Для каго прыйшоў Езус?

 «Цяжка ўявіць, што Бог можа выгнаць са свайго дому таго, хто Яго шукае, нават калі гэта вялікі грэшнік. Затое мы, вернікі, часта робім гэта ад Яго імя, кіруючыся сваёю пыхаю і проста нелюбоўю...»


Гэта было гадоў дзесяць таму. У вагончык, дзе тады маліліся вернікі адной з мінскіх праваслаўных парафій, зайшла дзяўчына ў кароткай спадніцы і без хусткі. Баязліва азіраючыся, яна не ведала, куды ёй прайсці і што рабіць. Раптам, нібы каршун, наляцела на яе пажылая жанчына і выпхнула дзяўчыну з вагончыка, злосна сказаўшы, што ў такім выглядзе нельга хадзіць у дом Божы. У гэтую ж ноч тая бабуля ўбачыла ў сне Божую Маці, якая са слязьмі на вачах сказала: «Дарагая Мая дачка, я пяць гадоў рыхтавала і вяла гэтую дзяўчыну да святыні, а ты за дзве хвіліны яе выгнала!». Жанчына, не знаходзячы сабе месца, паляцела на споведзь, аднак бацюшка сказаў, што дасць ёй разграшэнне толькі пасля таго, як дзяўчына зноў з’явіцца ў царкве. Вось і вымольвае кабета па сёняшні дзень тую дзяўчыну...

На вялікі жаль, такіх прыкладаў вельмі шмат не толькі ў царкве, але і ў касцёле. У людзей, якія становяцца актыўнымі парафіянамі, нярэдка ўзнікае спакуса адчуваць сябе галоўнымі, выбранымі і нават бязгрэшнымі.

Яны забываюцца пра тое, што адзіны гаспадар у святыні — Пан Бог, а Бог — гэта любоў, міласэрнасць, дабрыня, лагоднасць, доўгацярплівасць...

Цяжка ўявіць, што вось такі Бог можа выгнаць са свайго дому таго, хто Яго шукае, нават калі гэта вялікі грэшнік. Затое мы, вернікі, часта робім гэта ад Яго імя, кіруючыся сваёю пыхаю і проста нелюбоўю...

Аднойчы перад святою Імшою ў мінскі касцёл зайшоў няшчасны бяздомны мужчына. Ён укленчыў перад алтаром, выцягнуў рукі і, плачучы, нешта шаптаў. Не прайшло і пяці хвілінаў, як да яго прыбеглі мужчыны, у тым ліку дзяжурны і міністрант, і пачалі выганяць бедалагу з касцёла. Ім удалося зацягнуць яго да выхаду. Тут ён сеў на апошнюю лаўку і пачаў прасіцца: «Дазвольце мне тут пасядзець, я хачу памаліцца...». Аднак яму не дазволілі. Прыехала міліцыя, якую выклікалі дзяжурныя, і вывяла няшчаснага на вуліцу.

Пазней гэты бомж зноў з’явіўся ў гэтым жа касцёле. Па іроніі лёсу, а я ўпэўнена, што гэта быў Провід Божы, ён прыйшоў менавіта ў той дзень, калі ўдзельнікі адной з каталіцкіх супольнасцяў маліліся аб вызваленні людзей ад алкагольнай і іншых залежнасцяў. На каленях адаравалі крыж, але як толькі з’явіўся няшчасны чалавек, які мае гэтую залежнасць, яго ў імгненне вока выгналі з касцёла...

Ніхто лепш за Езуса не пракаментуе такую сітуацію: «Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучайцеся, што значыць „міласэрнасці хачу, а не ахвяры“. Бо Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, а грэшнікаў» (пар. Мц 9, 12–13).

На жаль, мы, сучасныя «праведнікі», пра гэта вельмі часта забываемся, але захапляемся гераічным служэннем благаслаўлёнай маці Тэрэзы з Калькуты. Мы спачуваем беднаму Лазару з Евангелля, якому сабакі залізвалі гнойныя раны. Аднак няма гарантыі, што вось так жа не выгналі б і яго з касцёла за тое, што ад яго ідзе непрыемны пах. Бедны Лазар, як вядома, пасля смерці адразу ж трапіў у Неба, нягледзячы на свой непрывабны знешні выгляд. А багач, які ім пагарджаў, пайшоў у пекла. «І вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі» (Лк 13, 22–30).

У жніўні 2007 года мне пашчасціла быць у Росі, дзе святой памяці айцец Руфус Перэйра праводзіў рэкалекцыі. Хочацца ўзгадаць гісторыю, якую ён тады расказаў. Аднойчы яго запрасілі ў сям’ю памаліцца над хворым на праказу сынам. Памятаючы пра бяспеку, а. Руфус спыніўся на пэўнай адлегласці ад хворага і пачаў маліцца. Раптам ён пачуў голас Езуса: «А што б Я зрабіў на тваім месцы?». Айцец Руфус папрасіў прабачэння ў Хрыста і зрабіў так, як рабіў Езус, прыходзячы да хворых. Ён падышоў да пракажонага, са шчырай усмешкай прывітаў яго, паклаў сваю руку на яго руку і пачаў размаўляць. Паступова малады чалавек стаў раскрываць перад святаром сваю душу. Аказалася, што ўся сям’я ўцягнута ў акультныя практыкі, а хлопец пакутуе яшчэ і ад таго, што заўсёды адчуваў сябе ізгоем сярод сваіх блізкіх. Пасля малітвы а. Руфуса ён на працягу тыдня паправіўся. Пазней прыязджаў да свайго выратавальніка на рэкалекцыі, дзе выступаў са сваім сведчаннем. З часам стаў вялікім прапаведнікам.

Успамінаецца таксама гісторыя з бяздомным маладым чалавекам (назавём яго Аляксеем), які некалькі гадоў таму часта стаяў у бабінцы мінскай катэдры, бывала, што і нецвярозы. Некаторыя парафіяне дапамагалі яму і адзеннем, і ежай. А потым міласэрная пані Тэрэза Пятруцік, якая сама жыве ў беднасці, пусціла Аляксея пажыць да сябе ў хату. Хлопец мяняўся на вачах. Ён стаў часта бываць на святой Імшы, пачаў прыступаць да святых сакрамэнтаў. У касцёле ён пазнаёміўся з дзяўчынай з вельмі пабожнай сям’і, ажаніўся і ўжо мае дзіця. Вось так сапраўдная любоў ратуе душы.

Любоў — галоўная цнота хрысціяніна. Пра гэта шмат гаворыцца ў Новым Запавеце. Вось толькі адзін фрагмент: «І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто» (пар. 1Кар 13, 2).

Напрыканцы хочацца расказаць пра ўнікальны выпадак, які мог бы трапіць у кнігу рэкордаў. У 2006 годзе наш часопіс надрукаваў матэрыял «Куды ісці самотнай маці?». Размова ў ім ішла пра дзяўчыну-сірату, якая з дзіцячага дому трапіла на трасу, каб гандляваць сабою. Зацяжарыла, нарадзіла хлопчыка. Не хацела пакідаць яго ў шпіталі, але не мела сродкаў на існаванне, бо нават прапіскі ў яе не было. Дактары з абласнога раддому патэлефанавалі ў нашу рэдакцыю. Амаль паўгода мы займаліся гэтай праблемай, пісалі ва ўсе інстанцыі. Дабіліся для яе прапіскі, але жыллё сіраце ніхто не збіраўся даваць. І тады здарыўся цуд. Знайшоўся чалавек, які аддаў сваю толькі што атрыманую кватэру ў Мінску, дзе была ўжо новая мэбля, гэтай сіраце з дзіцём. Сам паехаў жыць да бацькоў у Азярышча, што пад Мінскам. Завуць гэтага чалавека Андрэй Раманавіч Неўгін. Ён інвалід з дзяцінства (ДЦП), сёння яму ўжо 50 гадоў. Гэты неверагодна міласэрны чалавек замяніў Алесі і бацьку, і маці, а для яе дзяцей, якіх у яе ўжо двое, — дзядулю. Яму бывае вельмі няпроста, бо цяжкі сірочы лёс адбіўся на характары Алесі, але ён усё разумее, шкадуе яе і вельмі любіць яе дзяцей.
Трэба бачыць, як яны яго любяць! Алеся ў нашай размове неяк сказала: «Такіх людзей, як Андрэй Раманавіч, напэўна, больш няма. Для мяне ён — выратавальнік. Я веру, што гэта Пан Бог паслаў нам яго на дапамогу...».


Як тут не ўспомніць словы Езуса Хрыста з Яго Казання на гары: «Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах»! (пар. Мц 5, 16). І, вядома ж, гора тым, праз чые ўчынкі і паводзіны людзі адыходзяць ад Бога.


Галіна Горская

Фота Веранікі Скрабатун

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней