Памёр Прымас Польшчы на пенсіі кардынал Юзаф Глемп

23 студзеня 2013 г. ў шпіталі ў Варшаве адышоў у вечнасць кардынал Юзаф Глемп, Прымас Польшчы на пенсіі. 83-гадовы іерарх не дажыў некалькі дзён да 30-годдзя надання яму кардынальскай годнасці.

Пахаванне спачылага адбылося ў архікатэдральным касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве 28 студзеня.

Юзаф Глемп нарадзіўся 18 снежня 1929 г. у Інавроцлаве. Вывучаў філасофію ў духоўнай семінарыі ў Гнезне, затым тэалогію ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Познані. Святарскае пасвячэнне прыняў 25 мая 1956 г. у Гнезне. У 1956 годзе распачаў працу як катэхет і выхаваўца невылечна хворых дзяцей. Вучыўся ў Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме.

4 сакавіка 1979 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў кс. Юзафа Глемпа біскупам Вармінскай дыяцэзіі. 7 ліпеня 1981 г. іерарх стаў арцыбіскупам Мітрапалітам Варшаўскім і Гнезненскім.

6 снежня 2006 г. з прычыны дасягнення іерархам пенсійнага ўзросту папа Бэнэдыкт XVI прыняў яго прашэнне аб адыходзе з пасады мітрапаліта. З 7 студзеня да 1 красавіка 2007 г. кардынал Глемп з’яўляўся Апостальскім Адміністратарам Варшаўскай архідыяцэзіі.

5–7 верасня 1988 г. па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта кардынал Юзаф Глемп наведаў Беларусь: Гродна, Ліду, Навагрудак, Мінск, Нясвіж, Пінск і Брэст. У той час кардынал рашуча заступіўся за беларускіх католікаў, кажучы дзяржаўным уладам, што Касцёл у Беларусі павінен мець сваю іерархію і магчымасць рыхтаваць сваіх святароў. І сапраўды, пасля візіту іерарха становішча Касцёла ў Беларусі пачало паляпшацца. Так, 25 ліпеня 1989 года Святы Айцец прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі. 28 жніўня 1990 года біскуп Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў аб заснаванні Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. 13 красавіка 1991 года былі ўтвораны новыя дыяцэзіі і прызначаны чарговыя біскупы.

27 студзеня ў мінскай архікатэдры мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў дзве святыя Імшы — па-польску і беларуску — за святой памяці кардынала Юзафа Глемпа, Прымаса Польшчы на пенсіі.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пра заслугі кардынала Глемпа перад Беларуссю. «Кардынал Глемп зрабіў першы крок у адраджэнні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, за што сёння мы асабліва яму ўдзячныя», — сказаў арцыпастыр, падкрэсліўшы, што гэтую ўдзячнасць мы цяпер прагнем выказаць праз палымяную малітву.

Паводле catholic.by

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней