Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Першая наша сустрэча ў гэтым годзе мае падзячны характар. Як ніколі шмат у нашай пошце лістоў-падзякаў, лістоў-віншаванняў, у якіх вы расказваеце пра сваіх любімых святароў. Праўда, да тых датаў, з якімі вы хацелі іх павіншаваць, лісты безнадзей-на спазніліся. Калі вы толькі браліся за пяро, часопіс ужо знаходзіўся ў друкарні. Але ж вы, вядома, павіншавалі сваіх святароў асабіста і з Божым Нараджэннем, і з імянінамі, і з іх уласным днём нараджэння. Вам хацелася, каб усе чытачы часопіса даведаліся пра людзей, якіх вы так любіце і шануеце. Дык яны і даведаюцца, бо каб сказаць пра чалавека добрае слова, зусім не абавязкова патрэбна святочная дата. Патрэбны толькі любоў і ўдзячнасць, а з гэтым якраз усё ў парадку.

Вернікі з парафіі Маці  Божай Шкаплернай (г. Мядзель) напісалі пра свайго ксяндза Паўла Леліта: «Айцец Павел працуе ў нашай парафіі нядаўна, крыху больш за чатыры гады. Але зменаў адбылося шмат. Каля касцёла паўстаў прыгожы і велічны крыж, таксама і на выездзе з горада пастаўлены крыж. Шмат чаго зроблена па аднаўленні Кальварыі — заменены старыя крыжы, а іх 19, пабудавана спецыяльная пляцоўка, дзе ў пэўны час цэлебруецца святая Імша. У касцёле адноўлены інтэр’ер, набыта касцёльнае начынне. Шмат сілаў наш пробашч аддаў і цяпер аддае будаўніцтву новага парафіяльнага дома. Вядома, будаўніцтва справа нялёгкая, бо парафія невялікая, а будоўля патрабуе значных фінансавых укладанняў. Але з Божай дапамогай знаходзяцца дабрачынцы, якія дапамагаюць матэрыяльна, падтрымліваюць малітоўна. Мы ганарымся, што ў нас такі святар. У яго шмат душэўнай дабрыні, мудрасці, шчырасці. У яго мы вучымся любові да ўсіх і ўсяго, вучымся быць дзецьмі Божымі. Нізкі паклон вам, паважаны айцец Павел, за нястомную працу на ніве Божай, за духоўную апеку, за шчырую малітву, цярплівасць, дабрыню і разуменне».

Парафіяне з вёскі Павяцце Мёрскага раёна выказваюць сваю ўдзячнасць ксяндзу Леаніду Мозгелю. Вось іх пажаданні: «Жадаем яму моцнага здароўя, неабходных Божых ласкаў, апекі Маці Божай. Роўных яму Божых сцежак на святарскім шляху. Дзякуем за тое, што ён ёсць у нас, нясе Божае слова, святло, надзею ў нашыя хаты, а мы заўсёды будзем маліцца за яго».

Ванда Іосіфаўна Дзенісенка з Жыткавічаў разважае ў сваім лісце пра ролю святароў у жыцці людзей: «Сустрэча з Богам непазбежная. Нашае зямное жыццё абавязкова калі-небудзь скончыцца. Каб сустрэцца з Панам Богам у вечнасці, мы павінны рыхтаваць сёння сваю душу, а гэта магчыма толькі праз веру. Каб паглыбіць нашу веру, нам патрэбны святары, асабліва там, дзе доўгі час не было касцёлаў. Нашы святары прыводзяць нас да разумення слова Божага. Без Касцёла, без святара людзям цяжка пазнаць таямніцы Божыя. Таму сёння вернікі выказваюць вялікую падзяку Пану Богу за тое, што Ён пасылае нам такіх шчырых і самаадданых святароў. Сёння, калі я пішу вам гэты ліст, я малюся за нашых святароў, а асабліва за ксяндза Вінцэнта Сеўрука з нараўлянскага касцёла, які доўгі час наведвае нашых вернікаў у Ельску, дзе пакуль няма касцёла. На працягу пяці гадоў ён пастаянна прыязджае на святую Імшу. Ксёндз Вінцэнт не шкадуе сілы і здароўя, змагаецца за парафію і адраджэнне веры ў гэтым краі. Няхай Пан Бог дапамагае яму і вернікам у стварэнні святыні».

Наступны ліст прыйшоў да нас з пасёлка Мар’іна Горка Пухавіцкага раёна. Хочацца адзначыць, што гэтым разам геаграфія вашых падзячных лістоў вельмі шырокая — Міншчына, Віцебшчына, Гомельшчына... Але даем слова парафіянам касцёла святога Антонія, што ў Мар’інай Горцы: «Ксёндз Уладзіслаў Лазар — цудоўны чалавек. Толькі такія людзі і могуць ісці па шляху святарства. Кожнага, хто да яго звяртаецца, сустрэне з усмешкай, якая выклікае прыхільнасць і давер. Людзі яго вельмі паважаюць. Улады раёна таксама паважаюць ксяндза Уладзіслава, лічацца з ім, а калі ўзнікае пільная патрэба, то і дапамогуць. Узведзена наша святыня была на падмурку гарадской электрастанцыі. Будынак да прыходу ксяндза Уладзіслава не быў добраўпарадкаваны, і яму прыйшлося вельмі шмат папрацаваць, каб надаць святыні належны выгляд. Сёння і памяшканне касцёла і цвінтар добра выглядаюць дзякуючы працавітасці самога ксяндза. Нават кветнік каля крыжа Пана Езуса ён сам прыгожа аформіў! Касцёл святога Антонія ператварыўся ў сапраўдны духоўны цэнтр усяго раёна. Мы, парафіяне, вельмі ўдзячныя нашаму шаноўнаму ксяндзу і шчыра просім Бога падараваць яму добрае здароўе і доўгае служэнне ў нашай парафіі. Дзякуем за тое, што ён з’яўляецца нам прыкладам у малітве, дапамагае нам жыць дарамі Духа Святога, выступае надзейным настаўнікам у навучанні праўдзе Евангелля. Добры Божа, апякуйся ім, благаславі і асвяці яго зямны шлях сваёй ласкай, а мы будзем пастаянна аказваць яму малітоўную падтрымку».

Ёсць у нашай пошце і іншыя лісты. Станіслаў Антонавіч Шыманоўскі са Слуцка, як заўсёды, адгукнуўся на нашы публікацыі. Такія водгукі нам вельмі патрэбныя, бо яны сведчаць пра тое, што вы ўважліва і неабыякава чытаеце ўсё, што з’яўляецца на нашых старонках. Бабуля Лёдзя з Воранаўскага раёна, якая не напісала свайго прозвішча, даслала балючы водгук на адзін з раней апублікаваных у часопісе лістоў.

Часлава Тамашэўская з Наваполацка звярнулася ў сваім допісе да вельмі важнай тэмы. Вось што яна піша: «Тэма, да якой я звяртаюся, заўсёды застаецца адкрытай. Гэта — жыццё састарэлых і інвалідаў, ад якіх адмовіліся дзеці. Пасяляюць іх у дамы-інтэрнаты, дзе вельмі цяжка прывыкаць да чужых людзей. Яны чакаюць сваіх родных, а найбольш святароў, якія прыходзяць у палаты паспавядаць, удзяліць святую Камунію…»

Ілона Арцюхова з вёскі Нарач даслала нам свой верш, у якім ёсць такія радкі:

У хвіліны адчаю,
як скруха на горле
Халодныя рукі сцісне,
Усе мы у думках імкнемся
да Бога –
Ён літасцю нас не міне.

Цалкам верш апублікаваць мы не можам, над ім яшчэ варта папрацаваць.

Ёсць у нашай пошце і такія лісты, якія са слушных прычынаў мы працытаваць не можам. Іх аўтары атрымаюць адказ па пошце.

Дзякуем усім, хто нам напісаў, і чакаем вашых новых допісаў.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.

Вера Галубовіч

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней