Вугал, які трымае канструкцыю

Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра сімвалічнае значэнне вобразу вуглавога каменя, адкінутага будаўнікамі.

ІV Велікодная нядзеля, год В (21.04.2024)

Езус сказаў: «Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».

(Ян 10, 11–18)

Вугал, які трымае канструкцыю

Часам у нас ствараецца ўражанне, што мы не «пасуем» да гэтага свету. Некаторыя перажываюць падобныя пачуцці час ад часу, а іншыя — усё жыццё. Мы нібыта нейкія «няправільныя» — ці гэта датычыць асабовасці, характару, ці недахопаў і вартасцяў, ці ўсяго разам. Калі гэтае пачуццё становіцца больш інтэнсіўным, слабыя адступаюць, ізалююцца і нават здаюцца; моцныя хочуць змяніць сітуацыю сілаю, аказваюць ціск на людзей. Ні першы, ні другі спосабы не будуць найлепшымі. Аднак я не збіраюся тут займацца псіхалогіяй, хачу толькі нагадаць тэалагічную праўду: хрысціянін у пэўнай ступені «не пасуе» гэтаму свету! «Канструктары» гэтага свету адкідаюць яго! Вось найлепшая верыфікацыя хрысціяніна.

Сёння і ў першым літургічным чытанні, і ў псальме мы чуем словы пра камень: «Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі, але Ён стаўся галавою вугла». Езус таксама развіваў гэты вобраз (Мц 21, 42; Мк 12, 10; Лк 20, 17). І святы Пётр звяртаўся да яго (Дз 4, 11; 1 П 2, 7). Камень па-габрэйску — pinnah. Яго можна перакладаць таксама як «рог». А гэты прадмет не падыходзіць для будавання прамых сценаў. Ён скрыўлены, няправільнай формы. Яго не пакладзеш проста на дарозе. Ён выступае над камянямі. Аб яго можна спатыкнуцца, бо менавіта ён з’яўляецца таксама іншым слынным «каменем спатыкнення», па-грэцку skandalon (1 П 2, 7 і наст.). Такі лёс самога Хрыста, а ў Ім — кожнага хрысціяніна. Але гэты камень мае сваё прымяненне. Дзякуючы няправільнай форме ён з’яўляецца вянцом, вуглом, які трымае сцены ў дамах і святынях. Без яго сцены не ўстаяць і канструкцыя разваліцца. Гэтаксама бывае і ў нашым жыцці: менавіта «вуглы» трымаюць яго канструкцыю. Сёння святы Ян вучыць, што гэты свет нас не ведае, бо не пазнаў Езуса. Каб пазнаць хрысціянскую ідэнтычнасць, трэба найперш пазнаць Хрыста. Аднак нават тады, пасля пазнання Хрыста, гэтая годнасць на зямлі не выяўленая да канца, таму святы Ян гаворыць мацней: «Калі выявіцца, то будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго, якім Ён ёсць» (1 Ян 3, 2).


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней