Апошнім часам мы ўсё больш сустракаем на паліцах нашых аптэк «лекі», на ўпакоўцы якіх пазначана «гомеапатычны сродак». Варта сказаць, што ўрачы часта не ўсведамляюць усёй іх небяспекі і, не маючы ведаў пра тое, чым з’яўляецца гамеапатыя, прапісваюць іх нам у якасці лекавых сродкаў. Усё часцей можна пачуць парады: «Ідзіце да гамеапата», «паспрабуйце гомеапатычныя сродкі». Аднак мала хто з людзей, тым больш веруючых, здагадваецца, якую небяспеку ўтойвае лячэнне гэтымі прэпаратамі. Не ўсё, што лечыць наша цела, станоўча ўплывае на нашу душу. Найбольш папулярнае меркаванне, якое прыводзяць абаронцы гэтага метаду, заключаецца ў тым, што працэдура лячэння гамеапатыі не мае пабочных эфектаў. Так, не мае для цела, але пры гэтым цалкам закранаецца «другі бок медаля» — душа чалавека.
У рэшце рэшт, веруючы чалавек, хрысціянін, не можа падыходзіць да свайго здароўя, падзяляючы яго на часткі, — асобна душа і асобна цела. Хрысціянская антрапалогія гаворыць нам пра тое, што чалавек з’яўляецца духоўна-цялесным стварэннем Бога, таму не ўсё, што станоўча ўплывае на цела, можа таксама станоўча ўплываць на яго духоўную сферу. Насамрэч яго духоўная сутнасць з’яўляецца тым, на што скіраваная сама методыка гэтага псеўдалячэння. У шматлікіх інфармацыйных матэрыялах, якія праслаўляюць гэты спосаб «лячэння», гаворыцца пра тое, што гамеапатыя лечыць цела і «душу» адначасова. Але як яна лечыць душу і чым?
Тэрмін «гамеапатыя» паходзіць ад злучэння двух словаў — «homois» («падобны») і «pathos» («боль»). Энцыклапедыя, распавядаючы пра гамеапатыю, называе яе альтэрнатыўным відам медыцыны з выкарыстаннем высокаразведзеных прэпаратаў, якія выклікаюць сімптомы, аналагічныя сімптомам хваробы. Падкрэсліваецца таксама, што сучасная навука, у тым ліку і медыцына, скептычна ставіцца да гамеапатыі. Вучоныя не раз зазначалі поўную адсутнасць навуковых асноваў гэтага метаду лячэння хваробаў. Адсутнасць тэарэтычнага абгрунтавання гомеапатычнага прынцыпу, на іх думку, не адпавядае навуковым ведам пра функцыянаванне здаровага і хворага арганізма. Яны засведчылі, што большасць гомеапатычных метадаў лячэння зусім не правяралася на бяспечнасць і эфектыўнасць. У сваю чаргу праведзеныя клінічныя выпрабаванні гомеапатычных прэпаратаў не выявілі адрозненняў паміж гомеапатычнымі лекамі і плацэба1. Больш за тое, эксперты медыцынскіх арганізацый упэўненыя ў тым, што калі гамеапатыя выкарыстоўваецца ў якасці альтэрнатывы асноўнаму лячэнню, то яна нясе рэальную пагрозу здароўю і жыццю людзей. Нягледзячы на гэта, гамеапатыя застаецца адным з найбольш папулярных відаў лячэння. Напрошваецца пытанне: чаму, нягледзячы на такія канкрэтныя выказванні вучоных і медыкаў, гомеапатычныя прэпараты дапушчаныя не толькі да вытворчасці, але і актыўна распаўсюджваюцца і рэкламуюцца ў Беларусі? Хто мае з гэтага выгаду? І чым тады лечаць гамеапаты?
Каб разабрацца ў тым, чым з’яўляецца гамеапатыя і якую духоўную небяспеку яна мае, трэба звярнуцца да яе першакрыніцаў і толькі пасля гэтага рабіць свой выбар.
Заснавальнікам гамеапатыі лічыцца Хрысціян Фрыдрых Самуэль Ганеман (1755–1843). У 1810 г. ён напісаў кнігу «Арганон лекарскага мастацтва» («Organon der Heilkunst»), якая да сённяшняга дня з’яўляецца асноўнаю працаю, дзе падаецца інфармацыя пра магчымасці і суадносіны гамеапатыі з гэтак званым жывёльным магнетызмам, а таксама пра метады лячэння. У ёй гаворыцца, што чалавечыя хваробы выкліканы не столькі цялеснымі праблемамі, а духоўнымі, таму гамеапаты лічаць, што іх лячэнне перш за ўсё павінна ўплываць на энергію душы, уносячы ў яе супакой, а таксама даваць магчымасць змяніць свой стэрыятып паводзінаў. У «Арганоне...» таксама гаворыцца, што ўрач можа паўплываць або вылечыць хваробы толькі ў выніку ўздзеяння на нематэрыяльную энергію з дапамогаю субстанцый, надзеленых магчымасцю мадыфікацыі, у тым ліку нематэрыяльнай, якая ўплывае на нервовую адчувальнасць у арганізме. Такім чынам, дзякуючы дынамічнаму ўздзеянню на жыццёвую энергію, гэтыя лекі могуць палепшыць здароўе і вярнуць біялагічную раўнавагу.
Вядома, што ў 1977 г. Ганеман уступіў у Трансільваніі ў масонскую ложу, дзе займаўся спірытызмам і лічыў, што гамеапатыя ўзнікла дзякуючы інфармацыі, перададзенай яму падчас спірытычных сеансаў.
Хрысціянства, абапіраючы сваё вучэнне на Божае Аб’яўленне, словамі Святога Пісання выразна гаворыць: «Не звяртайцеся да тых, хто выклікае памерлых, і да чарадзеяў не хадзіце, і не даводзьце сябе да апаганьвання імі. Я — Пан Бог ваш» (пар. Лев 19, 31). «Не павінен знаходзіцца ў цябе той, хто сына свайго або дачку сваю праводзіць праз агонь, робіць прадказанні, гаворыць заклінанні, варожыць, займаецца чарадзействам, магіяй, выклікае духаў і звяртаецца да памерлых, бо агідны для Бога той, хто робіць гэта, і за гэтыя агіды Пан Бог твой выганяе яго ад аблічча свайго; будзь беззаганны перад Панам Богам тваім; бо гэтыя народы, якіх ты выганяеш, слухаюць варажбітоў і прадказальнікаў, а табе не дазваляе гэтага Пан Бог твой (пар. Дрг 18, 10–14).
Дарэчы, методыка падрыхтоўкі псеўдалекаў заснаваная на максімальным развядзенні рэчыва ў растворы. Сёння большасць прэпаратаў разводзіцца ад 3Х да 30Х, але сустракаюцца і большыя развядзенні. Што гэта значыць? Напрыклад, развядзенне ад 1 да 10 называюцца дзесяцічнымі і абазначаюцца яны рымскай лічбай Х або літарай D. Бярэцца адна частка прэпарата і 9 частак вады. Далей разведзеную такім чынам вадкасць разводзяць зноў: адна частка разведзенай вадкасці і 9 частак вады (1Х=1D=1/10, 3Х=3D=1/1000, 6Х=6D=1/1000000). Падобным чынам робяць і ў сотавым дзяленні, якое абазначаецца літарай С (1С=1/100, 3С=1/1000000 і г. д.). Прымяняюцца і большыя LM-развядзенні, якія рыхтуюцца з развядзення 3С (яно прымаецца за адзінку) да 50000 і ў сваю чаргу абазначаюцца рымскімі лічбамі LM (1LM=1/50000, 2LM=1/500000000 і г. д.). А цяпер уявіце, што 1 моль «чыстага» прэпарата, разведзенага да канцэнтрацыі 1:6, 022Ч1023 (па класіфікацыі гамеапатаў 11,89С, 23,78D або 23,78Х і акругленага да сотых доляў), будзе ўтрымліваць толькі адну малекулу зыходнага рэчыва. Гэта значыць, што верагоднасць утрымання ў адным молі разведзенага 13С хаця б адной малекулы зыходнага рэчыва раўняецца 1%, а ўжо для 14С гэта верагоднасць паніжаецца да 0,01 %. Яшчэ больш цікавыя развядзенні з індэксам 40С, якое арыенціровачна адпавядае 1 малекуле на ўвесь бачны сусвет, а з індэксам 200С (напр., такія лекавыя прэпараты, як анаферон, асцылакокцынум) — 1 малекуле на 10320 сусветаў. У дадзены момант кожны чалавек, які мае цвярозы розум, зразумее, што ні пра які фізічны ўплыў не можа быць і размовы.
Але яшчэ больш яскравым доказам духоўнай або, як прынята лічыць гамеапатамі, энергетычнай асновы лячэбнага рэчыва, з’яўляецца другі этап яго падрыхтоўкі, што называецца патэнцыялізацыяй, ці дынамізацыяй — сукусіяй. Ён заключаецца ў паўторным (пры кожным развядзенні) узбоўтванні і ўстрэсванні, якія нібыта павінны прывесці да таго, што ў растворы пачне дзейнічаць нябачная энергія, якая мае нематэрыяльную субстанцыю, інакш кажучы, духоўная энергія.
Веруючы чалавек павінен разважліва падысці і да самой фундаментальнай ідэі гамеапатыі «similia similibus curentur» («лячэнне падобнага падобным» — гомеапатычны тэрмін, які знаходзіцца ў аснове гэтага метаду). Калі хвароба, на думку гамеапатаў, выклікана абурэннем энергіі духу, які ажыўляе арганізм чалавека, ці яго негатыўным станам, то ў сваю чаргу энергія, якая знаходзіцца ў лекавым прэпараце, таксама павінна мець негатыўны ўплыў або складнік. І тут у сваіх разважаннях мы натыкаемся не толькі на інтэлектуальную перашкоду, а на анталагічную. Хрысціянскі светапогляд, гаворачы пра станоўчае або адмоўнае, пра дабро і зло, пра грэх і пра святасць, заўсёды гаворыць пра крыніцу кожнага з іх — пра Бога і пра сатану. Калі Бог з’яўляецца крыніцаю дабра, то хто з’яўляецца крыніцаю негатыўнай энергіі гомеапатычных прэпаратаў? І чаму ў сваіх інтэлектуальных вопытах гэтае пытанне прыхільнікі гамеапатыі стараюцца абыходзіць? Адказ вынікае сам па сабе: калі не Бог з’яўляецца крыніцаю гэтых негатыўных духоўных энергій, чаго па сутнасці быць не можа, то застаецца толькі той другі — сатана. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла выразна гаворыць на гэту тэму: «Якім бы ні было прымяненне магіі ці варажбы, з дапамогаю якіх імкнуцца прыручыць акультныя сілы, каб карыстацца імі і валодаць звышнатуральнаю ўладаю над бліжнім — хаця б і для таго, каб даць яму здароўе, — яно сур’ёзна супярэчыць рэлігійнай дабрадзейнасці... Зварот да гэтак званай народнай медыцыны не ўзаконьвае ні закліканне злых духаў, ні эксплуатацыю чыёй-небудзь даверлівасці» (ККК 2117).
Хацелася б, каб духоўныя пастыры ўдзялялі належную ўвагу такой небяспецы, як гамеапатыя, а таксама іншым відам духоўнага зняволення і акультызму (акупунктура, іглаўкалванне і г.д.), якія ў сваім пачатку не маюць нічога агульнага з хрысціянскай канцэпцыяй чалавека і яго душы, не кажучы ўжо пра Бога і ахвяру адкуплення Езуса Хрыста. Веруючыя людзі ніякім чынам не павінны паддавацца спакусе такога «лячэння», нават пры факце цудоўнага аздараўлення. Святое Пісанне вучыць нас, што і сатана з дапамогаю людзей можа таксама рабіць цуды і нават аздараўляць.
Айцец Аляксандр Улас OFMConv
1 Плацэба (ад лац. Placebo Domino in regione vivorum, што ў перакладзе азначае: «Буду хадзіць перад абліччам Пана на зямлі жывых» (Пс 116А (114), 9) — рэчыва без відавочных лекавых уласцівасцяў, якое выкарыстоўваецца ў якасці лекавага сродку, лячэбны эфект якога звязаны з вераю самога пацыента ў дзеянне прэпарата.
2 Міязмы (гр. miasma — забруджванне) — паводле састарэлых уяўленняў, ядавітыя выпарэнні, якія ўтвараюцца пры гніенні і нібыта выклікаюць заразныя хваробы.
«Міязмы» паводле Ганемана: у гамеапатыі — тэрмін, які вызначае сукупнасць схільнасцяў арганізма ў яго рэагаванні на фактары знешняга асяроддзя. Гэтыя схільнасці перадаюцца па спадчыне або набываюцца на працягу жыцця. «Міязмы» Ганемана — гэта сукупнасць схільнасцяў, якія складаюць 3 асноўныя тыпы рэагавання арганізма на стрэс (эмацыянальны, фізічны, інфекцыйны). З дапамогаю міязмічнай тэорыі Ганеман спрабаваў растлумачыць сутнасць хранічных хваробаў.