Кожны можа быць Бартымэем

Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра тое, што ў кожным з нас жыве «сляпы жабрак», які можа разлічваць на дапамогу Езуса.

ХХX Звычайная нядзеля, год В (27.10.2024)

Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». Тады паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе». Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. Адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.

(Мк 10, 46–52)

Кожны можа быць Бартымэем

Мяркую, кожны з нас можа ўбачыць сябе ў героі сённяшняга Евангелля, у сляпым Бартымэі. І, несумненна, гэта было б вельмі добра.

Хто гэты чалавек? У Евангеллі проста сказана, што гэта сляпы жабрак. Адкінуўшы ў бок асацыяцыі і вобразы, якія аўтаматычна ўзнікаюць ва ўяўленні, можна сказаць, што жабрак — гэта хтосьці прынцыпова залежны ад іншых. Да такой ступені, што яго існаванне цалкам абумоўлена адносінамі, якія ён у стане пабудаваць з людзьмі. Першая добрая навіна, якую нясе нам гэтае слова: ніхто з нас — не самотная выспа, нашае жыццё залежыць ад іншых. Хрыстус дадасць яшчэ больш: яно належыць іншым. І ў абодвух выпадках гэта сапраўды Добрая Навіна.

Акрамя таго, мы ведаем, што Бартымэй не бачыць, хоць вельмі хоча бачыць. Ён смуткуе па святле. Святло — гэта элементарнае прагненне чалавека, і нельга яго цалкам заглушыць, хоць «многія загадвалі яму замоўкнуць». Шмат падобных агрэсіўных патрабаванняў гучыць у нашым атачэнні і ў нашых сэрцах. Але імкнення да праўды ў нас немагчыма выкараніць. І хоць часам мы вымушаныя шукаць яе навобмацак, «усляпую» і без праваднікоў, аднак, калі мы «дадзім слова» гэтаму прагненню, Бог на яго адкажа. Затрымаецца і пакліча нас да сябе, а потым павядзе «роўнай дарогай» (Ер 31, 9), на якой немагчыма спатыкнуцца.

Калі ты ўбачыш сябе ў Бартымэі, адважся так, як і ён, з глыбіні сэрца паклікаць Езуса. Рызыкні, скінь з сябе плашч самадастатковасці. Скажы, што ты хочаш, каб Ён табе зрабіў. Што табе патрэбна тут і цяпер? Ззяючае святло Езуса, які праходзіць побач, пераўзыходзіць любую тваю бяду і змрок граху. Толькі прыйдзі да Яго з пустымі рукамі, не бяры нічога з сабою, і не адыдзеш засмучаны, як той багаты юнак. Паспрабуй прамаўляць збаўчыя словы: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Гэтая простая малітва правяла праз пустыню многія пакаленні хрысціянаў, якія ўсведамляюць, што перад абліччам Бога яны не маюць нічога, асабліва добрых учынкаў.


Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней