Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы разважаем пра сутнасць боязі Божай як дару Духа Святога і пра ўменне слухаць Пана Бога.

ХХXI Звычайная нядзеля, год В (03.11.2024)

Майсей прамовіў да народа, кажучы: «Бойся Пана Бога твайго, захоўвай усе пастановы Яго і запаведзі, якія загадваю табе, сынам тваім і ўнукам тваім ва ўсе дні жыцця твайго, каб былі доўгімі твае дні.

Слухай, Ізраэль, і старайся выканаць гэта, каб добра было табе і каб вы памножыліся вельмі на зямлі, дзе цячэ малако і мёд, якую абяцаў даць табе Пан, Бог бацькоў тваіх.

Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тваім».

(Дрг 6, 2–6)

Адзін кніжнік падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: «Якая запаведзь першая з усіх?» Езус адказаў: «Першая такая: „Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй“. Другая: „Любі бліжняга твайго, як самога сябе“. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя». І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні». Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.

(Мк 12, 28b–34)

Заслуханы

Боязь Божая — гэта адзін з дароў Духа Святога, абавязковая ўмова для зараджэння адносінаў паміж чалавекам і Богам. Чалавек «дрыжыць», «баіцца», бо адкрывае, кім ёсць Той, хто запрашае яго да дыялогу. Боязь Божая — гэта далягляд праўды пра ідэнтычнасць асобаў, якія сустракаюцца ў гэтым дыялогу: я ёсць той, чыё існаванне абумоўленае, а Ён — самае праўдзівае існаванне. Біблійны страх перад Богам — гэта ўсведамленне сваёй мізэрнасці, кволасці перад веліччу і невымернаю моцаю Таго, хто мяне шукае. Таму пасля наказу «Бойся Пана Бога твайго» шматразова гучыць «слухай». Калі я ведаю, кім Ён ёсць, то хачу перадусім слухаць Яго. І нашмат больш хачу, чым у штодзённых міжчалавечых адносінах, калі слуханне засцерагае ад закасцянеласці ва ўласных інтэрпрэтацыях. Калі я не адкрыюся на выказванне іншага пра мяне, то раней ці пазней расчаруюся, што іншы — не той, за каго я яго прымаў. Слуханне — гэта прастора для іншага. Гэта зацікаўленасць, гатоўнасць прыняць іншага такім, які ён ёсць. На жаль, можна слухаць з закрытым сэрцам. Быць вельмі блізка, але не сустрэцца. Слухаць, але верыць больш самому сабе, чым рэальнасці. Застацца пры сваіх уяўленнях пра чалавека і такім чынам шанаваць бажка, які адпавядае толькі маім меркаванням і патрэбам.

Наша чалавечае слуханне — гэта пастаянная школа пакорнага супастаўлення: ці сапраўды было пачута тое, што было аб’яўлена. Можна слухаць і заставацца пры сваіх уяўленнях. Гэта як знайсці патрэбныя дзверы і застацца на парозе. Хм… а можа, гэта яшчэ больш складана. Бо нават калі я пачую і зразумею, то па розных прычынах мне можа не хапіць сілаў ці волі адказаць на заклік. Калі б ключом да камунікацыі было толькі актыўнае слуханне, то, несумненна, было б крыху менш непаразуменняў і расчараванняў. На шчасце, праз уцелаўленне і ахвяру Бога ў нас цячэ Яго Кроў. Той, пра якога мы ў песні спяваем: «Заслуханы ў Айца Спрадвечны Сын», — для нас з’яўляецца паратункам у камунікацыі. Дзякуючы Яму мы маем магчымасць знайсці паразуменне. У Ім — наша збаўленне і дзейснае заступніцтва. Ён — сапраўдны Святар, які чалавечым вухам чуйна слухае волю Айца і адначасова Боскім вухам улоўлівае найцішэйшы шэпт сэрца сваіх сясцёр і братоў.


Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней