Навучыўся я гэтаму ў 1987 годзе, калі ў Аўстрыі пасля аднаго семінара да мяне падышла жанчына і запытала, як яна можа дапамагчы свайму сыну, які яе ненавідзіць. Яна не бачыла яго 10 гадоў, бо ён не хоча да яе прыйсці, спрабаваў нават забіць сябе, але быў выратаваны. Цяпер служыць у войску ў Аўстрыі. Адна яе дачка мае стасункі з мужчынам як палюбоўніца, другая жыве з нейкім мусульманінам. «Як я магу ім дапамагчы?» — пытала яна ў мяне.
Я тады спантанна адказаў так: па-першае, няхай пані разам з Езусам звернецца да сваіх дзяцей у духу (трэба выбраць час, калі ў пакоі нікога няма). Трэба ў духу глядзець ім у вочы і сказаць: «Прабачаю вам». Потым паўтараць: «Прабачаю вам, бо ведаю, што вы хворыя. Ведаю, што церпіце з-за таго, што такімі з’яўляецеся. Ведаю, сыне, што ты найбольш церпіш, прабачаю табе».
Другое — скажы: «Сыне, прабач мне, што не разумела цябе. Прабач, што недастаткова цябе любіла, калі ты быў ува мне і калі быў малым. Прабач, што і цяпер гавару пра цябе блага. Прабач, што не веру ў тваё навяртанне. Прыкра мне, прабач мне».
Трэці крок: «Сыне, прагну любіць цябе гэтак, як цябе любіць Бог. Прагну вырваць цябе з гэтага граху нянавісці і самагубства. Хачу, каб ты стаў здаровым чалавекам».
Чацвёрты крок: «Сыне, я дзякую Богу за цябе. Божа, дзякуй Табе за тое, што даў мне сына. Дзякую, што праз яго зменіш і мяне, а праз мяне — змененую — цяпер зменіш яго».
«Добра, але як я павінна маліцца за яго?» — спытала жанчына. Я адказаў: не маліцца, але глядзець у яго дух і гаварыць: «Прабач мне, і я прабачаю табе, прагну для цябе таго, чаго прагне Бог, і дзякую Богу за цябе».
«А ці ксёндз будзе за яго маліцца?» — спытала яна мяне. Я адказаў: «Не, не буду за яго маліцца. Вы за яго ўжо 10 гадоў моліцеся — і што? Нічога! Паўтараю яшчэ раз: ідзіце з Езусам да свайго сына і, звяртаючыся да яго духу, гаварыце тое, што я ўжо вам казаў». «Колькі разоў гэта казаць?» — спыталася яна. «Сто разоў у дзень!» — адказаў я. Яна з недаверам прамовіла: «Добра, але можа ёсць яшчэ штосьці?» «Не, не маю нічога іншага, толькі тое, што сказаў». Жанчына зноў пытаецца: «Але усё ж такі — як трэба маліцца?» Я паўтарыў ёй усё яшчэ раз, потым яшчэ і яшчэ раз.
Аднак жа цуды здараюцца
Праз два месяцы атрымаў ад яе ліст. Жанчына пісала: «Паважаны прафесар, здарыўся цуд. Нядаўна патэлефанаваў мне сын і спытаў: мама, ці можаш мне прабачыць, што ненавідзеў цябе на працягу 10 гадоў? Мама, ці магу я вярнуцца дадому? Мама, я быў вельмі злы, але ў апошнія дні штосьці ўва мне змянілася, не магу больш так жыць». Маці пісала, што адказала, каб сын прыязджаў як мага хутчэй. Праз гадзіну ён ужо быў у яе. Абняліся і доўга плакалі. Потым не маглі нагаварыцца...
Прайшло тры месяцы, як я атрымаў той ліст. Зноў паехаў у Аўстрыю на семінар. Аднаго дня да мяне падышла тая самая жанчына са сваім сынам. Я спытаўся у яго, ці праўда, што ён на працягу 10 гадоў ненавідзеў сваю маці? Ён сказаў, што гэта сапраўды так. На пытанне, ці ён цалкам змяніўся, адказаў, што цалкам, без ніякіх сумніваў. Маці дадала, што апошнім часам ён знайшоў сабе дзяўчыну і хоча браць з ёю шлюб у касцёле. Сказаўшы, што гэта яшчэ не ўсё, жанчына запрасіла ўвайсці сваю дачку разам з мужчынам, які быў яе каханкам. Дачка сказала, што яны хочуць узяць шлюб і пачалі хадзіць у касцёл на катэхізацыю. Я спытаўся, што іх змяніла? Адказалі: «Не ведаем, нібы зрок вярнуўся». Але і гэта яшчэ было не ўсё. Маці прывяла другую дачку, якая таксама жыла са сваім хлопцам без шлюбу. Ён мусульманін, але яны таксама вырашылі ўзяць касцёльны шлюб. Ён гатовы нават ахрысціцца. Я запытаўся ў яго, ці гэта праўда, а не якісь там жарт. Ён упэўнена адказаў, што гэта не жарт. Я нагадаў яму, што гэта небяспечна, бо, паводле Карану, яго могуць проста забіць. Адказаў, што не баіцца. І вось тут я ўсклікнуў: «Аднак жа цуды здараюцца!»
Тыя, хто моляцца, як гэта кабета, ведаюць: людзі мяняюцца. Таму з гэтай хвіліны ўжо не пытайцеся ў мяне, як навярнуць да Бога дачку, мужа, жонку. Калі ты зменіш свае адносіны да іх, і яны зменяцца да цябе. Калі ты ім прабачыш ад усяго сэрца, яны адчуюць, што ты прыняў іх у сваё сэрца. Калі ты просіш іх, каб яны табе прабачылі, тады яны адкрываюць свае сэрцы і гавораць: прыйдзі да нас. Калі ты іх любіш гэтак, як любіць іх Бог, тады яднаеш іх з Богам. Дух Божы ўваходзіць у цябе і ў іх, змяняючы вас. Калі цяпер дзякуеш Богу, то твая вера ў тое, што ўсё табе ўдасца, расце бязмежна.
Як дапамагчы хворым і залежным?
А таксама тым, хто думае пра самагубства, перажывае дэпрэсію? Трэба злучыць іх з безумоўнаю любоўю Бога. Як? Перадусім, калі яны — хрысціяне, вы павінны ім растлумачыць, што Бог — гэта абсалютная любоў і дабрыня. Бог гэтага хворага чалавека любіць бязмежна. З моманту зачацця Бог хацеў, каб менавіта ён прыйшоў у гэты свет, таму і стварыў яго. Бацькі далі яму толькі свой псіхафізічны ўзровень, а Бог стварыў яго і яго душу. Дазвольце, каб гэты чалавек падчас медытацыі паволі спазнаваў, што Бог яго любіць. Трэба, каб ён пакрысе перажываў гэта, паўтараў услых, каб хутчэй дайшло да яго душы. Гэта — першы лек ад усіх хваробаў. Не рабіце нічога іншага, перадусім злучыце яго з безумоўнай любоўю Бога.
Супрацьпаказана ў гэтых выпадках пачынаць з малітваў вызвалення. Нельга гаварыць пра грахі і змушаць чалавека да споведзі, нагадваць яму пра д’ябла і пра нешта негатыўнае, не. Найперш трэба суправадзіць чалавека да Божай любові і нагадаць яму, што Бог заўсёды быў у яго жыцці, але ён проста гэтага не ведаў.
Акрамя таго, нельга аналізаваць хваробы гэтага чалавека. Нельга дазваляць, каб яна ці ён расказвалі пра сваю хваробу, асабліва псіхічную, бо гэта іх проста заб’е. Псіхааналіз забіў шмат людзей, пра што сведчаць мае калегі псіхіятры. Калі аналізуеш псіхічную альбо фізічную хваробу чалавека, сам нейкім чынам упадаеш ў яе, бо ўваходзіш у яе і ўжо не можаш дапамагчы таму чалавеку. Найперш дапамажы яму ўсвядоміць, што Бог яго вельмі любіць ад моманту зачацця і ніколі, якое б ні было яго мінулае, не пераставаў любіць. Самае галоўнае — трэба напоўніць гэтага хворага Божай любоўю. Зразумейце, што трэба менавіта любіць Бога, напаўняцца Яго Божаю любоўю, купацца ў Яго любові, цешыцца Яго любоўю.
Падрыхтавала Галіна Горская.
Паводле часопіса «Рэха Меджугор’я...», №287, снежань 2011 года.