Прыняцце Божага слова пад крыжам

Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра тое, чаму Пан Езус сурова і крытычна адносіцца да чалавечай логікі і супрацьпастаўляе яе логіцы Божай.

ХХIV Звычайная нядзеля, год В (15.09.2024)

Езус са сваімі вучнямі пайшоў у паселішчы Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: «Кім людзі Мяне лічаць? Яны адказвалі Яму: «Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў». А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус». Тады Ён забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць. Казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакараў Пятра, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае».

Затым, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго».

(Мк 8, 27–35)

Прыняцце Божага слова пад крыжам

Сціслая характарыстыка логікі дэмана, якую выказвае Пан Езус у размове з Пятром, для нашага чалавечага ўспрыняцця проста жахлівая: сатана думае па-людску! У наш час, калі ў свеце жанглююць гуманістычнымі поглядамі, з-за чаго амаль у кожным дэмакратычным грамадстве абараняецца разнастайнасць чалавечых пазіцый і паводзінаў, нас сапраўды «абяззбройвае» выказванне: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае». Чаму Пан Езус так сурова і крытычна адносіцца да чалавечай логікі і, больш за тое, да чалавечых ведаў пра жыццё і пра свет? Адказ адзін, хоць і двухаспектны: прычынаю гэтага з’яўляецца адмаўленне ад адносінаў са Стварыцелем. Першы аспект датычыць прыняцця Божага слова. Чалавек не хоча прыняць яго. Гэта спрадвечная чалавечая спакуса быць незалежным. Свае карані яна мае ў раі і ўзнікла ў размове са змеем (гл. Быц 3, 1–8). Чалавек хаваецца і ўцякае ад Бога. Больш за тое, чалавек думае, што Бог яго абмяжоўвае, забараняе яму доступ да поўных ведаў. Сёння церпячы слуга Ягвэ ў трэцяй песні з Кнігі прарока Ісаі паказвае адваротны кірунак: «Пан Бог адкрыў вуха маё, і я не запярэчыў, не адступіў назад» (Іс 50, 5).

Другі аспект адказу датычыць адмаўлення ад крыжа. Адначасова з гэтым чалавек забывае пра тое, што ў любові Бога, праяўленай на крыжы, знаходзіцца крыніца нашага жыцця. Чалавек у наш час абараняецца ад найменшай «бэлькі» крыжа, ад найлягчэйшага духоўнага цяжару. Менавіта такую пазіцыю Пятра раскрытыкаваў Хрыстус. Толькі праз крыж і любоў, якая сыходзіць з крыжа, мы можам здабыць веды, якія грунтуюцца на любові Бога і якіх нам не хапае, каб мы спакойна маглі пазнаваць сябе і Стварыцеля. Таму не без прычыны Эдыта Штайн, габрэйка (а пасля навяртання — святая Каталіцкага Касцёла, якая насіла імя сястры Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа), напісала цудоўны твор «Навука крыжа». Святыя на чале са святым Паўлам былі для яе ў гэтым падтрымкаю: «Я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага» (1 Кар 2, 2). Урэшце, мне згадваецца мазаіка благаслаўлёнага Фра Беата Анджэліка, які ў сваёй выяве паказаў, як святы Дамінік каля постаці бічаванага Хрыста ўчытваецца ў словы Бога, каб зразумець іх сэнс.


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней