
Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Білкам ОР мы разважаем пра тое, што ўваскрасенне Езуса Хрыста азначае ў нашым штодзённым жыцці.
Нядзеля Уваскрасення Пана, год В (24.03.2024)
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
(Ян 20, 1–9)
Разам
Ці сустракалі вы калі-небудзь чалавека, які дзеля кагосьці зусім чужога паехаў на іншы канец свету, адмовіўшыся ад задавальненняў, выгодаў, прэстыжу ці добрага імені? Больш за тое, гэта было для яго вельмі натуральна, і калі б вы яму сказалі, што ён робіць нешта незвычайнае, то ён пастукаў бы сябе па ілбе, далікатна даючы зразумець, што з вамі штосьці не так. Калі вы такога чалавека не сустракалі, то, магчыма, не ведаеце, пра што я гавару. Каб адшукаць згубленую авечку, Езус пераадольвае бяздонную прорву, якая падзяляе стварэнне і Стварыцеля. Ён, Справядлівы, вырашыў адправіцца ў бездарожжа, дзе мы заблукалі, аслепленыя хлуснёю, каб вывесці нас да святла праўды і адарыць новым жыццём. Езус зыходзіць да адхлані, каб святло крыжа заяснела ў поўнай цемры, якою была адсутнасць Бога, у краіне граху. Ён пераадольвае гэты шлях бясконцага аддалення чалавека ад Бога, каб стаць для нас Дарогаю вяртання да Айца, якога Ён нам аб’яўляе.
Аднак у Езусе Бог застаўся нераспазнаны ажно да часу Пасхі. Толькі смерць Сына Чалавечага паказала дзівосную прысутнасць Іншага — Бога ў постаці слугі (гл. Флп 2, 7). Можна сказаць, што не нараджэнне Езуса, а менавіта пасхальныя здарэнні прыносяць чалавеку здольнасць распазнаць аблічча Таго, хто ёсць вобразам Нябачнага (гл. Клс 1, 15), такім чынам, што мы, гледзячы на Яго, пазнаем таксама Айца (гл. Ян 12, 45; Ян 14, 9). Гэтая радыкальная навізна чалавечага пазнання — дар Укрыжаванага.
Мы імкнемся дасягнуць вечнай кантэмпляцыі Бога ў непасрэднай еднасці з Ім як «саўдзельнікі Боскай натуры» (2 П 1, 4). Гэты саўдзел — новае жыццё, якім адорвае нас Уваскрослы.
Уцелаўлёнае Слова — дасканалае самавызначэнне Бога — дзейснае і здольнае прамовіць такім чынам, каб яго зразумеў кожны, каму яно пажадае аб’явіцца, уваходзіць у маўчанне свайго стварэння, у яго адмаўленне і адпрэчванне. Як сцвярджаў Ганс Урс фон Бальтазар, «апошнім словам ёсць не Аб’яўленне, не павучанне, а саўдзел, „камунія“». Гэтае слова сёння даходзіць да многіх дзякуючы людзям, якія, не асуджаючы іншых, адважваюцца найперш разам жыць. Яны ў штодзённым жыцці здзяйсняюць Велікодную літургію.
Томаш Білка ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».