«Кася дала мне маленькі крыжык...»

У студзені 1945 года былі вызваленыя вязні канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц-Біркенаў. Дзень іх вызвалення — 27 студзеня — сёння шануецца ва ўсім свеце як Дзень памяці ахвяраў Халакосту. 

Асвенцім сёння — паўнавартасны горад з насельніцтвам 40 тысяч жыхароў. На месцы былога лагера «Аўшвіц-І» — музей, лагера смерці «Аўшвіц-ІІ» (Аўшвіц-Біркенаў) — руіны баракаў і рэшткі ўзарванага крэматорыя. Гэта тут закатавалі кармэлітку Эдыту Штайн і айца францішканіна Максімільяна Марыя Кольбэ...

Катэдральны касцёл у Асвенціме асвечаны сёння як касцёл святога Максімільяна. Штогод 27 студзеня — у гадавіну вызвалення вязняў канцлагера — тут распачынаецца жалобная Імша.

Падчас гаміліі святар узгадвае ахвяраў гітлераўскай машыны.


«Яны пілі і елі з бруднага посуду, але засталіся чыстымі, — гаворыць пробашч парафіі святога Максімільяна ксёндз Ян Новак. — Чыстымі не звонку, але чыстымі знутры. У салдатаў СС — катаў— было наадварот: зло выплывала знутры іх. Кожнаму чалавеку вельмі важна, маючы вольную волю, рабіць выбар на карысць Бога, бо той, хто выбірае Бога, пакідае зло па-за сабою…»

Пасля літургіі людзі накіроўваюцца ў былы Біркенаў, на жалобную цырымонію. У гэты дзень у Асвенціме заўсёды надзвычай марозна — слупок тэрмометра апускаецца да -20Со.

На цырымонію збіраецца вельмі шмат людзей. Ім не перашкаджае холад. У людскім тлуме чуваць польскую, нямецкую, ідыш, рускую, цыганскую мовы... Але перагаворваюцца паміж сабою зрэдку — сіверны вецер змушае мацней ухутвацца ў шалікі, расціраць ссінелыя ад холаду рукі.


Сярод людзей асабліва вылучаюцца пажылыя, з блакітна-белымі хустачкамі. Гэта былыя вязні лагера, якія дачакаліся вызвалення і насуперак усяму выжылі. Валанцёры клапоцяцца, каб кожны з гэтых сведкаў жахаў фашызму атрымаў кубачак гарбаты і цёплы плед.


Цырымонія пачынаецца з малітвы: сястра кармэлітка моліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці. Людзі трымаюць у руках знічы. 70-гадовую Люцыю просяць да мікрафона, і кожны з нас уважліва слухае гісторыю яе жыцця.


Нумар 15115: гісторыя дзяўчынкі Люсі

У польскай габрэйскай сям’і дзяўчынка Люся была адзіным доўгачаканым дзіцем. Яе тата трымаў невялічкую краму, над якою і жыла сям’я. Калі пачалася вайна, бацькі вырашылі адправіць дзяўчынку разам з цёткаю ў эміграцыю, але калона бежанцаў была перахопленая гітлераўцамі…

— З таго дня, калі мы высадзіліся ў Асвенціме, я яскрава памятаю чорныя боты эсэсаўцаў. Памятаю чорнае неба і невыносны пах. Мяне клікалі Люся, але пасля таго, як на маю руку паставілі нумар, я была ўжо не Люсяй, а тым нумарам. Нашае вызваленне я памятаю добра. Стаяў моцны мароз: -25 градусаў. Не ведаю, як я той мароз перажыла. Памятаю, што на наступны дзень да нас, галодных, схуднелых і змарнелых, прыходзілі мясцовыя людзі і забіралі да сябе. Памятаю, як у барак, дзе трымалі дзяцей, прыйшла дзяўчынка — яе звалі Кася. Яна паглядзела на мяне і спытала, ці я хацела б пайсці з ёю. Я падала ёй руку, і мы разам пайшлі да яе дамоў, у горад. Касі было 17, а мне — 6. Гэта дзяўчынка — як анёл, які павёў мяне і даў мне прытулак.

Калі мы прыйшлі, яе мама спытала: «Дзе ты была?». Кася адказала: «Хадзіла да лагера шукаць сястру і знайшла Люсю. Не хвалюйся, мама, яна будзе спаць у маім ложку і я буду дзяліцца з ёю сваёю ежаю». Кася дала мне маленькі крыжык і сказала, каб я малілася. Я спытала: «Калі я буду маліцца, ці вернецца мая мама?» Яна адказала: «Так, вернецца». 

Гэтак і адбылося. У сакавіку таго ж года мама пачала мяне шукаць. Яна чула, што некаторыя дзеці выжылі ў канцлагеры. Вядома, ёй толькі спачувалі: шукаць дзіця, якое трапіла ў канцлагер…Пазней яна гаварыла, што дакладна ведала, што я жывая. Пасля цяжкай дарогі мама прыехала ў Аўшвіц. У бюро Чырвонага Крыжа ёй паведамілі, што дачку ўзяла Кася Новак. Мама пайшла ў горад і хадзіла там ад дому да дому.

…Я ніколі не забудуся, як аднойчы адчыніліся дзверы і на парозе стаяла мая мама! Яна кінулася да мяне, абняла і пачала плакаць, прыціскаючы да грудзей. Пасля спытала ў мяне, ці памятаю я яе? «Вядома, мамачка, я памятаю, — пачала расказваць я. — Кожную дэтальку на тваёй кофтачцы, кожны раменьчык на тваёй сукенцы, кожную тваю зморшчынку на такім маладым яшчэ твары!» А пасля мы эмігравалі ў Ізраіль.

Сёння я ўжо 52 гады як замужам. У мяне трое дзяцей і дзесяць унукаў. Маці часта расказвала маю гісторыю ў нашай сям’і. Мае дзеці таксама чулі яе ад мамы. Я ж пра ўсё гэта не гаварыла. Не магла...»

Падрыхтаваў Ілля Лапато, Мінск — Асвенцім.

Цэтлікі: Сведчанні, Лёсы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней