Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Апошні раз  сустракаемся мы з вамі ў 2012 годзе. Пройдзе зусім няшмат часу і наступіць новы год — 2013. Але людзі, якія належаць да Каталіцкага Касцёла, больш увагі звяртаюць на іншы пачатак — 11 кастрычніка распачаўся Год веры. Што гэта азначае, вы ўжо ведаеце з апостальскага ліста папы Бэнэдыкта XVI, з казанняў святароў у сваіх парафіяльных касцёлах. А вось чаго чакае ў гэты год ад сваіх чытачоў наш часопіс?

У кожнай мясцовасці, дзе людзі жывуць доўгі час — дзесяцігоддзямі або нават стагоддзямі, існуюць свой летапіс, свае легенды, свае героі і праведнікі. Нехта з іх жыў на зямлі шмат гадоў таму і адышоў ужо з гэтага свету, а нехта і цяпер сярод нас. Пра некага вы чулі ад бацькоў ці бабуляў, дзядуляў, а з некім штодзень вітаецеся. Мы маем на ўвазе людзей, якія здзейснілі духоўны подзвіг  у часы забароны і занядбання веры або тых, чыё жыццё стала прыкладам для іншых, узорам сумленнага і годнага служэння Богу і людзям. Пра некаторых вы пісалі нам, і ўсе чытачы даведаліся пра гэтых людзей са старонак часопіса. А пра некага не ведае ніхто за межамі вашай мясцовасці. Можа, нехта раскажа нам пра свой шлях да веры. Хай сабе ён будзе зусім не гераічным, але, магчыма, ваш вопыт дапаможа іншым людзям. Калі нават аднаму чалавеку дапаможа, значыць вы не дарэмна ўзяліся за пяро. Мы чакаем вашых допісаў. Нагадваем — Год веры ўжо распачаўся.

Ну а зараз звернемся да лістоў з нашай нядаўняй пошты. Пачнём з традыцыйнага віншавання. «Мы, вернікі каханавіцкай капліцы Божай Міласэрнасці з Верхнядзвіншчыны, хочам павіншаваць ксяндза Генрыха Кучынскага з 40-годдзем, якое ён будзе адзначаць 8 снежня 2012 года. Цяпер ён працуе ў іншай парафіі, але мы дзякуем Богу Усемагутнаму, што Ён дазволіў нам пэўны час маліцца з гэтым святаром, слухаць яго цудоўныя казанні, адчуць айцоўскую апеку. Мы жадаем айцу Генрыху моцнага здароўя, вытрымкі ва ўсіх выпрабаваннях, Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай. Мы Вас любім і заўсёды памятаем». Такі ліст ад імя парафіянаў даслала Галіна Плюшчык з вёскі Стралкі Верхнядзвінскага раёна.

Іосіф Іванавіч Павучонак з вёскі Сынадворцы, што на Шаркаўшчыне, даслаў нам свае вершы на беларускай мове і нават на польскай. А яшчэ ён расказаў пра касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Новы Пагост: «…Пабудаваны касцёл у 1593 годзе, і ўжо быў вялікі юбілей — 400-годдзе нашай святыні. Касцялок драўляны, абшаляваны. У 1949 годзе яго зачынілі і адчынілі толькі праз 40 гадоў.  Чаго там толькі ні было за гэты час — і спартыўная зала, і розныя сховішчы. Унутры было ўсё панішчана. Ну а цяпер касцёл аднавілі і стаў ён прыгожы. Дзякуй Пану Богу за гэта!»

А скончым мы наш агляд тым, з чаго і пачалі. «З 11 кастрычніка 2012 г. у Каталіцкім Касцёле распачаўся Год веры. У нашым разуменні Год веры павінен яшчэ больш умацаваць нашу веру, з’яднаць нас у міры, любові і малітве. Адзінства вернікаў у агульнай малітве мы заўсёды адчуваем у касцёле, аднак навучыцца шчыра любіць, быць бліжэй адно да аднаго і да Бога нам могуць  дапамагчы больш цесныя адносіны ў штодзённым жыцці. І ў гэтым нам дапамагаюць  мерапрыемствы, што праводзіць касцёл. Да прыкладу — 21 кастрычніка гэтага года ў нас прайшла парафіяльная сустрэча пад назовам “Дзень печанай бульбы”. Хрыстус  сказаў: “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (Мц 18, 20). Хрысціяне (і не толькі католікі) збіраліся на сваіх вуліцах і каля вогнішчаў з “печанай бульбай”, маліліся за суседзяў, за сваіх блізкіх, размаўлялі, спявалі песні, частаваліся “чым Бог паслаў”. Дзеля чаго гэта? Адказ вельмі просты — Езус чакае нас, каб мы ўмелі радавацца сустрэчам, у якіх Ён прысутнічае. Мы вельмі ўдзячныя за ідэю такіх сустрэч і асабістую прысутнасць на іх ксяндзу Мечыславу Янчышыну і айцу Станіславу Памыкалу. Хай добры Бог благаславіць іх на новыя ідэі ў імя згуртавання вернікаў, адорыць сваімі ласкамі і аберагае ў іх штодзённым служэнні Богу і людзям. Дзякуем таксама ксяндзу Эдварду з задарожскай парафіі за прысутнасць і малітву». Такі вось ліст прыйшоў да нас з Глыбокага ад парафіянаў з вуліцы і завулка Пушкіна. Як бачым, глыбоцкія вернікі Год веры ўжо распачалі. Чакаем і вашых лістоў.

Да новых сустрэчаў. Заставайцеся з Богам.

Вера Галубовіч

 

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней