Сёння разам з айцом дамініканінам Кшыштафам Паплаўскім ОР мы разважаем пра тое, як моцна грэх аддаляе нас ад Бога і перашкаджае будаваць блізкія адносіны з Ім.
ХХVІ Звычайная нядзеля, год В (29.09.2024)
Ян сказаў Езусу: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі». А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у імя Маё, не зможа адразу зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той за нас. А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне».
(Мк 9, 38–43. 45. 47–48)
Еднасць і гармонія
Езус наўмысна перабольшвае, калі гаворыць пра згаршэнне і пра тое, як чалавеку спраўляцца са сваімі слабасцямі і спакусамі. Зразумела, Касцёл ніколі не навучаў у літаральным сэнсе таму, што мы чуем у сённяшнім Евангеллі. Наадварот, ён не ўхваляў тых, хто калечыў сябе ў імя вышэйшай дасканаласці або свабоды ад граху.
Грэх — рэальны, ён моцна звязаны з нашым жыццём. Грэх становіцца перашкодаю на шляху да еднасці з Богам — перашкодаю з нашага боку; няволяю, якой мы паддаемся; мурам, які мы будуем. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана: «У гісторыі чалавека прысутнічае грэх: дарэмна было б імкнуцца ігнараваць яго або даваць гэтай змрочнай рэальнасці іншыя назвы. Каб паспрабаваць зразумець, што такое грэх, трэба перш за ўсё прызнаць глыбокую сувязь чалавека з Богам, бо па-за гэтымі адносінамі зло граху не выяўляецца ў сваім сапраўдным абліччы як адпрэчванне Бога і супраціўленне Яму, але працягвае ляжаць цяжкім каменем на жыцці чалавека і на гісторыі» (гл. ККК, 386). Разуменне зла граху прыходзіць разам з прызнаннем глыбокай сувязі чалавека з Богам. Бог — верны, мы ж самі аддаляемся ад Яго, паддаючыся граху.
Мы добра ведаем, што не рука, не нага і не вока — прычыны нашых грахоў. Гэта наш выбар, які часта вынікае са слабасці волі і пазнання. Такім чынам, гаворка ідзе не пра тое, каб мы адсеклі часткі свайго цела, а пра пераадоленне слабасцяў і працу над сабою, каб мы маглі будаваць сувязь з Богам і гармонію ў сабе. Як пісала святая Кацярына Сіенская, «кожны член выконвае працу, для якой прызначаны, і кожны спраўляецца дасканала паводле сваёй меры. Вока стараецца бачыць, вуха — чуць, нюх — удыхаць пахі, смак — смакаваць, рука — дакранацца і працаваць, нага — крочыць». Толькі гэта, і ажно ўсё гэта… Каб з дапамогаю розуму і волі, а таксама ласкі Божай спазнаць гармонію і тое, што «дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстус» (гл. Гал 5,1). Гэта вядзе да адкрыцця Божага Валадарства ў нас і вакол нас. Божае Валадарства — гэта, іншымі словамі, валадаранне Бога, жыццё ў Богу і з Богам тут і цяпер.
Айцец Кшыштаф Паплаўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».