Ці ўмеем мы спавядацца?

На пытанні Ірыны Жарнасек адказвае
адміністратар парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса
з г. п. Падсвілле, што на Глыбоччыне,
ксёндз Андрэй Кулік.

— Ксёндз Андрэй! Тэму нашай гутаркі, магчыма, хтосьці назаве парадаксальнай: ці натуральна на старонках каталіцкага часопіса, чытачы якога, вядома ж, вернікі, весці гаворку пра ўменне спавядацца? Большасць з іх спавядаюцца, а многія і часта. І ўсё ж, ксёндз Андрэй, ці ўмеюць вернікі спавядацца?
— На гэтае пытанне нельга адказаць адназначна «так» альбо «не». Перш за ўсё трэба сказаць, што паняцце «вернік» вельмі шырокае. Калі мець на ўвазе тых ахрышчаных, што практыкуюць сваю веру, бываюць досыць рэгулярна ў касцёле, то яны, безумоўна, ведаюць саму форму споведзі: з чаго трэба пачынаць, што паведаміць святару напачатку, як потым называць грахі, як заканчваць споведзь. Тыя ж вернікі, якія з розных прычынаў рэдка карыстаюцца гэтым сакрамэнтам, могуць блытацца ў самім парадку споведзі, могуць забыцца сказаць штосьці з таго, што яны памяталі нават у дзяцінстве, калі часцей падыходзілі да канфесіянала.
Аднак споведзь — гэта найперш не толькі правільна пабудаваны дыялог верніка са святаром (хоць, вядома, ён дае некаторую магчымасць святару распазнаць стан чалавека, які спавядаецца), але гэта правільны дыялог верніка з Богам, які прабачае. Гэта — прымірэнне з Богам, якога мы шукаем у сакрамэнце споведзі. Таму пытанне пра ўменне спавядацца — гэта пытанне пра тое, ці ўсведамляе чалавек сваю грэшнасць і святасць Бога, Яго міласэрнасць да грэшнага чалавека. Пра духоўны стан чалавека шмат гаворыць тое, як часта чалавек шукае прымірэння з Богам, любоў якога ён адкінуў праз свой грэх.

— Сапраўды, асноўная праблема ў тым, ці добра мы разумеем, што такое грэх, якую шкоду ён нам прыносіць і як найлепш яго пазбыцца. Бо калі ўжо мыцца, то каб жа чыста, а не так, як гераіня класіка, якая пыталася ў маці, будзе яна адзяваць сукенку з дэкальтэ ці не, бо калі з дэкальтэ, то трэба ж тады не толькі твар, але і шыю памыць...
— Вернік найперш павінен добра разумець, што такое грэх. Святы Аўгустын кажа нам, што грэх — гэта недахоп сапраўднай любові да Бога і чалавека. Інакш кажучы, гэта слова, дзеянне альбо жаданне, якія супярэчаць спрадвечнаму Закону. Аўтар кнігі Быцця, паказваючы паходжанне граху першых людзей, звяртае нашую ўвагу на недавер да Бога, які і падштурхнуў чалавека да трагедыі, якую потым назавуць першародным грахом.
Як змагацца з жаданнем «быць як богі», вызначаць, што ёсць дабро, а што зло? А менавіта яно з’яўляецца матывам граху, нават калі ў той момант мы і не думаем такімі катэгорыямі. Адказ нам дае Езус, калі кажа вучыцца ад Яго, бо Ён «ціхі і пакорны сэрцам». Дзеля чаго? «Каб знайшлі вы супакой для душаў вашых», — адказвае Ён. Але тут мы ўжо закранаем пытанне пра тое, наколькі сур’ёзна мы падыходзім да справы збаўлення і да таго, якія вартасці для нас з’яўляюцца прыярытэтнымі. Такім чынам, мы прыйшлі да таго, ад чаго выйшлі разам са святым Аўгустынам: чым больш чалавек любіць Бога і бліжняга, тым менш ён грашыць. І наадварот.

— Кожны вернік ведае, што споведзь будзе несапраўднай, калі не выканана хоць адна з умоваў добрай споведзі. Якія тут здараюцца памылкі?
— Усё залежыць ад чалавека, які спавядаецца. Часцей за ўсё людзі не ўсведамляюць усяго цяжару свайго граху і таму няздольныя шкадаваць за яго, раскайвацца ў зробленым. Якія прычыны вядуць да такога стану? Лічу, што вялікую ролю адыгрывае асяроддзе, у якім жыве чалавек. Стэрэатып кшталту «бо ўсе так робяць» мае моцны ўплыў на чалавека, калі перад ім паўстае маральны выбар. Напрыклад, як растлумачыць дзіцяці, што трэба ісці ў нядзелю ў касцёл, калі самі бацькі туды не ідуць? Альбо як абудзіць разуменне забароны красці ў чалавека, які працуе ў калектыве, дзе гэта стала нормай? Таму, безумоўна, для дзяцей і моладзі вельмі важным з’яўляецца прыклад бацькоў, што, на жаль, не так ужо і часта сустрэнеш, бо многія бацькі тых дзяцей, якія рыхтуюцца цяпер і прыступаюць да першай споведзі, не могуць быць самі добрым прыкладам для іх.

— Вам вядомыя, мабыць, і «праблемы» старэйшых людзей, якія гавораць: «Вось трэба ісці да споведзі, а грахоў не маю». Што Вы ў такіх «цяжкіх» выпадках раіце?
— Атрымліваецца, што трэба тады ісці ды саграшыць? Думаю, што з фармулёўкай накшталт «жыву адна, таму грахоў не маю», сутыкаецца кожны святар. Дарэчы, я асабіста не сустрэўся з тым, каб мужчына старэйшага ўзросту не меў граху. Праблема часта крыецца ва ўяўленні, што жанчына грашыць толькі канфліктамі з мужам, а калі яго не стане, то і няма прычыны грашыць. Гэта і ёсць той выпадак, калі чалавек не ўсведамляе сваёй грахоўнасці. І, як вынік, — дрэнна зроблены рахунак сумлення, звычка ўжываць падчас споведзі з году ў год адны і тыя ж фармулёўкі. Прызвычаенне да касцёла і сакрамэнтаў у дадзеным выпадку не спрыяе духоўнаму росту. У Святым Пісанні мы чытаем, што і справядлівы грашыць сем разоў на дзень, таму штодзённы рахунак сумлення дапаможа нам убачыць свае недахопы. Вельмі прыгожай малітвай у гэтым плане з’яўляюцца словы з псальма 19(18): «Божа, ад укрытых памылак ачысці мяне».

— І пытанне, якое турбуе амаль кожнага верніка: як часта трэба спавядацца, каб жыць нармальным хрысціянскім жыццём? Безумоўна, кожны вернік ведае, што пасля цяжкага грэху, трэба бегма бегчы да канфесіянала. А калі цяжкіх грахоў няма?
— Нягледзечы на тое, што касцёльны наказ кажа нам спавядацца прынамсі раз у год, лічу, што гэтага замала, бо споведзь — гэта не толькі ачышчэнне ад грахоў, але і сакрамэнт аздараўлення, умацаванне веры. Добрая практыка — спавядацца раз у месяц, а знайсці нагоду спавядацца некалькі разоў за год трэба кожнаму.

— Самае цяжкае для верніка — гэта, безумоўна, споведзь. Зразумела, чаму. А для святара?
— Тут зноў жа важна адказаць сабе на пытанне: «Дзеля чаго я гэта раблю?» Сакрамэнт споведзі называюць таксама сакрамэнтам аздараўлення. Кожны хворы ведае, што для таго, каб вылечыцца, трэба, як мінімум, адкрыць перад доктарам хворае месца. Нешта падобнае адбываецца і на споведзі. Вера чалавека ў тое, што не хто іншы, але сам Хрыстус прабачае яму грахі, што Ён з’яўляецца лекарам ягонай душы і таму так важна цалкам адкрыць сваё сэрца перад Ім, дапамагае чалавеку стаць на калені пры канфесіянале і назваць свае грахі. «Супакой Мой даю вам», — кажа Пан. Шукаючы гэтага супакою, кожны хрысціянін, і святар таксама, вызнае свае грахі.
Таму «непрыемнасць» споведзі, на мой погляд, тоіцца ў цяжкасці пераадолення фальшывага сораму, які трымае чалавека, не дазваляючы яму паяднацца з Богам. А гэта, у сваю чаргу, яскравы прыклад таго, што грэх аслабляе волю і павялічвае адлегласць, якая аддзяляе стварэнне ад Створцы. Таму споведзь — гэта таксама і праца чалавека над сабою, над злом, якое ёсць у кожным з нас. Кожны вернік, а таксама і святар, мае абавязак духоўнага развіцця і паглыблення веры. Споведзь жа, безумоўна, спрыяе нам у гэтым.

— Дзякуй, ксёндз Андрэй, за гутарку. Думаю, што ў часе Вялікага посту яна будзе для многіх нашых чытачоў карыснай.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней