Валанцёр! Цябе паклікалі!

Аднойчы ў размове з маці Тэрэзай з Калькуты адзін з журналістаў сказаў: « Я вашую працу не рабіў бы і за мільён долараў». Усміхнуўшыся, яна адказала: «Я б таксама яе не рабіла за мільён долараў, але дзеля Езуса Хрыста я раблю яе задарма».

Гэты эпізод з жыцця вядомай святой міжволі ўспомніўся на сімпозіуме, які быў прысвечаны валанцёрскаму служэнню. Праходзіў ён у Мінску з 24 па 26 студзеня ў рамках II Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас-Беларусь».

Аб значнасці гэтага мерапрыемства сведчыла прысутнасць на ім галоўных іерархаў Каталіцкага Касцёла на Беларусі — нунцыя Апостальскай Сталіцы арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Антонія Дзям’янкі. Было шмат святароў, а таксама свецкіх асобаў, якія прадстаўлялі восем аб’яднанняў «Карытаса», куды ўваходзяць больш за 50 краінаў свету.

Дабрачынная каталіцкая арганізацыя «Карытас» пачала аднаўляцца на Беларусі ў 90-я гады разам з адраджэннем Касцёла ў нашай краіне. За гэты час вельмі шмат дабра зроблена для дзяцей сіротаў, шматдзетных сем’яў, няпоўных сем’яў, інвалідаў, хворых, бяздомных, вязняў і іншых людзей, якія жывуць у нястачы. Абсяг працы «Карытаса» вельмі шырокі — гуманітарная і сацыяльная дапамога, куды ўваходзяць кансультацыі псіхолагаў і юрыстаў, бясплатныя сталоўкі, аптэчныя пункты, арганізацыя адпачынкаў для дзяцей і г.д. Пра гэта ў сваіх справаздачах расказалі кіраўнікі і прадстаўнікі «Карытаса» ўсіх нашых дыяцэзій. Пасля выступлення старшыні «Карытас-Беларусь» ксяндза Віктара Гайдукевіча пасол Германіі Крыштаф Вайл адзначыў: «Я вельмі ўражаны вашай працай, прасякнутай альтруізмам. У вас цудоўныя праекты, адна дзіцячая вёска чаго вартая! Мяне таксама ўражвае вера вашых людзей...»

Цікава і карысна было пачуць пра вопыт працы «Карытаса» ў іншых краінах, такіх як Польшча, Расія, Літва, Чэхія, Грузія. Прэзентуючы сваю дзейнасць, прадстаўнікі гэтых краінаў здзівілі прысутных сваімі вельмі цікавымі і саліднымі праектамі. У Літве, напрыклад, праца з алкаголікамі прынесла 90-працэнтны поспех. Удалымі сталі таксама праекты «Дапамога ахвярам прастытуцыі і гандлю жанчынамі», «Рэінтэграцыя вязняў», «Дом пакаленняў» (тут знаходзяцца самотныя маці з дзецьмі, а таксама адзінокія і састарэлыя людзі). Дэлегат з Літвы адзначыў, што «Карытас» у іх краіне з’яўляецца самай вядомай і самай папулярнай арганізацыяй.

Прадстаўнік «Карытас-Грузія» Ліяна Мкеідзэ падчас працы ў групах расказала пра незвычайны праект, які, думаю, варта ўзгадаць. У 2004 годзе папа Ян Павел II благаславіў айца Вітальда Шульчынскага, дырэктара «Карытас-Грузія», на будаўніцтва праваслаўнай царквы. Пры гэтым Святы Айцец сказаў: «Працаваць „Карытасу“ трэба так, каб добрыя католікі заставаліся добрымі католікамі, а добрыя праваслаўныя — добрымі праваслаўнымі. А гэтая царква няхай сімвалізуе вашую дружбу». 19 верасня 2011 года Патрыярх Грузінскай Праваслаўнай Царквы Ілля II прыняў у падарунак ад «Карытаса» новы будынак царквы...

Цікавыя праекты, вялікая праца, аднак усіх, як прадстаўнікоў «Карытаса», так і прадстаўнікоў пазакасцёльных дабрачынных арганізацый, турбуе сёння праблема дабравольцаў у працы (валанцёраў). Было адзначана, што ў Еўропе 30 працэнтаў дарослых людзей займаюцца валанцёрствам у розных галінах. Гэта дзейнасць з’яўляецца ўжо часткай культуры грамадства, сямейнай традыцыяй. У Беларусі ж валанцёрства знаходзіцца на пачатковым этапе. Валанцёры ў нас, як правіла, згаджаюцца часцей за ўсё на разавую дапамогу, пастаянна ж без усялякіх узнагародаў працуе толькі  каля 50-ці чалавек. На ўсю Беларусь! Тут, вядома ж, ёсць свае аб’ектыўныя прычыны, галоўная з якіх — атэістычнае мінулае. «У выніку ганенняў на Касцёл у нас не было ні фармацыі валанцёрства, ні яго практыкі, ні традыцыі. І толькі пасля таго, як мы атрымалі свабоду веравызнання, з’явілася магчымасць дзейнічаць і дабрачынным арганізацыям», — адзначыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

На канферэнцыі не раз гучала, што Касцёл без «Карытаса» — не Касцёл і  хрысціянін без дабрачыннасці — не хрысціянін, бо без любові няма хрысціянства. «Гэта заклік да вернікаў і людзей добрай волі, каб з малых гадоў у асобы належным чынам фармавалася адказнасць і гатоўнасць да бескарыслівага валанцёрскага служэння», — сказаў у сваёй прамове біскуп Антоні Дзям’янка, старшыня Рады па справах дабрачыннасці, міру і справядлівасці.

Шчырыя словы падзякі нашыя іерархі выказалі на адрас кіраўніцтва «Карытас-Еўропа» за вялікі ўклад і дапамогу ў фармаванні і развіцці дабрачыннасці ў Беларусі. Вось што сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва, каб «Карытас-Беларусь», як новая кроў, уліўся ў жывы арганізм «Карытас-Еўропа» з мэтаю дапамогі тым, каму гэта дапамога патрэбна, з мэтаю новай евангелізацыі і хвалы Бога, якой з’яўляецца жывы чалавек».

Падчас абмеркавання на сімпозіуме тэмы валанцёрскага служэння гучала шмат слушных прапановаў, якія былі задакументаваныя і, напэўна, прынясуць свой плён. Асаблівая ўвага была звернута на праблему паклікання валанцёраў. Літоўскі
дэлегат «Карытаса» Гедэмінас Сальванавічус зазначыў, што, калі яны пыталіся ў вернікаў, чаму тыя не з’яўляюцца валанцёрамі, чулі ў большасці сваёй такі адказ: «Мяне ніхто не паклікаў!»

Сёння, карыстаючыся магчымасцю, ад імя кіраўніцтва «Карытас-Беларусь» запрашаем усіх людзей добрай волі да валанцёрскага служэння (тэл. 8-017-265-18-78, сайт: www. caritas. by). А ўзорам для ўсіх нас няхай будзе ахвярны прыклад святой маці Тэрэзы з Калькуты.


Галіна Калевіч, Мінск.
Фота з сімпозіума
Міколы Новікава.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней