Па старонках новых выданняў

 

РЭКАЛЕКЦЫІ ПАВОДЛЕ КНІГІ

Да 200­годдзя Кангрэгацыі Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Панны Марыі (ОМІ) у выдавецтве «Pro Christo» выйшла кніга а. Казіміра Любавіцкага ОМІ «Рэкалекцыі са святым Яўгенам дэ Мазэно» (у перакладзе з польскай мовы Юліі Шэдзько). Святы Яўген дэ Мазэно (1782–1861) — заснавальнік Кангрэгацыі аблатаў, місіянер, біскуп, адзін з найбольш значных дзеячаў у гісторыі Францыі ХІХ стагоддзя. Айцец Ежы Катоўскі ОМІ, суперыёр, у прадмове да кнігі адзначыў: «Цяжкасці выклікаў не толькі перыяд усеагульнага хаосу, у які выпала жыць святому Яўгену, але і складаны характар гэтага юнака. Гэтую цікавую асобу перапаўнялі пачуцці, імпульсіўнасць, залішняя амбітнасцьЯго раніла не толькі выгнанне і распад сямі, але і наступствы гэтага: аддаленасць ад бацькоў, пачуццё адзіноты і страчанага жыцця, якое хутка мінае». Аўтар прадмовы падкрэслівае, што святы Яўген перажываў тыя ж цяжкасці, якія даводзіцца перажываць многім нашым сучаснікам: крызіс, поўную адсутнасць сэнсу існавання, безвыходнасцьАле ва ўсім гэтым ён здолеў знайсці Бога, уважліва асэнсоўваючы сваё жыццё і засяроджана працуючы над сваімі слабасцямі.

Як яму гэта ўдалося? Што дапамагала яму на гэтым шляху? Пра гэта распавядаецца ў пятнаццаці раздзелах кнігі «Рэкалекцыі са святым Яўгенам дэ Мазэно». Кожны з раздзелаў разлічаны на адзін дзень духоўных практыкаванняў. Аўтар выкарыстаў вельмі цікавую форму падачы рэкалекцыйнага матэрыялу: праз апісанне асобных перыядаў жыцця святога Яўгена ён ўзнімае найважнейшыя духоўныя праблемы і прапануе паразважаць над імі ў святле выказванняў самога Яўгена дэ Мазэно і многіх іншых людзей, якія спрыялі фармаванню яго святасці. Пра змест узнятых праблемаў гавораць ужо назвы раздзелаў: «Асабіста сустрэцца з Укрыжаваным», «Верыць у моц любові», «Кіраваць сэрцам», «Быць Марыяй у сучасным свеце» і інш.

У кнігу ўключаны «Дадатак», які складаецца з выбраных малітваў Яўгена дэ Мазэно. Гэта перш за ўсё малітвы аб прабачэнні, праслаўленні Бога, малітвы падзякі і просьбы, якімі святы звяртаўся да Нябеснага Айца пасля свайго навяртання.

Нагадаем, што аблаты Беззаганнай Марыі — гэта місійная кангрэгацыя. Іх галоўная харызма — паказаць Хрыста і Яго Валадарства самым пакінутым людзям, несці Добрую Навіну тым народам, якія яшчэ не прынялі яе. Апякунка кангрэгацыі — Беззаганная Марыя, якая з’яўляецца прыкладам адданасці і пакоры ў служэнні Богу і людзям, а таму можна з упэўненасцю сцвярджаць, што з дапамогаю гэтае кнігі, выдадзенай дзякуючы намаганням айцоў аблатаў, чытач не толькі сам наблізіцца да Бога, але і спасцігне свае асабістыя шляхі місіянерства сярод родных, блізкіх і знаёмых.

АПЯКУН МОЛАДЗІ І СТУДЭНТАЎ

У пасланні на ХХХІ Сусветныя дні моладзі, якія сёлета адбыліся ў Кракаве, папа Францішак узгадаў асобу італьянскага благаслаўлёнага П’ера Джорджа Фрассаці, які, на жаль, яшчэ малавядомы ў нашай краіне. Прыклад яго кароткага жыцця, якое прыпала на пачатак ХХ стагоддзя і было напоўненае любоўю да абяздоленых, заслугоўвае асаблівай увагі ў гэты Год Божай Міласэрнасці і вельмі важны для мола­дзі. Больш за тое, з 11 да 31 лі­пеня ў Польшчы адбывалася перэгрынацыя рэліквій Джорджа Фрассаці. Апошнім пунктам гэтай перэгрынацыі стаў Кракаў, дзе моладзь з усяго свету падчас сустрэчы з папам Францішкам магла асаблівым чынам унашаваць свайго апекуна і папрасіць яго заступніцтва. У выдавецтве «Pro Christo» была падрыхтаваная кніжачка Крыстыны Лялько «Пакліканы быць міласэрным», дзе апавядаецца пра ахвярнае і радаснае жыццё маладога хлопца, які адышоў у вечнасць ва ўзросце 24­х гадоў і быў беатыфікаваны 20 мая 1990 года. У гэтым аповедзе падкрэсліваецца, што П’ер Джорджа Фрассаці не вылучаўся асаблівымі здольнасцямі, нават вучоба давалася яму з цяжкасцямі, аднак упартая праца над сабою прынесла свае вынікі. Вопыт гэтага юнака паказвае, што «глыбокае ўнутранае жыццё можа ісці поруч з вучобаю, з грамадскаю працаю, са спортам, з жывою радасцю — лучнасць з Хрыстом акрыляе маладосць і дае ёй паўнату і шырыню размаху».

Кніга багата ілюстраваная фотаздымкамі з архіва Ванды Гавроньскай, роднай пляменніцы беатыфікаванага італьянца, у ёй змешчана «Малітва праз заступніцтва благаслаўлёнага П’ера Джорджа Фрассаці», якая стала лагічным завяршэннем натхнёнага аповеду пра яго жыццё, аповеду, што абу­джае ў сэрцы прагу малітвы, нястомнага ўшанавання Бога і перапрашэння за грэшныя ўчынкі.

ПЛЁН ШМАТГАДОВАЙ ПРАЦЫ

Новая кніга арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з сімвалічнаю назваю «Laudate Dominum» прымеркаваная да 25­годдзя заснавання Мінска­-Магілёўскай метраполіі. Гэта толькі першы том з трохтомнага выдання пастырскіх пасланняў, гамілій, дакладаў і выступленняў мітрапаліта за 2007–2015 гады. У тэкстах гэтага тома, аб’яднаных у сем раздзелаў, асвятляюцца жыццё Касцёла ў Беларусі з пачатку служэння ў ім арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, святкаванне галоўных урачыстасцяў на працягу літургічнага года, праблемы дабрачыннасці і служэння хрысціянаў дзеля евангелізацыі, справядлівасці і міру.

Кніга ўражвае тэматычнаю шырынёю і разнастайнасцю праблемаў, якія арцыпастыр узнімае ў кожным сваім звароце да вернікаў, заглыбленасцю аўтара ў спосабы пераадолення цяжкасцяў, з якімі сутыкаецца сучасны Касцёл ва ўсім свеце, а таксама служыць сцвярджэнню спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасцяў.

У наступных тамах гэтага выдання плануецца змясціць тэксты, якія тэматычна ахопліваюць пытанні сацыяльнага вучэння Касцёла, новай евангелізацыі, жыцця святароў і кансэкраваных асобаў, еднасці хрысціянаў, праблемы сучаснай сям’і, моладзі, узаемадзеяння хрысціянства і культуры, пашырэння культу Божай міласэрнасці і ўшанавання Маці Божай, а таксама шматлікія іншыя праблемы хрысціянства ў сённяшнім свеце.

 «...УРЭШЦЕ МАЁ БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА ЗАТРЫУМФУЕ»

6 жніўня ў Касцёле распачалася Агульнабеларуская навэнна ў інтэнцыі перапрашэння Беззаганнага Сэр­ца Марыі і падзякі Маці Божай за апеку над намі і над нашай краінай. Навэнна будзе працягвацца 9 месяцаў і завершыцца напярэдадні 100­гадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў. 

З гэтай нагоды выдавецтва «Pro Christo» падрыхтавала тэксты на кожны дзень навэнны, выдаўшы іх асобнаю кніжкаю і змясціўшы на сайце ave­maria.by. Набажэнствы складаюцца з малітваў, разважанняў, Ружанца перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі, Ларэтанскай літаніі і Акта прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

У звароце Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца ўвага на тое, што «трывожная сітуацыя ў сучасным свеце заклікае нас <…> горача маліцца і навяртацца. Нягледзячы на тое, што ўжо вядомыя ўсе тры фацімскія таямніцы, гэтае пасланне не страціла сваёй актуальнасці», таму заахвочваем усіх чытачоў часопіса далучыцца да Агульнабеларускай навэнны і ўсе свае цяжкасці, клопаты, радасці і цярпенні ахвяраваць у інтэнцыі перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі.

У межах падрыхтоўкі да 100-­годдзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай выдавецтва «Pro Christo» прапануе таксама вернікам каляндар на 2017 год, прысвечаны гэтаму важнаму юбілею. 

 

У прадмове да календара арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на актуальнасць паслання Марыі для нашага часу: «Ніхто не вінаваты ў нашых духоўных бедах — толькі мы самі. Калі мы не слухаем Бога, то няма чаго наракаць і шукаць вінаватага. Няхай тады словы Марыі пра навяртанне ацвярозяць нас ад нездаровага захаплення сабою, навучаць разлічваць не толькі на сябе, але ў першую чаргу дапамогуць адкрыцца на Бога, у міласэрнасці якога наша надзея».

Старонкі календара ўпрыгожаныя выявамі скульптуры Маці Божай Фацімскай і касцёлаў Беларусі, якія маюць Яе тытул, фотаздымкамі з перэгрынацыі Яе фігуркі, шматлікімі абразамі і іншымі выявамі, якія звязаныя з фацімскімі аб’яўленнямі. Тэксты, якімі суправаджаюцца гэтыя выявы, актуалізуюць пасланні Маці Божай і пабуджаюць вернікаў да выкарыстання двух апошніх лекаў, якія Марыя дала сучаснаму свету, — малітвы на Ружанцы і набажэнстваў першых суботаў месяца.

Спадзяёмся, што на працягу ўсяго юбілейнага 2017 года каляндар стане для вернікаў своеасаблівым напамінам пра гэтыя аб’яўленні, заахвоціць да нястомнай малітвы і даверу да Божай міласэрнасці. 


 Дзе набыць?

  • кнігарня «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25), тэл. +375 17 293 17 53
  • парафіяльныя кіёскі

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней