Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы разважаем пра досвед супольнага жыцця, прабачэння і ўсынаўляльнай Божай любові.
Нядзеля Божай Міласэрнасці, год В (07.04.2024)
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым! У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»
Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус — Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
(Ян 20, 19–31)
Мая нядзеля
Сяджу і чытаю. Вяртаюся да тэксту. Разважаю. І яшчэ раз, зрабіўшы перапынак, свежым вокам... І нічога! Здаюся! Не магу паглядзець на гэтае Божае слова іначай, як толькі па-дамініканску, тым больш што з 15 красавіка 2012 года Нядзеля Божай Міласэрнасці стала таксама маёй нядзеляй, калі я так, як іншыя да мяне і пасля мяне, лежачы на падлозе базылікі Святой Тройцы ў Кракаве, прасіў «міласэрнасці Божай і вашай». Магчыма, менавіта таму я не магу чытаць сённяшняга слова без асацыяцыі з дамініканскай харызмай, а менавіта з прабачэннем, усынаўленнем і жыццём у супольнасці.
Спачатку скажу пра жыццё ў супольнасці, бо менавіта пра яго ў першую чаргу гаворыцца ў нашым заканадаўстве. У Дзеях Апосталаў пра малады Касцёл адзначана, што «ўсё ў іх было супольнае» (Дз 4, 32), больш за тое, «раздавалася кожнаму паводле ягонай патрэбы» (Дз 4, 35). Як цудоўна! Супольнасць — гэта не маналіт! Не ўсе думаюць аднолькава. У нас розныя патрэбы. Гэта паказальнік сталага і бяспечнага асяроддзя, калі людзі здольныя прымаць іншых з іх патрэбамі і гаварыць пра ўласныя. У Евангеллі таксама ёсць выразны матыў супольнасці. Адзначаецца, што Тамаш толькі пасля вяртання ў супольнасць можа сустрэць Уваскрослага, які дакладна ведае яго прагненні. Гэтае пасляпасхальнае быццё разам, апісанае ў Дзеях Апосталаў і ў Евангеллі паводле святога Яна, мае аздараўляльную моц для падзелаў, якія ўсё больш пашыраюцца з моманту першароднага граху.
У Евангеллі ёсць яшчэ адзін дамініканскі матыў — прабачэнне. Першым словам Езуса пасля ўваскрасення было слова пра спакой, а не дакоры ці асуджэнне. Прапаведнікі таксама ўвесь час вучаць прымаць прабачэнне, каб гэтак жа, як святы Дамінік, мець чулае сэрца на бяду ў гэтым свеце і на няшчасці іншых. Без асабістага досведу міласэрнасці нам застаецца небяспечная сцежка суддзі і арбітра маральнасці. Урэшце, ужо ў Першым пасланні святога Яна можна заўважыць вялікую рэвалюцыю манаства. Дамінік тлумачыў, што нельга дапусціць, каб нявернасць манаскім правілам стала прычынаю граху, а паслухмянасць павінна быць не рабскім выкананнем заданняў, а творчаю сыноўняю актыўнасцю. Калі адкрываецца ўсынаўляльны дар безумоўнай любові, то сапраўды «запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі» (1 Ян 5, 3).
Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».