Яны — наша будучыня

У мінулым нумары нашага часопіса мы гаварылі пра выхаванцаў Друйскага дзіцячага дома, пра тое, якім клопатам атуляюць іх сёстры эўхарысткі. І скончылася наша гаворка на тым, ці можам і мы, звычайныя людзі, вернікі, прымаць хоць бы нейкі ўдзел у жыцці дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай любові і клопату.


Што мы можам зрабіць?

Найперш, відаць, варта ўсур’ёз вызначыцца, ці сапраўды гэтая праблема кранае нас. Бо рэальна дапамагчы нейкаму чалавеку мы зможам толькі тады, калі ягоны боль стане нашым болем.  Няшчырасці, фальшу, крыўдаў на долю гэтых дзяцей ужо хапіла з лішкам, і яны вельмі востра адчуваюць менавіта фальш.

А дапамагаць гэтым дзецям можна па­-рознаму. Хтосьці, напрыклад, пажадае дапамагчы матэрыяльна і тым самым стане спонсарам нейкай цікавай экскурсіі для выхаванцаў. Хтосьці возьме выхаванца дзіцячага дома ў сваю сям’ю на выходныя дні, каб дзіця хоць бы два дні пабыло ў атмасферы сям’і. Для іх гэта так важна — убачыць звычайнае жыццё ў сем’ях, дзе няма сварак, насілля, п’янкі, бо міне яшчэ некалькі гадоў, і гэтыя дзеці, стаўшы дарослымі, самі будуць ствараць сем’і. А якімі будуць тыя сем’і, залежыць у многім ад таго, ці пабачаць, ці адчуюць гэтыя дзеці ўжо цяпер смак сямейнага цяпла, утульнасці дома, узаемнай радасці, бо, магчыма, у кагосьці з іх пасля таго, як пабудуць яны ў добрых сем’ях і пабачаць, што, аказваецца, можна жыць і не біцца, не сварыцца, не заліваць кожную новую праблему новай порцыяй гарэлкі, узнікне простае жаданне: «Я таксама хачу мець такую сям’ю». Не абавязкова, вядома, што ўсе яны потым створаць добрыя сем’і. Не, гарантый няма. Але хоць маленькая драбнічка надзеі можа ўсё ж пасяліцца ў сэрцы дзіцяці. Хоць бы маленькая драбніца…

Шмат карыснага можна зрабіць для будучыні гэтых дзяцей ужо цяпер. Ды толькі што б мы ні спрабавалі рабіць, калі ва ўсім гэтым не будзе прысутнічаць Бог, гэта будзе проста добрай справай. Калі ж мы звернем свае сэрцы да іх як хрысціяне, то гэтыя нашыя стасункі набудуць зусім іншы, евангелічны сэнс.

«Расці для славы Божай»

Гэтыя словы я мімаходзь пачула ад Росціка, выхаванца дзіцячага дома, калі мінулым разам ужо збіралася ад’язджаць з Друі. Ён выпаліў іх пробашчу друйскай парафіі, Сяргею Сурыновічу, і патлумачыў тым самым значэнне свайго імя.

Росцік і раней часам заходзіў у касцёл. Потым цікавасць ягоная прыгасла, а вось цяпер ён казаў пра тое, што хоча прыняць хрост. Заселі ў маёй памяці гэтыя хлопцавы словы, ягоная гарэзлівая ўсмешка. Ехала тады паначы дахаты і думала пра тое, каб жа ўдалося сёстрам падтрымаць гэтае ягонае жаданне — расці для славы Божай. І так не хацелася, каб пагас агеньчык жывой зацікаўленасці ў вачах гэтага хлапчаняці…

 

А праз пару тыдняў сястра Наталля Арлянковіч патэлефанавала мне і паведаміла, што Росцік прыняў хрост! Яна даслала мне здымкі з гэтай цудоўнай падзеі ў жыцці хлопчыка. Глядзела я на тыя здымкі, і мяне адразу зацікавілі два дарослыя чалавекі побач з Росцікам, бо зразумела, што яны побач з ім зусім не выпадкова.

Хросны бацька

Арцём Старавойтаў. Жыве і працуе ў Віцебску. Па адукацыі — псіхолаг. Пра выхаванцаў Друйскага дзіцячага дома пачуў ад сястры Наталлі, бо разам з ёй вучыўся ва Універсітэце павышэння кваліфікацыі, бачыў, як шчыравала яна, колькі сэрца ўкладвала ў напісанне працы пра выхаванцаў. Гэтая ціка­васць была такая вялікая, што аднойчы ён пажадаў прыехаць у Друю, каб на свае вочы пабачыць тутэйшае жыццё ды пабыць у дзіцячым доме. Тады і пазнаёміўся з Росцікам. Тое знаёмства стала пачаткам іх сяброўства.

Таму, калі Росцік рыхтаваўся да прыняцця хросту, ён сказаў, што хоча, каб хросным бацькам быў ягоны новы сябар. Хіба магчыма адмовіць такой просьбе? Дык прыехаў віцябчанін за няблізкі свет у Друю і разам з Росцікам раздзяліў гэтую вялікую радасць хлопчыка.

На гэтым іх адносіны не скончыліся, а сталі пачаткам больш глыбокага, сур’ёзнага сяброўства дарослага чалавека і хлопчыка. Прыкладна раз на месяц хросны бацька стараецца прыязджаць да свайго хрэсніка, раз на тыдзень тэлефануе яму. Не, ён не робіць яму невядома якіх дарагіх у грашовым вымярэнні падарункаў, бо як педагог разумее, што для гэтага хлопчыка найкаштоўнейшым з’яўляецца людская ўвага.  У дзень хросту Арцём падараваў хлопчыку кнігу «З чаго створана Зямля», і ўжо праз тыдзень Росцік па тэлефоне расказваў свайму хроснаму пра тое, як узнікаюць і з чаго створаны горы…

У наступны раз сябар з Віцебска прывёз хлопчыку набор пазлаў, бо ўбачыў, што яму трэба трэніраваць пальцы рук. Да таго ж, складванне карцінкі з пазлаў вучыць дзіця ўважлівасці, настойлівасці. Іншым разам хросны бацька прывёз агульны сшытак і самапіску ды заахвоціў хрэсніка весці дзённік, каб не забываць вельмі хутка, што ён перажывае дзень за днём, каб яны разам маглі потым абмеркаваць перажытае…

Хросная маці

Жанна Чаславаўна Букоўская. Яна працуе выхавальніцай у дзіцячым доме. Росцік таксама пажадаў, каб менавіта яна стала ягонаю хроснаю маці, бо яны сустракаюцца штодня, і жыццё хлопчыка праходзіць на яе вачах. А ўжо тое, што ён выбраў менавіта яе, а значыць і даверыўся ёй, гаворыць пра многае.

Мы пазнаёміліся з Жаннай Чаславаўнай у Росіцы, на восень­скім свяце. Якім жа было маё здзіўленне, калі там на Імшы раптам падбег да мяне Росцік, каб перадаць знак спакою. «Адкуль ты?» — запытала ў яго. — «А мы тут разам прыехалі!» — махнуў рукой убок, дзе стаялі і ўсміхаліся мне здаля сястра Наталля і яшчэ адна жанчына. Пасля Імшы мы крыху паразмаўлялі. Я адразу пазнала ў гэтай жанчыне Росцікаву хросную, якую нядаўна бачыла на фотаздымку. А Росцік быў яшчэ і з сябрам Сяргеем, таксама выхаванцам дзіцячага дома.

 

— Падабаецца вам тут? — папытала я ў хлапцоў.
— Вельмі! — выдыхнулі яны ў адзін голас.

Дык можам мы штосьці для іх зрабіць?

Можам! Калі толькі не будзем доўга прыкідваць ды маракаваць, а ці дапаможа гэта, а можа, гэта й не так патрэбна, бо вось жа дзяржава клапоціцца… Ніводная, нават найлепшая і найбагацейшая дзяржава, не заменіць чалавеку іншага чалавека, не дасць яму цяпла, так патрэбнага кожнаму з нас. А ўжо тое, ці можам мы канкрэтна штосьці для іх зрабіць, няхай вырашае кожны сам. Па меры сваёй магчымасці ды па дабрыні свайго сэрца. Я ж проста дзякую Пану Богу за тое, што і Росцік, і ягоны сябар Сяргей знайшлі дарогу ў Касцёл. І зрабілі яны гэта з дапамогаю неабыякавых да іх лёсу людзей. Як, зрэшты, і многія іншыя выхаванцы Друйскага дзіцячага дома…

 


Ірына Жарнасек.
Фота з уласнага альбома
с. Наталлі Арлянковіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней