Аддаваць па-сапраўднаму

Трыццаць другая звычайная нядзеля, год В (11.11.2012)

Чытанні: 1 Вал 17, 10–16; Пс 146 (145), 6c–7. 8–9а. 9bc–10; Гбр 9, 24–28

Евангелле паводле святога Марка 12, 38–44

Ці блізкі вам той досвед шчодрасці, калі трэба з радасцю выдаткаваць на нейкую добрую мэту пэўную суму грошай (вялікую ці малую), не клапоцячыся пра сябе самога? Калі так, у гэтым вы падобныя да ўдавы з сённяшняга літургічнага чытання. Тут мы адкрываем веліч чалавечага сэрца, якое даверылася Богу. Ён — нібы дзіця перад Нябесным Айцом. Ён усведамляе, што залежыць ад Яго ва ўсім, і ў фінансавых пытаннях таксама. Менавіта ўдава дала больш за ўсіх тых, хто складаў ахвяру. 

А аддаць больш за ўсіх — гэта значыць даць усё. І толькі такая ахвяра сапраўды вартая Бога. Яе можа скласці толькі той, хто дазволіў Богу весці сябе праз розныя складаныя жыццёвыя сітуацыі. Можа сёння варта ізноў задаць сабе пытанне: наколькі я аддаю сябе і ўсе свае справы Богу? Ці я размаўляю з Богам пра ўсё, як умілаванае дзіця з Айцом? Ці я дазваляю, каб мяне асвятляла Яго мудрасць? 

Памятайма, што аддаваць — гэта значыць перш за ўсё не перашкаджаць Богу дзейнічаць у нашым жыцці. Аддаваць — гэта значыць рабіць тое, што мы ў стане зрабіць, а ўсё астатняе пакінуць на Божую волю. Аддаваць — гэта значыць стаць перад Ім як дзіця. Гаворка не ідзе пра бяздзейснасць. Наколькі я даверуся і аддам, настолькі Бог будзе апекавацца маімі справамі, настолькі Ён аддасць сябе за мяне. Праўда ў тым, што Бог нічога не патрабуе ад нас, бо ні ў чым не мае нястачы. Калі ж Ён просіць нас нешта аддаць — сябе і свае справы ў Яго ру­

кі — гэта толькі таму, што Ён клапоціцца пра нашую свабоду і пра тое, каб мы ўзрасталі ў любові. Парадаксальна, калі я, напрыклад, аддам Богу ровар, які мне вельмі патрэбны, а Ён замест ровара прынясе мне ключы ад аўтамабіля. Калі Бог хоча, каб я аддаў свой ровар, то менавіта дзеля таго, каб з гэтага часу я служыў Яму і бліжнім з дапа­могаю аўтамабіля ў яшчэ большай свабо­дзе, любові і мудрасці. Але аддаваць трэба пасапраўднаму! І найбольш гэта датычыць справаў, звязаных з духоўным жыццём. Калі мы прысвячаем Богу ўсё сваё жыццё, усю прыгажосць, якую Ён уклаў у нас, і ўсе нашыя заганы таксама, тады Ён пачынае выкарыстоўваць нас як свае прылады, як мастак выкарыстоўвае пэндзаль, а футба­ліст — мяч. Таму будзем прасіць Бога аб гэ­тай ласцы даверу, якую атрымала ўдава з сённяшняга евангельскага ўрыўку, каб і мы заслужылі пахвалу ад Пана. Гэта адзіны шлях да таго, каб яшчэ больш любіць Бога і бліжніх. 

Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней