Да чалавека Адвэнту

Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра хрысціянскую радасць і Хрыстовую моц суцяшэння.

ІІІ Нядзеля Адвэнту, год С (15.12.2024)

Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?» Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае». Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце». Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю».

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».

Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

(Лк 3, 10–18)

Да чалавека Адвэнту

Я ніколі не быў выдаўцом, але чуў, што ў жанры белетрыстыкі найлепш прадаюцца кнігі з вялікаю доляю драмы, з апісаннем чалавечых падзенняў і ранаў, адным словам — сумныя аповесці. Яны далёкія ад таннага суцяшэння. Такія творы знаходзяць прызнанне ў літаратурных крытыкаў. Выбар такой кнігі характэрны менавіта для дарослых людзей, якія ўжо не вераць у простую радасць. Яно і зразумела: час дзяцінства даўно мінуў, і кожны дарослы чалавек мае ўжо свой жыццёвы вопыт… У мяне таксама ёсць праблемы з простаю радасцю, калі ў часе Адвэнту ці Вялікага посту Касцёл заклікае нас «gaudete», «laetare» — гэта значыць, радавацца і весяліцца. Як жа можна радавацца і заклікаць чалавека да весялосці, калі ў яго разбітае сэрца, калі ён маўкліва крычыць ці проста таемна плача ад болю? Я ўсведамляю, што тут ніякае слова не прынясе суцяшэння! І ніякі літургічны заклік таксама.

Тады замест словаў трэба пабыць побач: «Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача» (Рым 12, 15). Праз нейкі час можа нарадзіцца пытанне: «Чаго ты плачаш?» (Ян 20, 15). Толькі потым з’явіцца шчылінка для чарговага Божага закліку: «Суцешце, суцешце народ Мой!» (Іс 40, 1), каб у выніку мы маглі даць адказ на пытанні пра больш глыбокія рэчы, у тым ліку — пра радасць.

Мне здаецца, што менавіта з такімі пытаннямі прыходзяць да Яна Хрысціцеля людзі рознага складу і сацыяльнага статусу. Кожны са сваім сэнсоўным і балючым пытаннем. На першы погляд, гэтыя праблемы адрозніваюцца, але ў глыбіні сэрца ўсе яны падобныя. Ян адказвае паэтапна, заахвочваючы найперш да звычайнай чалавечай высакароднасці. Аднак прарок таксама ведае, што адной высакароднасці замала, таму скіроўвае ўвагу на Кагосьці Іншага — Таго, Хто ідзе за ім. Толькі Хрыстус мае моц суцяшэння, толькі Ён можа адкрыць брамы радасці і спаўнення — у Духу і агні: «Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе…» (Саф 3, 17). Пра гэта не раскажа ніякая аповесць, ніякая іншая кніга. Пра гэта гаворыцца толькі ў Бібліі, якая прыносіць суцяшэнне ў чалавечыя лёсы: «У той дзень скажуць Ерузалему: Не бойся! — і Сіёну: Няхай жа не слабнуць рукі твае!» (Саф 3, 16). Такім чынам, чалавеча Адвэнту, Ён ужо ідзе да Цябе, не плач! Ён ужо спяшаецца.


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней