што Бог добры і што Ён выканае сваё абяцанне, ні ад свайго адзінага сына Ісаака, аб нараджэнні якога Абрагам так маліўся.

На гары Табор Езус рыхтуе сваіх вучняў да іншага выпрабавання. Ужо хутка яны ўбачаць свайго Настаўніка ў зусім іншым святле — прыніжанага, церпячага, у агоніі на крыжы. Перад імі таксама паўстане пытанне аб веры ў прыроду Бога. Ці сапраўды Бог добры, калі нават уласнага Сына не пашкадаваў? Калі дазволіў, як сказаў прарок Ісая, «раздавіць Яго цярпеннем»?

У нас няма гарантыі, што жыццё будзе працягвацца паводле нашых планаў. Вера не дае гарантыі. Яна трымаецца на абяцанні: Бог добры, Ён прагне для нас дабра і можа рэалізаваць яго такімі спосабамі, якія пераўзыходзяць нашае ўяўленне.


Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней