Без страху перад канцом свету

Сёння разам з айцом дамініканінам Аўгустынам Норбэртам Лісам ОР мы разважаем пра тое, ці варта хрысціяніну баяцца канца свету.

ХХXІIІ Звычайная нядзеля, год В (17.11.2024)

Езус сказаў сваім вучням: «У тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.

Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца. Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць. А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.

(Мк 13, 24–32)

Без страху перад канцом свету

У гісторыі хрысціянства час ад часу з’яўлялася думка (не вельмі адпаведная дагматыцы), што канец свету павінен настаць з прычыны людской грэшнасці. Не раз чалавецтва наіўна спрабавала «адкласці» яго наступленне на больш позні час або паўплываць на яго магчымыя знішчальныя наступствы. Напрыклад, у Х стагоддзі хрысціянская Еўропа перад сімвалічным юбілеем тысячагоддзя ад Нараджэння Пана абвясціла пакаянне і ў многіх месцах пачалі ўзводзіцца касцёлы і абацтвы ў нябачаным дагэтуль маштабе.

Страх перад канцом свету ўзнікае таксама па-за хрысціянскімі асяродкамі. Перыядычна даводзіцца чуць пра іншыя сімвалічныя даты або касмічныя здарэнні, якія нібыта прадказваюць яго. Тым часам пакаленні прыходзяць і адыходзяць, а канца свету як не было, так і няма, хоць у кожным пакаленні чытаецца евангельскае апісанне канца свету.

Аднак, калі мы ўдумаемся ў словы Езуса, то заўважым, што Ён гаворыць пра канец свету як пра касмічнае «выспяванне» ўсяго стварэння да свайго канца. Хрыстус паказвае, што гэта падобна да натуральнага, жаданага Богам развіцця смакоўніцы: «Калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета». Такім чынам, канец свету будзе цалкам натуральным здарэннем. Як расліна развіваецца, дае плады, але з часам звядае і памірае; як чалавек нараджаецца, дае жыццё наступным пакаленням і адыходзіць; як зоркі загараюцца, свецяць, але згасаюць разам з цэлымі галактыкамі; гэтаксама будзе і з усім светам, з Космасам, з Universum. Як узнікае, нараджаецца і памірае нанаатамны свет, так жа завершыцца і макракасмічны свет.

У гэтую натуральную паслядоўнасць жыцця свету ўваходзіць Бог са сваім уцелаўленнем і са сваім паўторным прыйсцем, што глыбока закране і тых, хто жыве на зямлі, і тых, пра каго думалі як пра памерлых. Таму канец свету, які, з аднаго боку, упісаны ў натуральны, астрафізічны ход падзей усяго Космасу, з другога боку, будзе таксама момантам дзеяння ласкі Бога. Тыя, хто прыме Яго ласку, убачаць новае неба і новую зямлю (Ап 21, 1). Ці будзе гэта мець нейкія астрафізічныя праявы? Не ведаю. У любым выпадку святы Павел вучыць: «Смяротнае апранецца ў несмяротнасць» (1 Кар 15, 54). А Пан суцяшае чалавецтва словамі: «Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне» (Лк 21, 28).


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней