Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра Божую мудрасць, якая каштоўнейшая за ўсе багацці свету.

ХХVІІІ Звычайная нядзеля, год В (13.10.2024)

Я маліўся — і было дадзена мне разуменне; я заклікаў — і сышоў на мяне дух Мудрасці. Я аддаў ёй перавагу над скіпетрамі і тронамі, і багацце нічым я палічыў у параўнанні з ёю. Я не параўноўваў з ёю каштоўных камянёў, бо ўсё золата перад ёю — нікчэмны пясок, а срэбра перад ёй, як бруд.

Я палюбіў яе больш чым здароўе і прыгажосць, і больш хацеў бы мець яе, чым святло, таму што бляск яе — непагасны. А разам з ёю да мяне прыйшлі ўсе даброты і незлічонае багацце ў яе руках.

(Мдр 7, 7–11)

Калі Езус выходзіў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці».

А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною». Але ён засмуціўся ад гэтых словаў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае». Вучні дзівіліся з Ягоных словаў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?» Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма».

(Мк 10, 17–27)

Скарбы мудрасці

Сусветныя рэсурсы золата — гэта нібы пясчынка ў параўнанні з мудрасцю. Яна — найкаштоўнейшая, як гаворыць аўтар Кнігі Мудрасці. Яна пераўзыходзіць не толькі матэрыяльныя вартасці, але таксама і іншыя, звычайна вельмі важныя для чалавека — здароўе або прыгажосць. Дзе ёсць яна, там ёсць «незлічонае багацце».

Менавіта тэма мудрасці яднае першае чытанне з Евангеллем. У Новым Запавеце Езус Хрыстус паказаны як Той, «у якім схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання» (Клс 2, 3). Больш за тое, святы Павел наўпрост называе Хрыста «Божаю мудрасцю» (1 Кар 1, 24)! Словы старазапаветнага мудраца пра тое, што мудрасць вышэйшая за багацці, могуць гучаць крыху тэарэтычна. У Евангеллі падаецца практычнае вымярэнне гэтай думкі, яна выяўляецца ў кантэксце паказаных евангельскіх постацяў. Магчыма, чалавек, які прыходзіць да Настаўніка з Назарэта, адчувае ў Ім прысутнасць Божай мудрасці, аднак не адважваецца канчаткова адмовіцца ад сваёй маёмасці і пайсці за Настаўнікам.

Апосталы ж гэта ўчынілі, хоць у іх словах можна заўважыць ваганне наконт слушнасці такога рашэння: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою» (Мк 10, 28). Езус запэўнівае іх, што яны зрабілі ўдалы выбар, і зноў гаворыць пра багацці, звязаныя з імкненнем да мудрасці. Вучні, якія радыкальна пайшлі за ёю (гэта значыць, за Езусам), не мусяць клапаціцца пра матэрыяльны дабрабыт, бо іх чакае «ў сто разоў больш» (Мк 10, 30). Акрамя таго, яны здабудуць таксама вялікае багацце адносінаў: у сто разоў больш братоў, сясцёр, маці і дзяцей (гл. Мк 10, 30). У старазапаветным чытанні гаворыцца, што разам з мудрасцю прыходзяць «усе даброты», а ў Евангеллі даецца яшчэ большае абяцанне — прадказваецца жыццё вечнае для тых, хто выбраў мудрасць.

Адначасова можна заўважыць таямнічыя намаганні, звязаныя з прыняццем гэтага выбару. У старазапаветнай версіі яны крыху паказаныя праз супрацьпастаўленне мудрасці і здароўя. У Евангеллі Хрыстус гаворыць, што багацце, якое вынікае з наследавання Яго, існуе «сярод пераследу» (Мк 10, 30). Нягледзячы на гэта, Божае слова вучыць нас, што няма нічога больш каштоўнага, чым мудрасць і яе скарбы.


Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней