Да 100-й гадавіны з дня смерці благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча


Мне здаецца, што ўсё гэта распачалося тады, калі я быў падлеткам. Тады я на шмат месяцаў страціў веру ў Бога: перастаў маліцца і хадзіць у касцёл. Але я адчуваў сябе дрэнна, з болем вяртаючыся ў сваім уяўленні ў дзяцінства і родны дом, узгадваючы, як разам з бацькамі, братамі і сёстрамі кленчыў на вячэрняй малітве, а сэрца білася ў рытме супакою і чыстага сумлення. Аднойчы я не вытрываў, зайшоў у касцёл, упаў на падлогу і, лежачы, крычаў ад свайго суму па Богу: «Калі Ты існуеш, Божа, дай мне Цябе пазнаць! Беззаганная праўда, няхай я Цябе пазнаю! Няхай толькі на хвіліну ўбачу Цябе, а пасля памру! Няхай я стану найгоршым калекам, страчу ногі, не здолею рухаць рукамі, абы толькі пазнаць праўду, і душа мая будзе спакойная! З ахвотаю я зараз жа аддам здароўе і нават жыццё, абы толькі пазбыцца гэтай страшнай няпэўнасці і духоўных пакутаў. Божа, пакажыся мне, калі Ты ёсць! Няхай я пазнаю праўду, тады я аддам усе сілы, каб ісці за гэтаю праўдаю, і ні на крок не адступлюся ад выбранага шляху. Я гатовы на любыя ахвяры: няхай з мяне смяюцца, здзекуюцца і кпяць, я буду рабіць па-свойму...»

Бог дапамагае знайсці сябе тым, хто шукае Яго ўсім сэрцам, — запэўнівае нас слова Божае... На досвітку хлопец паспавядаўся і, як з цягам гадоў прызнаўся сам, больш ніколі не меў сумневаў адносна веры. Яму адкрылася праўда пра Бога, і ў тую ноч ён зразумеў, што няма нічога па-над Богам...

Ксёндз Браніслаў Маркевіч быў выдатным душпастырам, цудоўным выхавацелем, пісьменнікам, нястомным апосталам цвярозасці, патрыётам і грамадзянінам. Больш за 6 гадоў таму Касцёл абвясціў яго благаслаўлёным, цалкам шчаслівым у Богу. 29 студзеня 2012 года мінула сто гадоў пасля яго смерці...

Ён нарадзіўся і памёр у Польшчы. Лічыў, што найлепшым шляхам для атрымання свабоды з’яўляецца праца над духоўнаю і маральнаю адноваю народа, выхаванне і адукацыя дзяцей і моладзі. Ён называў гэта мірнаю бойкаю. Ксёндз Браніслаў пісаў: «З Хрыстом мы можам выправіць усё... Трэба трымацца з Богам і Яго Касцёлам, бо ўсе іншыя могуць здрадзіць і пакінуць нас».

Быць святаром — значыць дарэшты згараць, не ашчаджаючы сябе. Браніслаў Маркевіч ішоў да людзей, неадукаваных у веры, малых і вялікіх, каб катэхізаваць, распавядаць ім пра Бога, а вяртаючыся на плябанію, заўжды надоўга затрымліваўся на каленях перад замкнёнымі дзвярыма касцёла, нягледзячы на надвор’е. Ён пайшоў вучыцца не дзеля навуковых званняў, а каб удасканальвацца як душпастыр, выехаў за мяжу, каб знайсці прыдатную для сябе манаскую супольнасць, бо верыў, што гэта найбольш радыкальны і самы прамы шлях у вандроўцы да святасці.

Апошнія дваццаць гадоў свайго жыцця Браніслаў Маркевіч правёў у невялікай парафіі ў польскім Прыкарпацці. Працуючы пробашчам, ён заснаваў выхаваўчую ўстанову для сіротаў, якая стала вельмі хутка развівацца. У адным лісце ён пісаў: «Мне хацелася б сабраць мільёны пакінутых дзяцей з розных краінаў, каб задарма карміць і апранаць іх душы і целы, выхоўваючы не проста хрысціянамі, а працавітымі і стрыманымі хрысціянамі». Там у ксяндза Браніслава ўзнікла думка пра заснаванне новай манаскай кангрэгацыі, харызматам якой павінна быць выхаванне самых бедных дзяцей добрасумленнымі людзьмі і добрымі хрысціянамі. Апекуном гэтай справы ён выбраў святога Міхала арханёла: «Станем каля яго, бо ён трымае пераможнаю рукою харугву Хрыстовага крыжа, і будзем памятаць, што, ідучы наперад пад гэтаю харугваю і змагаючыся, мы шчасліва пераможам усе пасткі і перашкоды злога духа, які імкнецца нас згоршыць і зруйнаваць, калі не праз грэх, то прынамсі праз пераслед!.. Дзе не будзе касцёла імя святога Міхала арханёла, там мы пабудуем яго».

Сляды святых не знікаюць. Толькі мы можам згубіць іх, калі будзем лічыць сцежкі, пратаптаныя імі, занадта цяжкімі і непрыдатнымі для нашага часу. Але святыя не старэюць. Яны заўжды застаюцца голасам у пустыні, заклікам, які не дае сумленню заснуць. Ксёндз Маркевіч быў перакананы, што найбольшаю пагрозаю для верніка з’яўляецца страта хрысціянскай самасвядомасці: «Будзем памятаць правіла: дзе няма Бога, там нічога няма. А дзе ёсць Бог, там ёсць усё»...

Першыя выхаванцы з партрэтам
айца-заснавальніка.

се шукаюць шчасця, хочуць знайсці рэцэпт удалага жыцця. А ён знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі або, лепш сказаць, адкрытага сэрца і гучыць проста: «Бог перадусім!»

29 студзеня 2012 года ў манаскай супольнасці святога арханёла Міхала распачаўся юбілейны год. Мы ўшаноўваем сотую гадавіну смерці яе заснавальніка — благаслаўлёнага ксяндза Браніслава Маркевіча. Гэты год будзе багаты на духоўныя і культурныя падзеі.

На Беларусі міхаліты распачалі выхаваўчую працу яшчэ да Другой сусветнай вайны, заснаваўшы прытулак для сіротаў у Дзеткавічах, што каля Баранавічаў. Прытулак быў ліквідаваны ў пасляваенныя часы. На пачатку 90-х гадоў міхаліты пачалі працаваць у парафіях Гродзенскай дыяцэзіі: у Шылавічах, Васілішках і Старых Васілішках. Ужо шмат гадоў ксяндзы міхаліты працуюць і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у парафііЛошыца (Мінск) і Гатава.


Кс. Крыштаф Пасвята CSMA

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней