Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра поўнае адданне свайго жыцця Богу.
ХХXІI Звычайная нядзеля, год В (10.11.2024)
Сеўшы насупраць скарбонкі, Езус назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой».
(Мк 12, 41–44)
Жыццё, даверанае Богу
Бедная ўдава ў святыні кінула ў скарбонку дзве лепты і такім чынам ахвяравала Богу «ўсё, што мела». У арыгінале тут ужытае слова «bios», якое літаральна азначае «жыццё». У жэсце даверу і ахвяры яна аддала Богу ўсё сваё жыццё. Больш яна нічога не мела — і з гэтага моманту апынулася выключна ў Божай апецы.
Гэтак жа і ўдава з Сарэпты, пра якую мы чулі ў першым чытанні, па просьбе прарока аддала свае апошнія запасы — жменю мукі і трохі алею. З папярэдняга фрагмента кнігі мы ведаем, што яна зрабіла гэта дзеля Бога (пар. 1 Вал 17, 9). Удава аддала ўсё, што мела на ўтрыманне падчас голаду, паверыўшы слову прароцтва, што яна будзе ўратаваная.
Ці не падобны Хрыстус да абедзвюх гэтых жанчынаў? Усё, што Ён мае, усё сваё жыццё Ён даверліва аддае Богу, «ахвяраваўшы сябе» (Гбр 9, 26). Яго давер апраўдаўся, як і давер удавы з Сарэпты і — як можна меркаваць — удавы з прачытанага сёння Евангелля. Гэты давер вядзе да ўваскрасення і збаўлення многіх.
Мы таксама пакліканыя да таго, каб даверліва аддаць сваё жыццё Богу. У многіх месцах Святога Пісання гаворыцца пра тое, каб мы турбаваліся найперш аб Божым Валадарстве і Яго справядлівасці (пар. Мц 6, 33); пра тое, каб «усялякі свой клопат» мы ўсклалі на Бога, бо Ён клапоціцца пра нас (1 П 5, 7); пра тое, каб мы свае целы аддавалі як «ахвяру жывую, святую» (Рым 12, 1). Услед за Бібліяй гэта паўтарае літургія Касцёла, у якой мы нярэдка чуем заахвочванне даверыцца Богу. У імшальнай малітве над дарамі, якая часта паўтараецца на працягу года, цэлебрант просіць: «Міласэрны Божа, з ласкі Тваёй асвяці гэтыя дары, якія мы прыносім Табе як духоўную ахвяру, і ўчыні, каб мы сталі для Цябе вечным дарам». Хлеб і віно, гэтак жа як дзве лепты ўдавы з Евангелля, павінны стаць знакам нашай унутранай пазіцыі і аддання свайго жыцця Богу.
У гэтай скіраванасці да Бога і ў даверы да Яго заключана абяцанне благаслаўлення, абяцанне, што ўсё іншае «дадасца нам» (Мц 6, 33).
Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».