
Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра сэнс літургіі Мукі Пана, якая аб’ядноўвае ў адно цэлае трыумф Езуса і Яго цярпенне.
Нядзеля Мукі Пана, год В (24.03.2024)
З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату. Пілат спытаўся ў Яго: «Ты Кароль Юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш». І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім. Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе». Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.
На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі. Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім. Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам караля юдэйскага?» Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці. Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце каралём юдэйскім?» Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!» Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!» Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту. Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль юдэйскі!» Білі Яго па галаве трысцінай і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.
І прымусілі нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж. Прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца чэрапа». І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.
Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць. Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль Юдэйскі». Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго. І збылося Пісанне, якое гаворыць: і да злачынцаў залічаны.
Тыя, хто праходзіў міма, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!» Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Хрыстус, кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.
Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. А каля дзявятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі! лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.
І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.
Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».
(Мк 15, 1–39).
Абраннік бяжыць
Мы распачынаем Вялікі тыдзень з вербамі, або «пальмачкамі», у руках. Пальма — гэта знак трыумфу і радасці. Але ж мы ведаем, што адбылося потым. Месіянскі ўезд Хрыста ў Ерузалем няўхільна прадвяшчае Яго муку і смерць на крыжы па-за мурамі горада. Апошняя нядзеля Вялікага посту аб’ядноўвае абедзве гэтыя падзеі ў адно цэлае.
Хрыстус ведаў, што Яго чакае. Ён усведамляў, якую цану Яму давядзецца заплаціць за тое, што Ён прыцягнуў усіх да сябе (гл. Ян 12, 32). Хрыстус шмат разоў гаварыў пра гэта самым блізкім вучням, жадаючы падрыхтаваць іх да гэтага вырашальнага моманту. А калі яны яшчэ былі ў дарозе «і ўзыходзілі ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя» (Мк 10, 32). Езус таксама баяўся. У Гетсэманіі Ён перажыў такі жахлівы страх, што па Яго твары сцякаў крывавы пот. Верагодна, страх спадарожнічаў Яму да апошніх хвілінаў зямнога жыцця. Нягледзячы на гэта, Езус ніколі не адступіўся ад свайго збаўчага намеру. Не завагаўся, цалкам выконваючы волю Айца і застаючыся Яму «паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай» (Флп 2, 8). Рашуча скіроўваючыся ў Ерузалем, Езус нагадваў Абранніка з Песні над песнямі, які ні на што не зважае і «скача па гарах, пераскоквае пагоркі» (Пп 2, 8).
Гэтая дзіўная літургія, якая аб’ядноўвае радасныя воклічы «Гасанна!» і крыжовую муку, паказвае праўдзівае аблічча свету. У яго перспектыве каштоўнасці могуць быць перавернутыя «з ног на галаву». Сусветны, гучны трыумф на самай справе нічога не значыць. Да таго ж, ён працягваецца вельмі нядоўгі час, сімпатыя натоўпу больш чым мімалётная. Тым часам праўдзівая перамога — над грахом і смерцю — адбываецца ў атмасферы, поўнай знявагаў і аплявання. І хоць гэтая перамога вечная і трывалая, аднак яна застаецца практычна не заўважанаю.
Сёння мы чарговы раз адпраўляемся ў працэсіі за Езусам, каб не прапусціць моманту нашага збаўлення. Мы распачынаем Вялікі тыдзень не для таго, каб зразумець усё, што адбылося, але каб паверыць. Гэты святы час дазваляе нам дакрануцца да праўды, якую немагчыма выказаць словамі. Гэта праўда пра бясконцую любоў Бога да кожнага з нас.
Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».