Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра сутнасць збаўлення, дзеля якога Бог паслаў у свет свайго Адзінароднага Сына.

ІV Нядзеля Вялікага посту, год В (10.03.2024)

Езус сказаў Нікадэму: «Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае».

Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія. Бо кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі. А хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.

(Ян 3, 14–21)

Выратаваныя

Сённяшняя нядзеля, якая прыпадае на сярэдзіну Вялікага посту, называецца «нядзеляю laetare», г. зн., «нядзеляю радасці» — ад словаў імшальнай антыфоны на ўваход: «Весяліся, Ерузалем, збярыцеся ўсе, хто любіць яго. Радуйцеся вы, хто быў засмучаны, цешцеся і чэрпайце з крыніцы вашага суцяшэння» (пар. Іс 66, 10–11).

Мне ўзгадваецца аповед знаёмай, якая ў 12-гадовым узросце выпала з паруснай лодкі проста ў мора каля ўзбярэжжа Брэтані. Да сённяшняга дня яна памятае свой страх, калі думала пра тое, штó можа хавацца у глыбіні пад ёю і неўзабаве яе схапіць. Яна таксама памятае, як дзядзька кінуў ёй выратавальнае кола, за якое яна магла ўхапіцца. А потым, праз хвіліну, пасля неабходных манёўраў, яе падхапілі і шчасліва выцягнулі з вады.

Таму, хто перажыў досвед выратавання, як і гэтая дзяўчынка, лягчэй зразумець радасць, пра якую сёння гаворыцца ў Божым слове. Гэта менавіта «радасць збаўлення», радасць ад таго, што прыходзіць выратаванне.

У Евангеллі Пан Езус гаворыць пра любоў Бога, які паслаў свайго Сына, «каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». У падобным духу святы Павел у Пасланні да Эфесцаў піша, што Бог у сваёй любові вярнуў нам жыццё, хоць мы былі духоўна памерлыя з-за граху. У Другой кнізе Кронікаў таксама прадказваецца дапамога Божая — адбудова ерузалемскай святыні, разбуранай з-за грахоў Ізраэля.

Мне здаецца, што, апрача разумення слова «збаўленне», трэба таксама ўсвядоміць, чаго ж датычыць паратунак, пра надыход якога ідзе гаворка. Калі анёл прадказвае святому Юзафу нараджэнне Хрыста, то адначасова паказвае сутнасць Яго місіі: «Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных» (Мц 1, 21). Гэтак жа і ў сённяшніх чытаннях: рэальнасцю, з якой Бог нас хоча выратаваць, ёсць менавіта грэх і яго наступствы. Гэта таямнічая адхлань, у якой чалавек аддзелены ад Бога. Пэўны час мы можам уздымацца на яе паверхню і «плаваць» там, але ў канчатковым выніку мы толькі загінем, калі хтосьці нас не выцягне. Сёння мы радуемся, што гэта здарылася.


Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней