Праслаўленне Маці Божай у прыгожым пісьменстве стала ўжо даўняй і добрай традыцыяй у беларускай і замежнай літаратуры. Сярод мноства класічных прыкладаў варта згадаць паэтычныя словы малітвы Міколы Гусоўскага ў паэме «Песня пра зубра» («Кветак дзявочых краса! Прачыстая Дзева Марыя! // Просьбу маю падтрымай Боскай малітвай сваёй. // Ты паглядзі на пажары вайны, на кроў, што ліецца, // Многае воляй нябёс меч дазваляе сабе...» — Пер. з лац. У. Шатона), малітоўны зварот Адама Міцкевіча да Маці Божай Вастрабрамскай у паэме «Пан Тадэвуш» («Святая Дзева, што бароніш Чанстахову // І ў Вострай браме свеціш, што ўзяла ў ахову // Наш слаўны Навагрудак з добрым верным людам, // Як мне жыццё ў дзяцінстве Ты вярнула цудам...» — Пер. з пол. П. Бітэля) і многія іншыя творы старажытнай і сучаснай літаратуры.
Вялікую духоўную каштоўнасць маюць таксама сведчанні, успаміны, нарысы і даследаванні, звязаныя з культам Маці Божай, таму што яны, нібы іскрынкі, здольныя распаліць веру ў душах людзей і скіраваць іх духоўны позірк на тыя жыццёвыя сцежкі, якія вядуць да спазнання праўды, дабрыні і любові.
Памятаючы пра неабходнасць падтрымліваць традыцыю праслаўлення Маці Божай, якая спадарожнічае нам на ўсіх шляхах да Пана Бога, рэдакцыя часопіса «Ave Maria» правяла конкурс «Будслаў — прызнанне ў любові», прысвечаны 400-годдзю з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. Многія з твораў, дасланых на конкурс, друкаваліся ў папярэдніх нумарах часопіса «Ave Maria», «Наша вера», а таксама на iнтэрнэт-старонцы ave-maria.by.
У конкурсе прынялі ўдзел: Бажэна Буркас, Уладзімір Вайцяховіч, Ганна Валуевіч, Станіслаў Валэйка, Данута Голубева, Лілія Дарагуш, Марыя Дзюбак, Генавэфа Дубіловіч, Ірына (на жаль, аўтар не ўказала сваё прозвішча), Леанід Краўчонак, Іна Ламака, Янусь Малец, Марыя Мацюшонак, Сафія Меляшкевіч, Бернарда Мілашэўская, Людміла Паталей, Вольга Пяткевіч, Ядвіга Рай, Ірына Саматой, Ядвіга Сячко, Алена Татун, Таццяна Трафімчык, Соф’я Церах, Альбіна Цярэшка, Яўгенія Чакур, Ганна Шылько, Аксана Ючкавіч... Цешыць тое, што на конкурс адгукнуліся таксама дзеці — Дар’я Ермаковіч (14 гадоў) і Віталій Раманчук (12 гадоў). Іх творы былі надрукаваныя ў часопісе «Маленькі рыцар Беззаганнай».
Падвядзенне вынікаў і вызначэнне пераможцаў было вельмі няпростым, улічваючы жанравую і вобразную разнастайнасць дасланых на конкурс твораў. Але сярод іх ёсць такія, што заслугоўваюць асаблівай увагі за арыгінальнасць, майстэрства і навізну ў асэнсаванні гісторыі Будслава, яго ролі ў духоўным жыцці Беларусі і ў адлюстраванні пачуццяў да галоўнай нябеснай Апякункі нашага краю — Маці Божай Будслаўскай.
Такім чынам, мы з радасцю называем імёны пераможцаў конкурсу.
У намінацыі «Паэзія»:
І месца — паэт Янусь Малец, верш «Беражы нас, Заступніца» (за лепшы марыйны верш);
ІІ месца — Ірына Саматой, верш «Роднае» (за таленавітае спалучэнне марыйных і патрыятычных матываў);
ІІІ месца — Алена Татун, верш «Вянок з дванаццаці зорак да Маці Божай» (за арыгінальнасць паэтычнай формы праслаўлення Маці Божай).
У намінацыі «Эсэістыка»:
І месца — Уладзімір Вайцяховіч, эсэ «Матчына ласка» (за паэтычнасць вобразу зямной і нябеснай Маці, шматгадовае сведчанне любові да Маці Божай і пашырэнне марыйнага культу);
ІІ месца — Іна Ламака, эсэ «Першыя ў свой час...» (за адметнае бачанне сэнсу хрысціянскіх пілігрымак);
ІІІ месца — Ядвіга Рай, «Замалёўкі з поснай пілігрымкі» (за ўменне ўбачыць
і адлюстраваць незвычайнае ў звычайным падчас пакутных пілігрымак).
Спецпрызамі таксама ўзнагароджаны:
— скульптар Алесь Шатэрнік (за артыкул «Зімовы пленэр у Будславе», карціну «Будслаўская святыня» і актыўнае мастацкае далучэнне да святкавання юбілею абраза Маці Божай Будслаўскай);
— рэстаўратар Аркадзь Шпунт (за артыкул «Разлівы святла» і пранікнёна-глыбокае бачанне вобраза кардынала Казіміра Свёнтка як добрага пастыра і вялікага шанавальніка Маці Божай, будслаўскі абраз якой быў ім укаранаваны);
— супрацоўніца выдавецтва «Pro Christo» Ганна Шаўчэнка (за артыкул «Легенда пра Будслаў у „Літвінскіх малюнках“ Ігната Ходзькі», даследчыцкае адкрыццё новых цікавых крыніцаў па гісторыі Будслава).
Пераможцы атрымаюць спецыяльныя ўзнагароды падчас будслаўскіх урачыстасцяў. Іх творы, а таксама лепшыя вершы і эсэ іншых удзельнікаў конкурсу будуць выдадзены асобнаю кнігаю.
Шчыра дзякуем усім удзельнікам гэтага цікавага спаборніцтва, якое выразна паказала, што ўсе мы, хоць і крочым па розных жыццёвых шляхах, часам моцна аддаленыя адзін ад аднаго, у духоўным вымярэнні ўтвараем вялікую пілігрымку, у якой сумесна ідзем да Бога, а збірае нас разам на гэтай дарозе менавіта Божая Маці. Няхай Яна і далей умацоўвае нашу веру, падтрымлівае ў духоўных пошуках і выпрабаваннях, а таксама праслаўляецца ў нашых сэрцах, словах і ў нашым жыцці.
Рэд.