Нетутэйшае Валадарства

Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра барацьбу, якую хрысціянін павінен весці ў зямным свеце і ў сваім унутраным жыцці.

Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год В (24.11.2024)

Пілат спытаўся ў Езуса: «Ці Ты Кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?» Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што Ты зрабіў?» Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб Мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль». Пілат сказаў Яму: «Дык Ты Кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я Кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас».

(Ян 18, 33b–37)

Нетутэйшае Валадарства

Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету — даволі «маладое» свята. Калі Папа Пій ХІ устанавіў яго ў 1925 годзе, шмат дзяржаваў ужо незваротна зніклі з мапы свету. Касцёл адназначна не хацеў, каб Хрыстовай уладзе надавалася палітычнае вымярэнне або каб яна атаясамлівалася з якім-небудзь зямным валадарствам. Касцёл наследаваў у гэтым самога Езуса, які аддаліўся на гару, калі «даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём» (Ян 6, 15). Езуса немагчыма «ўпісаць» у нейкі палітычны стандарт. Той, хто гэта робіць, «хапае» Хрыста насуперак Яго волі, праяўляе сябе як звычайны ўзурпатар.

Езус сцвярджальна адказаў на пытанне пра Яго каралеўскую годнасць у дзень сваёй смерці. Дапытаны, зняважаны, зняволены, урэшце Ён стаў перад Пілатам. І вось рымскі намеснік, прадстаўнік найбольшай у той час імперыі свету, пачуў з вуснаў Хрыста словы, якія азначалі: «Так, Я Кароль». Але Валадарства Хрыста «не адгэтуль», яно не супернічае ні з якім палітычным ладам, не імкнецца заняць яго месца. Езус выступае супраць таго, што ў кожнай уладзе выліваецца ў дамінаванне і гвалт, што супярэчыць базавай праўдзе пра годнасць і свабоду чалавека. Кожны хрысціянін, а значыць, той, хто прымае каралеўскую ўладу Езуса, абавязаны таксама супраціўляцца. Перш за ўсё ў дачыненні да тых, хто сам сябе абагаўляе, лічыць валадаром сумленняў, лёсаў ці чалавечай свабоды. Тых, хто хваліцца сілаю і напаўняе свет несправядлівасцю. Супраць іх трэба пратэставаць крыкам, а наступствы прыняць моўчкі. Аднак любую, нават самую справядлівую барацьбу хрысціянін павінен найперш правесці ў сваім сэрцы, бо крыж на Галгоце ўзнеслі не рукі тыранаў ці скарумпаваных уладароў. Гэта вынік нашага граху. Аднак Езус беспаваротна знішчыў гэтую справу сваёю крывёю. Таму святы Павел піша: «Аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; <...> Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю» (Рым 6, 13–14).


Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней