Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра тое, што хрысціянства — гэта шлях.
ХХV Звычайная нядзеля, год В (22.09.2024)
Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта гэта ведаў, бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?» Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы. Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: «Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
(Мк 9, 30–37)
У дарозе з Езусам
«Пра што вы разважалі па дарозе?» — словы Езуса з сённяшняга Евангелля нагадалі мне амаль ідэнтычнае пытанне, якое Уваскрослы задаў двум вучням па дарозе ў Эмаўс. Што яднае гэтыя аповеды, акрамя падобных пытанняў? Несумненна, тое, што ў абодвух выпадках вучні кудысьці ідуць, яны знаходзяцца ў дарозе.
З часоў ранняга хрысціянства вучняў Хрыста называлі «прыхільнікамі шляху» (гл. Дз 9, 2). Такім чынам, хрысціянства ёсць шляхам. Што гэта азначае? У першую чаргу тое, што вера патрабуе рашэння, абрання канкрэтнага жыццёвага кірунку, свядомага наследавання Хрыста — іншымі словамі, вера патрабуе асабістай сустрэчы з Езусам, Панам і Настаўнікам. Але шлях — гэта таксама працэс сталення. Мы ідзем па дарозе з Езусам, калі вачыма веры заўважаем Яго ў сваім жыцці, калі распазнаем Яго блізкую прысутнасць, як вучні з Евангелля паводле Марка. Мы ідзем з Ім па дарозе таксама тады, калі здаецца, што Яго няма побач з намі, калі мы страчваем Яго са свайго поля зроку, ідучы навобмацак і сумуючы, як двое вучняў, што скіроўваліся ў Эмаўс. Езус суправаджае нас на кожным кроку і пры гэтым жадае, каб мы не стаялі на месцы, а няспынна набліжаліся да канчатковай хвалебнай мэты.
Вучні прыходзяць у Кафарнаум. Пасля доўгага перыяду евангелізацыі яны вяртаюцца ў горад, з якога выйшлі. Менавіта тады, адразу пасля чарговага прадказання мукі, Езус «падлавіў» іх на спрэчцы пра першынство (іншымі словамі, пра ўладу і пашану). Атрымліваецца, што «па дарозе» яны так і не пазналі ніякай «навукі». Верагодна, кожны хрысціянін можа адчуваць штосьці падобнае, гэта значыць, час ад часу ўсведамляць сваю нясталасць, пыху і ганарліваць, а таксама тое, колькі Божых дароў ён не выкарыстаў, колькі ласкаў змарнаваў. Часам у нас — веруючых і практыкуючых — здараецца балючы рэгрэс у адносінах з Богам. У такія моманты варта «замаўчаць», як вучні. І не толькі з-за сораму. Варта перастаць круціцца вакол сябе і свайго граху, як мага хутчэй суцішыць голас самаасуджэння. Тады можна зноў пачуць голас Пана, які кліча нас да сябе і цярпліва навучае.
Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».