У парафіі cвятога Юрыя (Пінская дыяцэзія) адбылася падзея, якая ўвойдзе не толькі ў гісторыю мясцовага касцёла, але і ў гісторыю старажытнай мясцовасці Паланэчка, вядомую яшчэ з ХVI ст. Тут, дзякуючы ахвярадаўцам з роду Радзівілаў — сям’і князя Мацея Радзівіла, нашчадка апошняга ўладальніка Паланэчкі, а таксама намаганням пробашча а. Мацея Шмытоўскага, парафіянаў і людзей добрай волі, былі асвечаныя і ўстаноўленыя тры званы. Па просьбе рэдакцыі айцец Мацей распавёў пра гэту прыгожую і важную падзею ў сваёй парафіі.

Гэтую кастрычніцкую нядзелю ў нашым касцёле мы назвалі гістарычнай, бо менавіта 21 кастрычніка ўпершыню радасна зазванілі на касцёльнай званіцы тры новыя званы — «Радзівіл», «святы Міхал» і «святы Юрый». Урачыстасць узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Асаблівымі гасцямі ўрачыстасці былі шматлікія (прыехала 20 асобаў) прадстаўнікі роду Радзівілаў — нашчадкі апошняга ўладальніка Паланэчкі. Менавіта дзякуючы аднаму з іх, Мацею Радзівілу, мы можам радавацца новым званам — гэтаму цудоўнаму дару, які будзе адлічваць час малітвы і нагадваць людзям пра важныя падзеі, часам — радасныя, а часам — сумныя...

Візіт біскупа Антонія Дзям’янкі таксама ў нечым стаў гістарычным, бо ў паланэцкую парафію ён прыязджаў яшчэ клерыкам, потым — як стаў святаром і біскупам, але ў першы раз наведаў вернікаў як новаменаваны біскуп Пінскі. Выказваючы ўдзячнасць фундатару званоў Мацею Радзівілу, пробашч касцёла зачытаў словы нашчадка вялікага роду з аднаго з ягоных лістоў: «Магчымасць дапамагаць іншым і вырашаць іх праблемы з’яўляецца адзінаю сапраўднаю прыемнасцю для таго, хто валодае багаццем». Словы ўдзячнасці былі скіраваныя і тым, хто адліваў званы, — вядомым ліцейшчыкам братам Крушэўскім з польскага Венгрoва.

Затым быў абвешчаны акт «Ad perpetuam rei memoriam» («На вечную памяць») — дакумент пра асвячэнне званоў, які ў спецыяльнай капсуле будзе замураваны ў званіцу для будучых пакаленняў. У акце адзначана, што былі асвечаныя тры званы — «Радзівіл» (як ушанаванне вялікага роду; важыць 150 кг), «святы Міхал» (на ўшанаванне арханёла Міхала; важыць 80 кг), «святы Юры» (на ўшанаванне св. Юрыя, апекуна касцёла і парафіі, а таксама як падзяка і ўспамін пра кс. Ежы Росека, шматгадовага руплівага пробашча; важыць 50 кг).

Пасля святой Імшы да прысутных звярнуўся князь Мацей Радзівіл, які падкрэсліў, што тутэйшыя мясціны асабліва блізкія яго сэрцу і яго сям’і. «Ад імя ўсёй нашай сям’і, якая тут прысутнічае, дазвольце падзякаваць перадусім за прыгожую малітву, за гэтую ўрачыстасць, — сказаў ён, — а таксама падзякаваць усім тым, хто паспрыяў, каб гэтыя званы з’явіліся. Хачу звярнуцца да вас, жыхары Паланэчкі. Нашыя продкі жылі сярод вашых продкаў. І хоць нашчадкі нашага роду не жывуць тут ужо больш за 70 гадоў, і хоць вельмі рэдка мы тут бываем, але для нас гэтая мясцовасць вельмі важная перадусім таму, што раней тут жылі 7 пакаленняў нашай сям’і. Ад самага пачатку XVIII стагоддзя нашы продкі маліліся ў гэтым касцёле, які і фундавалі. Тут наш родавы маёнтак, які ніколі не быў прададзены, і на гэта мусіла быць прычына, бо навакольныя маёнткі былі прададзеныя па некалькі разоў. Але і надалей памяць пра нашых продкаў жывая. І нават імёны гэтых званоў таксама згадваюць імёны Радзівілаў, нашых продкаў, — Міхал, Мацей… Няхай жа гэтыя званы клічуць на больш радасныя малітвы», — пажадаў Мацей Радзівіл.

Урачыстасць хутка скончылася. Госці і парафіяне ад’язджалі і разыходзіліся пад узнёслую мелодыю званоў «Радзівіла», «святога Міхала» і «святога Юрыя», якія нібы прасілі, каб іх чыстае гучанне мы захавалі ў сваіх сэрцах...

Падарункі прымаць заўсёды лёгка і прыемна, але мы павінны памятаць і пра ўдзячнасць. Мы запэўніваем у нашай удзячнасці, асабліва ў нашых малітвах. Кожнае біццё ўжо нашых званоў будзе нагадваць нам пра гэтую асаблівую нядзелю і пра тых дабрачынцаў, дзякуючы якім гэта сталася. Сёння мы можам сказаць толькі адно: Божа, благаславі іх і аддзяч!

Кс. Мацей Шмытоўскі SChr.
Фота Міколы Новікава.

{gallery}212-01{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней