Дзякуем за давер да Бога

Прысвячаецца Ірыне Жарнасек

На вуснах пілігрыма пыл
І смак зямлі,
што роднаю завецца.
Салёны смак і горычы яе,
Ды слодыч соку,
Што вясной з бяроз ліецца,
Нібыта слёзы тых, хто любіць — тым жыве.
І прыняла ўсё,
што стужкаю віецца,
у вершатворах думкай мкне,
І што, як сок бярозы, ціха б’ецца,
Да сэрца чытача сасмяглага спадзе.


Пра тое, як можна і трэба пазнаёміцца з Ірынай Францаўнай (гісторыя аднаго ўласнага досведу).

Ірына Францаўна Жарнасек. Упершыню я пачула і ўбачыла яе на ўласныя вочы ў пілігрымцы ў Росіцу, а сэрцам уласным адчула значна раней: гэта было ў старэйшых класах сярэдняй школы, калі я чытала кнігу «Будзь воля Твая».

Завочна з ёю кожны можа пазнаёміцца, гартаючы дзіцячы часопіс «Маленькі рыцар Беззаганнай», а таксама сустракаючы на сваім шляху святара, імя якому Аляксандр Жарнасек. І ў часопісе, і ў святару адлюстроўваюцца матчына любоў і душа.

Гэта толькі некалькі спосабаў з мноства, але менавіта такімі ўдалося скарыстацца мне. У кожнага можа быць свая гісторыя знаёмства, але ў любым выпадку таму, хто не знаёмы, раю пазнаёміць сваю душу з душой гэтай пісьменніцы. Не пашкадуеце!

...Кожны чалавек, у якога ўзнікаюць трапяткія пачуцці, як толькі ўзгадваецца назва адной з паўночных кропак Беларусі — Росіца, хутчэй за ўсё, з’яўляецца пілігрымам у тую мясцовасць, і, хутчэй за ўсё, тым, хто трымаў і ўважліва прачытаў кнігу Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая».

Не раз даводзілася бачыць, ідучы пілігрымкай Барысаў–Росіца, як у заплечніку многіх маладых і не вельмі маладых людзей, у вокладцы і без вокладкі, вандруе, ідзе да Росіцы, а хутчэй, нясецца і перажываецца кніга з вельмі важным надпісам-назвай «Будзь воля Твая». Гісторыя двух святароў, айцоў марыянаў, якія дагэтуль паказваюць нам, як трэба любіць. Любіць Бога, Радзіму і тых людзей, з якімі ідзеш пілігрымкаю свайго жыцця.

Ірына Францаўна, дзякую ад імя ўсіх тых беларусаў, і не толькі беларусаў, якім Вашая кніга дапамагае наблізіць да сэрца Росіцу, таямніцу любові і ахвяры.

Росіца вучыць любіць.
Росіцу трэба адкрыць,
сэрцу, што выбірае,
сэрцу, што часам губляе
Веру, надзею, любоў.
Росіца кліча сыноў.

Калі трапляеш на росіцкую зямлю, а туды цягне не толькі на ўрачыстасці, якія бываюць двойчы на год, улетку і ўзімку, то потым туды цягне часцей.

Калі стаіш у халодным касцёле зімою, стаіш на каленях улетку ў цішыні перад алтаром са сваімі лепшымі сябрамі і пачынаеш шаптаць запаветныя словы душы, заплюшчваеш вочы… і адразу паўстаюць перад вачыма тыя людзі, якія зведалі люты зімовы холад, зведалі мярзотнасць катаў падчас карных аперацый, але не перасталі любіць… Гэтыя вобразы ўявіліся тады, калі першы раз чыталася «Будзь воля Твая», і сталі жывымі разам з гісторыяй нашага народа.

Дзякуем Богу за тое, што Ён прамаўляе да нас праз Ірыну Францаўну Жарнасек, а Ірыне Францаўне дзякуем за давер да Бога і адкрытасць на Яго голас і волю.

Аксана Ючкавіч

Цэтлікі: Юбілеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней