Калі глядзіш у вялікія, як спелыя вішні, вочы пані Марыі, думаеш, колькі душы і сардэчнага цяпла ўкладаюць жанчыны ў сваё служэнне! Марыя Іосіфаўна Трапашка большую частку жыцця пражыла ў Вішнеўскім раёне. Яна выкладала беларускую мову, музыку і спевы ў Валожыне. У яе ёсць унукі і праўнукі. Вось што яна расказала.
«Калі час стаў больш спрыяльны для веры, мы пачалі спяваць з дзецьмі-сіротамі, я вучыла іх рэлігійным спевам. Два разы мы выступалі з канцэртам у Мінску на Залатой Горцы, у Чырвоным касцёле, бралі ўдзел у фестывалі „Магутны Божа” ў Магілёве. Маці калісьці прыводзіла мяне ў вішнеўскі касцёл да споведзі, але быў час, калі я думала, што можна верыць у душы і не хадзіць у касцёл. „Калі ты аддаляешся ад Касцёла, — гаворыць наш пробашч, — карані твае падсыхаюць”. Так, гэта было аддаленне. Праз 40 гадоў споведзь паўтарылася. Спавядаў мяне ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які падараваў мне малітоўнік „Голас душы”, выдадзены ў 1949 годзе ў Рыме. Ён стаў маёй настольнай кнігай, я над ім малілася, плакала, паказвала людзям. І песні там былі, мы спрабавалі іх спяваць. Сама я іграла на баяне, на фартэпіяна. Арганіст Міхась вучыў мяне, пасадзіўшы побач.
„У мяне слёзы падступаюць, калі вы спяваеце”, — прызнаваўся ксёндз Уладзіслаў. Ён быў яркаю натураю. Умеў ладзіць з людзьмі, шкадаваў іх, быў моцны, добры, памяркоўны.
Былога арганіста Міхала Бурачэўскага, сціплага інтэлігента сялянскага складу, таксама варта ўспамянуць добрым словам. Усе хораша спявалі, і арган гучаў заўсё-
ды — цудоўны арган ХVIII стагоддзя. Цяпер мы граем
на фісгармоніі, арган трэба аднавіць.
У нас ёсць маладая арганістка Таццяна Дубіцкая, таленавітая дзяўчына. Некаторыя песні людзі ўжо забылі, мы іх прыгадалі. Былі часы, калі было мала спеваў, і я памаленьку сама іх складала».
Пані Марыя склала зборнічак касцёльных спеваў на беларускай мове і прысвяціла яго ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму. «Ахвярны святар, руплівец на ніве беларушчыны, ён пераклаў на беларускую мову „Новы Запавет”, некалькі кнігаў Старога Запавету, „Жыццё святых”. Усе гэта з дазволу Апостальскай Сталіцы, — піша яна ў прадмове. — Будзем маліцца штодня на роднай мове, дадзенай Творцам. Будзем ахоўваць Яго бясцэнны святы дар, каб нашчадкі нашы зведалі радасць ад чысціні і велічнай прыгажосці роднага беларускага слова».
Эла Дзвінская.
Фота аўтара.