«Звісае з вецця пэрламі авёс…»
14.03.2013|№ 3 (204) 2012

Так з замілаваннем пісала ў сваім вершы «Ёсць край адзіны» наша знакамітая Ларыса Геніюш пра гэтую расліну, надаўшы ёй нечаканае адценне выбранасці. І паэтка не памылілася: сёння авёс стаў самым папулярным лекавым злакам.


Яго карысныя ўласцівасці людзі заўважылі шмат стагоддзяў таму.  Радзімай аўса лічыцца паўночны ўсход Кітая і Манголія. У Еўропе гэтая расліна вядома з бронзавага веку, але ў тыя часы яе лічылі… пустазеллем.

Доўгі час у старажытнасці авёс быў асноўным хлебным злакам у немцаў, скандынаваў і галаў. Авёс быў «хлебам штодзённым» для  многіх паўночных народаў, асабліва для магутных шатландскіх воінаў-горцаў. Цікава, што ў Вялікабрытанію яшчэ дзве тысячы гадоў назад яго прывезлі рымляне, якія заваявалі востраў і пачалі вырошчваць у краіне авёс як корм для коней. Гэты выдатна прыстасаваны да халаднаватага і вільготнага клімату злак добра прыжыўся і карыстаўся заслужанай папулярнасцю як карысная страва (у шатландцаў) і як ідэальны корм для коней (у англічанаў). У 1602 годзе англічане завезлі авёс у Новы Свет, дзе ён таксама набыў вялікую папулярнасць: аўсяная каша стала там традыцыйнай стравай. У сярэдзіне ХІХ ст. унікальныя ўласцівасці аўса заўважыў галоўны медыцынскі саветнік брытанскай арміі Фрэнк Бакленд, які правёў адно з першых даследаванняў стану здароўя вялікай групы насельніцтва на прыкладзе рэкрутаў з розных раёнаў краіны. Ён сцвярджаў, што шатландскія салдаты, якія выраслі на аўсянай кашы, былі куды дужэйшымі і вынослівейшымі за англічанаў.

Прыкладна тады ж швейцарскі ўрач М. Бірхер Бенэр — адзін з заснавальнікаў сучаснай дыеталогіі — выбраў авёс у якасці ідэальнай асновы для вынайдзенага ім «здаровага харчавання», якое мы цяпер называем «мюслі». Аўсяныя шматкі з малаком ці ёгуртам, садавіной і арэхамі, мёдам ці варэннем сталі класічнай стравай ва ўсім свеце, але ўрачы раяць ужываць малаапрацаваныя шматкі.

У нашай краіне авёс таксама здаўна карыстаўся павагаю і папулярнасцю. У народным календары існаваў нават спецыяльны дзень, з якім была звязана ўборка аўса, — Аўсянніца (8 верасня імяніны Наталлі і Адрыяна — аўсяннікаў), а таксама народныя звычаі і абрады. «Адрыян з Наталляй аўсы канчаюць касіць», — гаварылі ў народзе. Птушка аўсянка (Аўсянка, аўсянка! Ты сярод птушак, што прамень сярод хмар!), рака Аўсянка (у Гарадоцкім раёне на Віцебшчыне), а таксама назвы вёсак — Аўсянікі, Аўсішча, Аўсянка і да т.п., сведчаць пра тое, што авёс быў папулярнай раслінай у нашых продкаў. Напэўна, многія каштавалі аўсяны кісель, адметнасць якога ў тым, што яго не п’юць, а ядуць лыжкамі, — таксама вынаходніцтва нашых продкаў, якое дайшло да нас. Продкі нашыя варылі не толькі аўсяны кісель, але пяклі аўсяныя бліны, гатавалі кашы. Асноваю для некаторых страваў служыла талакно — аўсяная мука, але не звычайная змоланая. Каб атрымалася талакно, авёс прапарвалі, высушвалі, ачышчалі і таўклі, менавіта таўклі ў ступе, а не малолі — адсюль: талакно. Сёння талакно прымяняецца ў якасці лекавага сродку, які рэкамендуюць пры захворваннях страўніка, малакроўі, нервовым ператамленні і інш., але яго практычна не бывае ў нашых крамах.

Калі даведваешся пра традыцыі харчавання нашых продкаў, становіцца крыўдна ад таго, што мы так захапляемся новымі стравамі і прадуктамі харчавання, якія часта не прыносяць нам карысці, а забываем пра тое, што так цанілася нашымі мудрымі бабулямі і дзядулямі.

І невыпадкова так цанілі авёс. Авёс мае аптымальныя суадносіны вугляводаў, бялкоў, тлушчаў, вітамінаў у зернях, што робіць яго незаменным дыетычным і лекавым сродкам, які мае і радыеахоўныя ўласцівасці. У аўсе знаходзяцца макра-і мікраэлементы, у ім больш, чым у іншых злаках, жалеза, серы, крэмнію, калію, фосфару. У зернях аўса знаходзіцца ад 11 да 18% бялка, 4-6,5% тлушчу, крухмал, вітаміны групы В, вітамін К, вітамін Е, да 24% клятчаткі, амінакіслотаў, арганічных кіслотаў.

Лекавымі ўласцівасцямі валодаюць сцябліны і лісце зялёнага аўса, салома і зерне. Авёс аказвае агульнаўмацавальнае, супрацьзапаленчае, абвалакальнае, жоўцегоннае, мачагоннае, заспакаяльнае, патагоннае, гарачкапаніжальнае, супрацьсклератычнае і мяккае слабіцельнае дзеянне. Паляпшае якасць крыві, нармалізуе абмен рэчываў, зніжае ўзровень халестэрыну і ліпідаў у крыві, выдаляе з арганізма таксіны, дапамагае пры нервовых расстройствах, павышае імунітэт і здольнасць арганізма да самаачышчэння.

Аўсяныя прадукты выкарыстоўваюць у дыетычным харчаванні. Пры разварванні ў вадзе зерне (шматкі) утварае слізістую масу, якая не раздражняе страўнік. Слізісты адвар з аўса карысны для страўніка, яго прымяняюць пры панкрэатытах, калітах. Адвар дапамагае таксама вывядзенню свінца праз кішэчнік. У аўсянай кашы шмат крэмнія (а ён складае аснову тканкі лёгкіх), таму кашу рэкамендуюць ужываць для прафілактыкі туберкулёзу і пры яго лячэнні. Дыетолагамі даказана, што аўсяныя шматкі спрыяльна ўплываюць на дзейнасць сэрца і яго сасудаў, а ўжыванне дыябетыкамі аўсянага кісялю і шматкоў зніжае павышаны ўзровень халестэрыну. Стравы з аўсяных крупаў (каша, адвар ці рэдкі кісель) раяць ўжываць пры гепатыце, запаленні мачавога пузыра, затрымцы мачы ў дзяцей, пры цукровым дыябеце, жаўтусе, запаленні падстраўнікавай залозы, захворваннях органаў стрававання, туберкулёзе лёгкіх, ліхаманкавым стане, бяссонніцы, энурэзе, разумовым ператамленні.

Авёс паляпшае дзейнасць шчытападобнай залозы, прымяняецца пры лячэнні зоба (адвар зерня з мёдам). Авёс абнаўляе кроў, перашкаджае ўтварэнню тромбаў. Ён карысны для тоўстага кішэчніка, узмацняе перыстальтыку, а таксама паляпшае стан скуры і валасоў (калі прымаць адвары і маскі з талакна).

Для ачышчэння арганізма бяруць 150 г аўсянай мукі, якую вараць у 3 л вады. Ужываюць  на працягу дня, падзяліўшы на 5 порцый (можна даваць дзецям з 12 гадоў).

Пры захворваннях мачавога пузыра: 1 з паловай ст.л. сумесі (у роўнай колькасці) здробненай саломы зялёнага аўса, ягадаў шыпшыны, чабору, спарыша, травы і кораня дзікага цыкорыю заліць 2 шклянкамі кіпеню, настойваць 4 гадзіны, працадзіць і піць па паўшклянкі 2-3 разы ў дзень на працягу 2-3 тыдняў.

Пры бранхітах, задышцы: 1 шклянку аўса заліць 2 л малака і варыць (таміць) на працягу 1,5-2 гадзін у духоўцы (або ў печы). Прымаць па 1 шклянцы нанач.

У якасці жаўцягоннага сродка: 1 шклянку аўса заварваюць 1 л вады і выпарваюць (каб засталося прыблізна 700 мл). Піць астуджаны адвар па паўшклянкі 3 разы ў дзень.

Пры павышанай патлівасці ног: парыць ногі ў сумесі адвару аўсянай саломы з дубовай карой (1:10).

Ванны са свежай аўсянай саломы (0,5 — 1 кг саломы на 1 ванну) прымяняюць пры лячэнні рэўматызму, пры запаленні суставаў, а абмыванні (1:10) — пры лішаях і экзэмах, абмаражэннях і іншых хваробах скуры.

Спіртавая настойка зялёнага аўса прымяняецца як танізуючы сродак пры знясіленні, ператамленні, неўрастэніі, бяссонніцы. Раяць яе і тым, хто вырашыў кінуць курыць. Дарэчы, у краінах паўднёва-ўсходняй Азіі адвар аўса выкарыстоўваюць пры лячэнні тых, хто хоча адвыкнуць ад курэння опіума. Трэба здрабніць зялёную расліну на мясарубцы, напоўніць гэтай масай бутэльку, заліць гарэлкай і настойваць 2-3 тыдні ў цёплым месцы. Бутэльку трэба перыядычна ўстрасаць, потым працадзіць. Прымаць па 20-30 кропляў на 1 ст.л. вады 3-4 разы ў дзень перад пасілкам.

Для тых, хто жадае больш не атручваць свой арганізм курэннем, будзе карысны наступны рэцэпт: змяшаць па 100 г зерня аўса, жыта і проса; заліць 1 л вады, кіпяціць 10 хвілін, выліць у тэрмас і пакінуць нанач, а раніцай працадзіць. Піць па паўшклянкі 3-4 разы ў дзень. Ужываць да таго часу, пакуль не з’явіцца гідлівасць да цыгарэтаў.

Сок з зялёнага аўса багаты на вітаміны групы В, мінеральныя солі, ферменты, бялковыя рэчывы, крухмал і іншыя карысныя рэчывы. Ён добра дапамагае пры нервовым знясіленні, парушэннях сну, а таксама пры адсутнасці апетыту пасля грыпу і прастудаў.

Аўсяны кісель карысны пры нізкай кіслотнасці страўнікавага соку, дрэнным страваванні, запорах, калітах. Карысна ўжываць людзям, якія хварэюць на астэнію і гіпатанію, а таксама пры захорваннях вантробы, нырак, жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы і інш. Ён садзейнічае ачышчэнню арганізма, паляпшэнню абмена рэчываў і ўмацаванню імунітэта. Паўкілаграма аўсянкі трэба ўсыпаць у шкляны трохлітровы слоік, заліць прыблізна да паловы вадою, прыкрыць сурвэткаю і паставіць у цёплае месца. Праз тры дні добра размяшаць, вадкасць працадзіць праз сіта ў каструлю, паставіць на вялікі агонь і, мяшаючы, загатаваць. Астудзіць. Звычайна ні цукру, ні солі не дадаюць. Астуджаны кісель ядуць з мёдам, ягадамі ці ягадным сіропам.

Парады жанчынам

• Каб не было зморшчынаў, змяшаць 1 ст.л. апельсінавага соку з паўшклянкі гатаванай вады, дадаць талакно (або змеленыя ў кавамолцы аўсяныя шматкі — прыблізна 2 ст.л.). Намазаць на твар, патрымаць 10 хвілін, змыць цёплай вадой. Твар намазаць нятлустым крэмам.
• Карыснай будзе і такая маска, якая ажывіць твар (пры тлустай скуры): змяшаць талакно і кефір (у роўных прапорцыях), намазаць твар на 15-20 хвілін, змыць цёплай вадой.
• Калі выпадаюць валасы, карысна ўціраць у галаву аўсяныя шматкі, замочаныя ў невялікай колькасці цёплай гатаванай вады.

Нагадваем, што перш чым карыстацца лекавымі раслінамі, трэба параіцца з урачом, — магчыма, у Вас ёсць індывідуальныя супрацьпаказанні або алергія.

Падрыхтавала Аліна Лукашэвіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней