У імя Айца і Сына, і Духа Святога

Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра таямніцу Найсвяцейшай Тройцы.

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год В (26.05.2024)

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку».

(Мц 28, 16–20)

У імя Айца і Сына, і Духа Святога

Хрысціянамі мы становімся праз хрост. Касцёл удзяляе яго нам у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Можна сказаць, што падчас хросту мы акунаемся ў таямніцу Трыадзінага Бога — у ёй наша вера мае свой пачатак і на ёй грунтуецца ўвесь яе змест. Гэта вельмі добра адлюстроўваецца ў Credo, якое мы прамаўляем кожную нядзелю і будова якога заснавана на Тройцы.

Адна натура ў трох Асобах — вось самая істотная праўда пра Бога, у якога мы верым. Гэта найбольш уласцівая для хрысціянства праўда, з якой бяруць пачатак усе іншыя. І адначасова гэтая праўда найбольш складаная для чалавечага інтэлекту, бо яна далёка пераўзыходзіць яго магчымасці. Таму больш правільна называць яе таямніцаю. Гаворачы пра Тройцу, мы закранаем унутранае жыццё Бога, а значыць, найбольш скрытую рэчаіснасць, сапраўдную містэрыю.

Парадаксальнае спалучэнне еднасці і паасобнасці мы знойдзем у самой формуле хросту. Мы ахрышчаныя «ў імя» — а не «ў імёны» — Айца, Сына і Духа Святога. Бог адзін, адзіны, непадзельны. Адначасова ў Ім самім існуе з’ява дыялогу, узаемнасці, адносінаў. Мы гаворым, што Бог — камунія Асобаў. Таму для хрысціянства найвышэйшая форма еднасці — тая, якая ўзнікае дзякуючы ўзаемнай любові паміж людзьмі. Тройца — самы глыбокі і праўдзівы вобраз еднасці ў супольнасці.

Паколькі мы створаныя «паводле вобразу і падабенства Божага», мы таксама пакліканыя да таго, каб праз любоў «усе былі адно» (Ян 17, 21). Калісьці гэта трапна акрэсліў Ёзаф Ратцынгер, пішучы, што «да сутнасці экзістэнцыі хрысціяніна належыць прыняцце свайго існавання як адносінаў і такое жыццё, каб увайсці менавіта ў тую еднасць, якая ёсць асноваю ўсялякай рэчаіснасці». Жыць такім чынам мы можам праз хрост і дзякуючы яго моцы, бо менавіта ў Хрысце мы атрымалі «Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: „Абба, Ойча!“» (Рым 8, 15).


Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней