Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы разважаем пра хрысціянскае ўспрыняцце Дэкалога як сведчання Божага клопату пра чалавека.
ХХIІ Звычайная нядзеля, год В (01.09.2024)
Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў. Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?» Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана:
„Гэты народ шануе Мяне вуснамі,
а сэрцы іх далёка ад Мяне.
Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,
навучаючы людскім запаведзям“.
Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі».
Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце! Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго <…>.
Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».
(Мк 7, 1–8. 14–15. 21–23)
Блізкасць
Як распазнаць блізкасць Бога? Якім чынам мы можам адчуць, што Бог клапоціцца пра нас? Як спазнаць зычлівасць Провіду?
На першы погляд, дзіўнаю здаецца інтуіцыя Майсея, які думае пра запаведзі як пра сведчанне Божай блізкасці: «Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго? Ці ж ёсць іншы вялікі народ, які б меў такія справядлівыя пастановы і законы, як увесь Закон гэты, што я сёння даю вам?» (Дрг 4, 6–8) Запаведзі — сведчанне чулай любові Пана Бога. Ці думалі вы калі-небудзь пра Дэкалог такім чынам?
Калі мы не зразумеем гэтых Майсеевых словаў з Кнігі Другазаконня, то не толькі не заўважым фундаменту любові, на якім збудаваны Дэкалог, але і страцім чуйнасць, што можа захаваць нас ад злоўжыванняў. Без разумення Божай блізкасці цалкам рэальнаю выглядае пагроза маніпуляцыі: чалавек можа дадаваць або выключаць пэўныя пункты Божага Закону, інтэрпрэтуючы яго на сваю карысць і адначасова называючы усіх, хто думае інакш, кансерватарамі ці лібераламі ў залежнасці ад сваіх патрэбаў. Знешне застаючыся праведнымі, мы ў такім выпадку можам лічыцца «захавальнікамі Божага Закона», а на самай справе будзем захоўваць толькі свае інтарэсы — «чалавечую традыцыю», каб не парушыць спакой свайго ўстрывожанага сумлення.
У спрэчцы з фарысеямі, якія лічаць, што галоўнае — менавіта знешняе выкананне Закону, Езус ідзе яшчэ далей за Майсея і запрашае нас паглядзець у самую сутнасць запаведзяў, каб зразумець іх дух. Толькі блізкія адносіны з Богам вядуць да здаровай маральнасці, да залатой сярэдзіны, вольнай ад інструментальнага ўспрыняцця Дэкалога. Закон як сведчанне Божага клопату патрабуе асабістых адносінаў з Панам, якія ў штодзённым жыцці ператвараюць слова ў чын, а літару — у любоў, захоўваючы нас ад небяспекі застацца на ўзроўні знешняй рэлігійнасці і быць толькі слухачамі, якія падманваюць самі сябе.
Захоўванне Закону без усведамлення блізкасці Бога — вельмі небяспечная чалавечая пазіцыя.
Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».