ТАКІЯ ВАЖНЫЯ СУСТРЭЧЫ

Гэткі ўжо ёсць чалавек: ён баіцца болю, цярпенняў, звязаных з ім, баіцца хваробаў і ўсяго, што можа прынесці боль. Мы абараняемся ад таго, што можа прычыніць нам непрыемнасць. Часта мы баімся не толькі ўласнага, але і болю іншых людзей. Чаму? Ці толькі таму, што шчыра спачуваем тым, каго напаткала выпрабаванне?


Чаму вы прыйшлі да нас?

Мая сяброўка распавядала неяк такую гісторыю. Сям’ю яе знаёмых напаткала бяда. Да таго, як гэта здарылася, яны не былі сябрамі. Проста жылі ў адным горадзе і зрэдку выпадкова сустракаліся на ягоных вуліцах ці ў крамах. Упершыню мая сяброўка пераступіла парог кватэры сваіх знаёмых пасля таго, як у іх здарылася трагедыя са старэйшай дачкой. Тады яна і прыйшла, каб запытаць, чым можа дапамагчы.

За жыццё дзяўчынкі добрасумленна змагаліся дактары. Мая сяброўка не была ні доктарам, ні нават медсястрой. У яе зусім іншая прафесія. І ўсё ж яна пайшла да іх, каб запытаць, чым яна можа дапамагчы? Так нарадзіліся іх добрыя, даверлівыя адносіны. Але праз нейкі час у маёй сяброўкі ўсё ж запыталіся, чаму яна прыйшла да іх? Маўляў, сама яна не церпіць няшчасця, яе не напаткала падобная трагедыя, дык чаму прыйшла?

Мая сяброўка разгубілася і нават не знайшла што адказаць. Зрэшты, яна і мне не магла гэтага растлумачыць. Проста пайшла, бо ведала, што людзям цяжка. Проста малілася за іх, бо хрысціянка. Проста не змагла не пайсці...

Я таксама не ведаю, чаму, але мне часта прыгадваецца гэтая гісторыя. Магчыма таму, што мне бачыцца ў пытанні чалавека, які перажывае трагедыю, штосьці значна большае, чым звычайная цікаўнасць. Думаецца, што людзям, якія сустракаюцца з бядою, трагедыяй, адначасна даводзіцца перажываць яшчэ і дадатковы боль, які ім прыносім мы, жывучы побач. Боль ад нашай непрысутнасці, няўдзелу ў тым, што перажываюць яны, боль ад нашай абыякавасці, ад такога зручнага, хоць часта і нявымаўленага ўголас «мая хата з краю».

«Не тут кажучы...»

Гэтае выслоўе, калі мы гаворым пра нейкія беды, няшчасці, хваробы, можна пачуць часта. «Не тут кажучы», «не пра нас кажучы», «не ў гэтай хаце кажучы». Усялякім коштам мы імкнемся абараніцца ад бяды.

А тым часам, яна, гэтая бяда, ужо з кімсьці здарылася: з суседам, знаёмым, які жыве за колькі кіламетраў, з блізкім альбо далёкім сваяком, сябрам... І ад гэтага нікуды не дзенешся. Не адгародзішся, не адмахнешся...
І цяпер, сустрэўшыся з гэтым твар у твар, людзі даведаюцца штосьці новае пра свае адносіны. Адны з тых, што здаваліся ім блізкімі, стануць раптам далёкімі. Незалежна ад кіламетраў. Другія, сустрэўшыся на вуліцы, будуць чамусьці вельмі спяшацца.

Многія з іх пабожна ўздыхнуць: «Ратуй, Божа, ад такога!» Знойдуцца і такія, што пачнуць успамінаць, як тыя, з кім здарылася бяда, жылі раней, пачнуць шукаць прычыну. І ў гэтым таксама будзе падсвядомае імкненне заспакоіць саміх сябе: маўляў, я ж не рабіў таго і таго...

Але знойдуцца і такія, што проста запытаюць: «Чым я змагу вам дапамагчы?» І раптоўна ўсё стане на свае месцы, і будзе зразумела, хто — сябар, хто — бліжні, а хто — далёкі, нягледзячы, можа, на тое, што ён жыве праз вуліцу альбо ў суседняй кватэры.

Усё як у евангельскай прыпавесці пра вандроўніка з Ерузалема ў Ерыхон. Вандроўнік, відаць, не выпадкова (бо ў Евангеллі нічога няма выпадковага) ішоў з Ерузалема ў Ерыхон. Ерузалем — месца Божай прысутнасці. Ерыхон — грэшны свецкі горад, у якім зазвычай шыкавалі багацеі. Чаму наш вандроўнік ішоў туды? Магчыма, згубіў кірунак свайго шляху. Яго сустрэлі бандыты, абрабавалі, пабілі настолькі моцна, што ён паміраў на дарозе. І памёр бы, калі б па той жа дарозе не праходзілі іншыя людзі. Пабожныя святары, фарысеі, такія правільныя ў сваёй пабожнасці, што, як сказаў бы наш Караткевіч, ажно мухі ад суму дохнуць. Яны былі так моцна занятыя «Божымі справамі», што не палічылі магчымым схіліцца над чалавекам, які паміраў на дарозе. Ды вось з’явіўся на дарозе самаранін, які не ўмеў прыгожа разважаць аб важных рэчах, але затое меў добрае сэрца, якое не дазволіла яму прайсці абыякава каля чужой бяды...

Вось і думаць нам пасля гэтае гісторыі, хто наш бліжні і для каго бліжнімі з’яўляемся мы самі. І разважаць таксама пра тое, хто мы на дарозе жыцця: пабожныя фарысеі, не здольныя схіліцца над чалавекам у бядзе, альбо сам бедачына, які, заблукаўшы, апынуўся ў пыле ды брудзе, альбо самаранін, якога Езус назваў бліжнім?

Ён назваў яго бліжнім. І гэтым усё сказаў пра яго.


Хворыя нам дапамагаюць

У нашым невялім горадзе жыве чалавек, які, сам таго не ведаючы, дапамагае жыць мне. Чалавек гэты амаль 20 гадоў таму трапіў у дарожную аварыю, перанёс шмат складаных аперацый і пасля бальнічных палатаў апынуўся зноў у сваёй невялікай кватэры на трэцім паверсе. Толькі цяпер без жонкі і сына. Яны выехалі жыць у іншы горад. Цяпер ён жыў з маці, і гэта быў самы шчаслівы час пасля аварыі. Потым маці цяжка захварэла і памерла. Ён застаўся адзін.

За гэтыя гады шмат што змянілася ў нашым жыцці. Мой знаёмы асвоіў камп’ютар, лежачы на сваім ложку. Усё ягонае жыццё цяпер працякае на ложку. На ім ён снедае з дапамогай сядзелак, якіх утрымлівае са сваёй пенсіі. Потым з іх дапамогай робіць зарадку, уключае камп’ютар... Увесь ягоны дзень распісаны, ён жыве па суровым графіку. Ён спажывае простую ежу, у якой няма месца печыву, маянэзам, соўсам ды розным прысмакам. Спіртному — таксама.

З ім вельмі цікава размаўляць пра ўсё, што адбываецца ў свеце. Ён усё ведае з тэлевізара ды з электронных выданняў, бо звычайныя папяровыя яму цяжка трымаць у руках...

Чым карысныя для яго мы, ягоныя старыя знаёмыя і сябры, якія засталіся побач, нягледзячы на ўсё, што з ім здарылася, ды новыя, накшталт мяне і маіх сяброў, што з’явіліся, пачуўшы пра яго гісторыю? Мы, якія ходзім на сваіх нагах, зарабляем большыя альбо меншыя грошы, можам падзяліцца час ад часу з ім тым, што маем. Можам, хоць бы і зрэдку, зайсці да яго і паразмаўляць нейкую гадзінку (больш не выпадае, бо праз кожныя паўтары гадзіны сядзелкі варочаюць яго на другі бок альбо на спіну). Хтосьці (дзякуй Богу, ёсць такія) заплаціць за электраэнергію, якой у яго траціцца шмат, хтосьці прынясе тое, што вырасла на гародзе, падзеліцца тым, што набыў у краме.

А чаму ён так патрэбны нам? Не магу казаць за іншых, але мне гэты чалавек патрэбны, каб проста ведаць, што ён жыве ў маім горадзе. І калі мне бывае цяжка, калі на душы змрочна і жухнуць усе фарбы свету, мне вельмі важна прыгадаць пра яго і падумаць: «Што аддаў бы ён за тое, каб у гэтую хвіліну падняцца з ложка, стаць на ногі і проста выйсці на паветра, убачыць вось гэтыя, няхай сабе і няветлыя, хмары над галавой?»

Таму ён, сам таго не ведаючы, дапамагае мне жыць. Думаю, што і іншым таксама. Як жа шмат страцілі тыя, што пакінулі яго, аддаліліся, засланіліся ад яго бяды сваімі праблемкамі.

Букет для дзяўчыны

Калі б у мяне запыталі, якая падзея найбольш запамяталася мне з мінулага года, я не задумвалася б: гэтай падзеяй стаў букет кветак, які малады чалавек, што пасля аварыі прабывае цяпер у інвалідным вазку, падараваў на 8 сакавіка дзяўчыне, якая... ляжыць у коме. Яна таксама трапіла ў дарожную аварыю. Божа, колькі ж іх на нашых дарогах!

Хлопец быў раней у цяжкім стане, прайшоў, можна сказаць, праз кругі пекла на гэтым свеце. Бог дазволіў яму вярнуцца да жыцця, набірацца сілаў. А мая знаёмая дзяўчына пакуль што чакае сваёй чаргі, каб таксама набрацца такіх патрэбных сілаў.

Гэты малады чалавек ніколі не бачыў дзяўчыны і нават не ведаў яе імя. Яму расказала пра яе маці, што прыйшла аднойчы да іх, каб даведацца, як ён вяртаўся да жыцця. У звыклай гаворцы пра гэта сказалі б «пераняць вопыт». Яны пасябравалі, і маці маёй знаёмай дзяўчыны казала мне потым, што ніхто іх так не разумее, як гэты хлопец, бо сам перажыў трагедыю і цяпер мужна змагаецца з яе наступствамі.

Вось гэты малады чалавек на 8 сакавіка і папрасіў сваю маці занесці дзяўчыне букет веснавых кветак. Папрасіў і патлумачыў: «Яна не ўбачыць кветак, але пачуе іх пах. І гэтага дастаткова». А ён то ўжо, згадзіцеся, ведае пра тое найлепш...
 

Малітва не бывае дарэмнай...

Гэтыя словы сказала мне мая знаёмая, якая шмат гадоў даглядае хворае дзіця. Так, яна не бывае дарэмнай. І яе не бывае зашмат. Малітва не супярэчыць таму, каб мы прыходзілі на дапамогу людзям, аддаючы ім свой час, нейкія сродкі альбо рэчы. І зусім не таму, што і з намі ў любую хвіліну можа здарыцца тое ж самае, а проста таму, што так нам наказаў Езус Хрыстус. І калі мы вызнаём Яго не толькі вуснамі, але і сэрцам, і ўсім сваім жыццём, то маем такі абавязак – кожную хвіліну пашыраць межы свайго сэрца, знаходзіць у ім усё больш і больш месца для тых, хто прыкаваны да ложка, хто перажывае боль, страх, адзіноту.

І часта, калі нас раздзяляюць кіламетры дарог, якія нам бывае няпроста пераадолець, мы ўсё ж можам яднацца ў малітве. І гэтая повязь можа быць надзвычай трывалай, таму што ў Нябеснае Валадарства, дзе ўжо не будзе ні слёз, ні гора, бо Ён вытрэ ўсе слёзы з нашых вачэй, Езус запрасіў нас усіх: хворых і здаровых, моцных і слабых. І станавіцца жыхарамі гэтага Валадарства мы ўсе можам ужо тут, на зямлі.


Ірына Жарнасек
Надрукавана ў «Ave Maria» № 1-2, 2012.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней