Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра тое, як Бог адказвае на чалавечае цярпенне.

XІI Звычайная нядзеля, год В (23.06.2024)

У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг». І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, калі быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны. І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою. А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем?» Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся! Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша. А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»

(Мк 4, 35–41)

Адказ

Сённяшняе першае чытанне — гэта кароткі, загадкавы адказ Бога на боль і нараканні Ёва. Мы бачым, што на цярпенне свайго слугі Бог не адказвае наўпрост. Ён ніякім чынам не раскрывае таямніцы яго нявіннага цярпення. У Евангеллі сітуацыя выглядае падобна. Пакуль Апосталы змагаюцца за жыццё на ўзбураным возеры, Езус спакойна спіць у чоўне.

У літургіі слова сённяшняй нядзелі закранаецца не столькі праблема цярпення, колькі драма церпячага чалавека. Біблія — не тэалагічны трактат, яна паказвае нам не аргументы, а лямант Ёва і смяротную трывогу Апосталаў. Абодва гэтыя аповеды сведчаць пра тое, што цярпенне адкрывае перад чалавекам больш глыбокае вымярэнне існавання. Нібы вырываючы яго з марнасці і ўсяго часовага, у пэўным сэнсе ачышчае яго і пакідае ў душы месца толькі для самага важнага. Пазбаўлены ўсяго, што меў, Ёў становіцца тварам у твар са сваім Стварыцелем. Апосталы таксама ў той момант, калі іх жыццё апынулася пад пагрозаю, клічуць на дапамогу Езуса, свайго Настаўніка і Пана.

Зразумела, што той, хто церпіць, прагне нейкага адказу. Звычайна яму не патрэбныя словы. У крытычных сітуацыях найважнейшыя не словы, а прысутнасць. Бог адказвае церпячаму менавіта такім чынам — з любоўю прабывае побач. Моц гэтага адказу ў тым, што Бог не дае яго ў пустой тэорыі, але прамаўляе з глыбіні свайго ўласнага болю. Праз крыж Хрыстус цалкам акунуўся ў цярпенне, па ўласнай волі быў кінуты ў бездань смерці. Але мы ведаем, што Ён уваскрос. Ведаем, што Ён адзіны перамог уладу смерці і «вось сталася новае» (2 Кар 5, 17).

Хто ў сваім цярпенні звяртаецца да Бога, той адкрывае вушы на гэты праўдзівы Божы адказ, які гучыць з вышыні крыжа. Калі чалавек пачуе яго, можа здабыць спакой, што сыходзіць з прысутнасці Бога, які над усім мае ўладу. У такога чалавека таксама ёсць шанец пазбегнуць згубных наступстваў цярпення — ён не будзе замыкацца ў сабе, жыць толькі для сябе. А хто не толькі пачуе, але і прыме гэты адказ любові, той зможа падзяліцца ім з іншымі.


Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней