Доўгая дарога да святыні

Мала хто ведае, што стварэнне касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў горадзе Чэрвень (старажытны Ігумен) прыпадае на ХVIII стагоддзе. Як сведчаць архіўныя звесткі, касцёл быў пабудаваны на ахвяраванні  парафіянаў. 15 лістапада 1800 года ён быў асвячоны з дазволу біскупа Дадэркі. Касцёл дзейнічаў да той пары, пакуль яго не разбурылі.

Аднаўленне касцёла пачалося толькі ў 1995 годзе дзякуючы ахвярным намаганням сям’і католікаў Яніны і Вітольда Радзішэвічаў. Менавіта яны змацавалі падмурак сучаснага касцёла, будаўніцтва якога вядзецца да сённяшняга дня, як і даўней, намаганнямі парафіянаў...Толькі розніца ў тым, што старажытны касцёл будавалі 1,5 года, а пабудова сучаснага расцягнулася з-за адсутнасці сродкаў на 15 гадоў, нават сёння мы не можам сказаць, калі будзе пастаўлена кропка ў заканчэнні будаўніцтва. Мясцовая ўлада перадала пад касцёл былы будынак пошты, які доўгі час не выкарыстоўваўся і быў разбураны. Пакуль вяліся першыя будаўнічыя работы, Імша адбывалася ў вагончыку.

 З 2002 года распачынаць будаўніцтва касцёла быў прызначаны ксёндз Мечыслаў Лабяк, які значны час працаваў у касцёле святых Сымона і Алены, дзе навучыўся размаўляць па-беларуску; гэта чалавек з надзвычай багатай і ўражлівай душою, высокай духоўнай адукацыяй, светлы і сціплы, з вялікім Боскім дарам выратавання душаў. Кожны дзень ва ўзросце звыш 60-ці гадоў ён хадзіў у касцёл ад месца кватаравання і назад пешшу — больш за 6 кіламетраў... Потым навучыўся ездзіць на аўтамабілі. Любога парафіяніна ён спыняў на вуліцы, цікавіўся, як у таго ідуць справы, як здароўе, сям’я. На развітанне заўжды благаслаўляў...

Яго смерць была раптоўнаю і неспадзяванаю... На нейкі час прыпыніліся ўсе справы, спынілася будаўніцтва...

Дзякуй Богу, сіроцтва наша было нядоўгім: працягваць справу ксяндза Мечыслава ўзяўся, праявіўшы сяброўскую ініцыятыву, ксёндз Павел Кручак.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа,
г. Чэрвень. Пач. ХХ ст.

удаўніцтва было доўгім і напружаным з-за частых зменаў рабочых брыгадаў. Ксёндз Павел Кручак не дазваляў брацца за цэглу людзям, якія прыходзілі на працу ў нецвярозым стане, таму даводзілася развітвацца з такімі гора-будаўнікамі, нягледзячы на тое, што на нейкі час прыпынялася і будаўніцтва. Беларускі «менталітэт», стаўленне да працы, мякка кажучы, здзіўлялі ксяндза... Але ён усё вытрываў. Сёння ў касцёла ёсць сцены, месца для набажэнстваў, пабудавана вежа і ўсталяваны крыж.
Кожны дзень павялічваецца і наша парафія: ужо ў святочныя дні і сесці няма дзе... Але — дзякуй Богу. І дзетак звыш 20-ці займаецца ў нядзельнай школцы. І катэхэтка свая ёсць. Дзеткі не толькі навучаюцца, але і ладзяць розныя прадстаўленні… У галоўным памяшканні касцёла, дзе цэлебруецца Імша, чыста, сціпла і… холадна. У астатніх памяшканнях, адведзеных пад жыллё для святара, для заняткаў нядзельнай школкі і іншых, будаўніцтва не закончана. Ёсць патрэба ў агароджы, дэкаратыўна-мастацкім афармленні сядзібы.

Ксёндз Павел Кручак — нястомны працаўнік: вось і новая парафія зарэгістраваная 26 кастрычніка 2007 года Мінскім абласным выканаўчым камітэтам — Рымска-каталіцкая парафія Ахвяравання Пана і святога Яна Хрысціцеля. Тэрыторыя яе дзейнасці — цэнтральная вёска Ляды і вёскі Лядзенскага сельсавета. А  9 снежня 2007 года ў пасёлку Смілавічы на самых вялікіх могілках адбылося асвячэнне ўзноўленай каталіцкай капліцы. Ініцыятар і фундатар святыні Карл Крэпскі сказаў, што ён  выконваў свой сыноўні абавязак: паміраючы, бацька прасіў яго ўзнавіць разбураную каплічку, і толькі цяпер ён можа спакойна жыць». На ўрачыстасці сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і з іншых парафій. Абрад асвячэння і святую Імшу цэлебравалі біскуп Антоні Дзям’янка і дэкан Чэрвеньскага дэканата ксёндз Павел Кручак.

Касцёл на старажытнай ігуменскай зямлі — гэта тое акно, як казаў біскуп, якое лучыць нас з Богам... Мець у ім заўсёды чыстае шкло — задача і клопат кожнага парафіяніна. Шмат католікаў раёна навярнулася да рэлігіі... У сям’і кожнага хрысціяніна найпершая задача — падрыхтавацца належным чынам да сустрэчы з Езусам: прыняць сакрамэнт споведзі, ачысціць і падрыхтаваць сваю душу да сустрэчы з Ім.

Духоўныя праблемы павінны быць найпершымі, але мы, парафіяне, павінны клапаціцца, праяўляць заботу аб тых, хто, кіруючыся Божай воляй і ласкай, клапоціцца пра нас: аб святары, аб яго жытле, аб утульнасці ў ім. Аднак рэальныя справы тут дрэнныя. Хатка, у якой пакуль што месціцца святар, пахілілася. Хатка — драўляны дом, калісьці куплены парафіянамі, — гэта было другое месца сустрэчы вернікаў пасля вагончыка, да пачатку пабудовы касцёла. Хатка падзелена на дзве паловы: у адной жыве святар, а другая аддадзена пад нядзельную школку. Вось і трэба нам сёння думаць пра тое, як атынкаваць памяшканне ў пабудаваным касцёле, як туды падвесці ацяпленне, ваду. Ды і ў пакоі, адведзеным пад нядзельную школу, таксама павінна быць цяпло. Нашыя ж ахвяраванні залежаць ад нашых заробкаў і пенсій, а яны ў нас самі ведаеце, якія... Ну, можа, у каго і не маленькія заработныя платы, але той чалавек не з’яўляецца нашым парафіянінам,  таму і шукаем мы ахвярадаўцаў — верым, што ёсць такія, толькі не ведаюць пра аднаўленне касцёла на старажытнай ігуменскай зямлі. Мы звяртаемся да ўсіх людзей, землякоў нашых, раскіданых па ўсёй зямлі, — касцёл чакае вашай дапамогі, шаноўныя!

Рахунак касцёла: Р/счёт 3015201810011 в отделении ОАО Белагропромбанк в
г. Червень, код 924 РО «Римско-католический приход Воздвижения Святого Креста» УНН 600514575


Вольга Назарук —
парафіянка касцёла Узвышэння Святога Крыжа, Чэрвень.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней