55. Многія ўмеюць распачаць, але нямногія ўмеюць давесці да завяршэння. І сярод гэтых нямногіх мы павінны імкнуцца паводзіць сябе як Божыя дзеці. Не забывайцеся: толькі праца, зробленая з любоўю, даведзеная да паспяховага завяршэння, вартая той ухвалы нашага Пана, пра якую мы чытаем у Святым Пісанні: «Канец працы лепшы за пачатак яе» (пар. Экл 7, 8).

Магчыма, у іншых размовах са мною вы ўжо чулі пра гэты выпадак, і ўсё адно я хачу яго ўзгадаць за вобразнасць і павучальнасць. Аднойчы я шукаў у Рымскім Рытуале формулу для благаслаўлення апошняга каменя, які павінен быць пакладзены на будоўлі і стаць значным сімвалам завяршэння заўзятай, мужнай і цяжкай працы многіх людзей на працягу многіх гадоў. Я быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў, што такой формулы няма, і я мушу задаволіцца benedictio ad omnia, агульным благаслаўленнем. Кажу вам як на споведзі, я быў упэўнены, што такі недагляд немагчымы, і некалькі разоў уважліва, але без карысці перачытаў індэкс Рытуалу.

Многія хрысціяне страцілі ўпэўненасць у тым, што суцэльнасць жыцця, якой патрабуе Бог ад сваіх дзяцей, вымушае нас асаблівым чынам клапаціцца пра выкананне дадзеных нам заданняў. Усе яны, да самых малых дробязяў, павінны быць асвечаныя.

Мы не можам прынесці ў дар Пану Богу нічога, што не з’яўляецца дасканалым (у межах нашых малых чалавечых магчымасцяў), мае хібы, не зроблена дэтальна ўважліва і дбайна. Бог не прымае халтуры. «Ніякай жывёліны, на якой ёсць хіба, не прыносьце, бо гэта не здабудзе вам упадабання» (пар. Лев 22, 20) — засцерагае нас Святое Пісанне. Таму праца кожнага чалавека, тая праца, якой мы аддаем свой час і высілкі, павінна быць годным прынашэннем Стварыцелю, operatio Dei, Божай працай, працай для Бога: бездакорнай і ў словах, і ў споўненых абавязках.

56. Звярніце ўвагу, сярод многіх ухвальных словаў, якія казалі пра Езуса тыя, хто быў сведкам Яго жыцця, ёсць такія, што пэўным чынам утрымліваюць у сабе ўсё. Я маю на ўвазе тое ўскліканне, поўнае здзіўлення і захаплення, якое паўтараў агаломшаны натоўп, назіраючы за Яго цудамі: «Bene omnia fecit», «Ён зрабіў усё добра» (Мк 7, 37). Захаплення вартыя і вялікія цуды, і штодзённыя нязначныя справы, якія нікога не дзівілі, але якія Хрыстус чыніў з поўнай адданасцю, як дасканалы Бог і дасканалы чалавек — perfrectus Deus, perfectus homo (Сімвал Афанасія Вялікага).

Усё жыццё Бог захапляе мяне. І асабліва зачароўваюць тыя трыццаць гадоў, якія ён правёў укрыта: у Бэтлееме, Егіпце і Назарэце. Гэты доўгі час, пра які Евангелле амаль нічога не кажа, здаецца пазбаўленым усялякага сэнсу для вачэй, якія глядзяць павярхоўна. Тым не менш, я заўжды сцвярджаў, што маўчанне адносна гэтых гадоў жыцця Настаўніка мае вельмі выразны характар і з’яўляецца цудоўным прыкладам для ўсіх хрысціянаў. Тыя гады былі поўныя цяжкай працы і малітвы. Хрыстус жыў звычайным жыццём, можна сказаць такім, як нашае, Божым і чалавечым адначасова, у простай і невядомай цяслярскай майстэрні. І тады, як і пазней перад натоўпам, Ён чыніў усё дасканала.

Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней