Як перастаць быць карыкатураю любові?

Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра тое, чым хрысціяне павінны вылучацца ў сучасным свеце.

ХХІX Звычайная нядзеля, год В (20.10.2024)

Езус паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».

(Мк 10, 42–45)

Як перастаць быць карыкатураю любові?

У сённяшнім Евангеллі Пан Езус акрэслівае выразную мяжу паміж жыццём хрысціянаў і грамадскім жыццём народаў: «Не так няхай будзе сярод вас…» Нягледзячы на тое, што хрысціяне жывуць у гэтым свеце і выконваюць у ім свае штодзённыя абавязкі, яны ўсё ж павінны вылучацца. Іх адрозненне — у дыяканіі, або ўзаемным служэнні любові.

У сучасным свеце пераважае прага дамінаваць: у міжасабовых адносінах, у міжнародных, міжнацыянальных… Гэта назіраецца у свеце культуры, суседскіх адносінаў, глабальнага бізнесу, а таксама ў доступе да ведаў і капіталу, ва ўплыве на грамадскую думку і асобнага чалавека. Іншымі словамі, прагненне сучаснага чалавека — падпарадкаваць сабе слабейшага, больш за тое, выкарыстаць яго для ўласных мэтаў, як мы гэта ведаем з гісторыі: валадары прыгняталі цэлыя плямёны, групы людзей (напрыклад, сялянаў ці рабочых), меншасці, якія пад выглядам імкнення да большага дабра становяцца іх ахвярамі.

Па гэтай прычыне Хрыстус, жадаючы адкрыць чалавецтву вочы, назаўсёды выкрывае прагненні і мэты каралёў, імператараў, прэзідэнтаў, прэм’ераў і канцлераў краінаў, а таксама іх намеснікаў, каб мы не паддаваліся фальшу: «Тыя, хто лічацца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі». Так было і будзе заўсёды. Таму Езус вучыць панаваць над спакусаю: «Хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою». Аднак мы не павінны баяцца гэтага свету: «Я перамог свет» (Ян 16, 33), — мы павінны жыць у ім, як «авечкі паміж ваўкоў», «разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы» (гл. Мц 10, 16), носячы цяжар адзін аднаго (гл. Гал 2, 6), нікому нічога не вінныя, апрача ўзаемнай любові (гл. Рым 13, 2). А «калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч» (Мц 5, 40).

Пакуль мы гэтага не зразумеем, Евангелле не ўвойдзе ў нашае жыццё. А калі мы будзем спрабаваць змешваць Хрыстовы парадак з мэтамі валадароў гэтага свету, мы будзем карыкатураю любові сярод народаў. Старажытны пісьменнік і тэолаг Тэртуліан у сваім «Апалагетыку» занатаваў захапленне язычнікаў хрысціянамі: «Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго».


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней