Галоўная мара жыцця

Галоўная мара майго жыцця споўнілася — я пабывала на Святой Зямлі! Шчыра кажучы, думала, што адбудзецца гэта пазней з-за пэўных праблемаў. Аднак мы плануем, а Бог кіруе. Да хутчэйшага здзяйснення маёй мары падштурхнула падзея асвячэння табліцы з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове ў касцёле Pater Noster, што на Аліўнай гары ў Ерузалеме. Гэта святыня знаходзіцца на тым месцы, дзе Езус вучыў сваіх апосталаў малітве «Ойча наш». Дух захоплівала ад думкі, што можна быць удзельнікам гэтай гістарычнай падзеі, не кажучы ўжо пра тое, што будзе магчымасць наведаць галоўныя святыя мясціны, звязаныя з Езусам Хрыстом і Яго Найсвяцейшай Маці.

З Беларусі сабралася тры групы пілігрымаў, якія вырушылі на Святую Зямлю ў розныя дні. Наша група пад кіраўніцтвам ксяндза Віталя Маргунова, вікарыя мінскага касцёла святых Сымона і Алены, выправілася ў падарожжа 17 кастрычніка. Ноччу аўтобусам мы ехалі да Кіева, а раніцаю самалётам — да Тэль Авіва (праз Украіну танней).

Праз тры гадзіны нас сустрэла яркае сонца Ізраіля з тэмпературай паветра +28. Не ведаю, як у каго, але ў мяне было адно непераадольнае жаданне — хутчэй пацалаваць гэту сапраўды Святую Зямлю. У вачах стаяла постаць Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, які, кленчачы, цалаваў зямлю, выйшаўшы з самалёта. У мяне не хапіла тады смеласці, і я зрабіла гэта сэрцам. Потым ужо не саромелася цалаваць зямлю ў дарагіх сэрцу святынях, уяўляючы сляды Езуса Хрыста, палітыя Яго крывёю, слязьмі і потам...

Праграма нашай пілігрымкі была вельмі цікавай і насычанай. Першыя тры дні мы жылі ў атэлі на беразе Міжземнага мора. Хто хацеў, меў магчымасць паплаваць раніцаю і ўвечары, а дзень быў цалкам прысвечаны наведванню святых мясцінаў: Назарэта, Каны Галілейскай, гары Табор, наваколля Галілейскага мора, Ярдана і іншых.

На наступныя чатыры дні наша група пераехала ў Бэтлеем — падарожжа амаль праз увесь Ізраіль. З вакна нашага гатэля «Santa Maria» віднеўся храм Нараджэння Езуса Хрыста. Вельмі цяжка было паверыць у рэальнасць бачнага. Часам здавалася, што гэта цудоўны сон. І як жа хацелася, каб ён не заканчваўся!

Перажыванні на Святой Зямлі ні з чым не параўнальныя! Ніякія аповеды, слайды і фільмы не заменяць асабістай прысутнасці там. А ўсім, хто гаворыць, што прайшло больш за 2 тысячы гадоў і што ад тых лёсавызначальных часоў і падзеяў амаль нічога не засталося, хочацца запярэчыць: «Дух Езуса Хрыста там жыве!» Вельмі моцна многія з нас гэта адчулі ў святыні Нараджэння Езуса Хрыста, на Крыжовым шляху Езуса, у храме Гроба Пана, у Аліўным садзе...

Вядома, што ніводная пілігрымка не абыходзіцца без цяжкасцяў і пакутаў, тым больш пілігрымка на Святую Зямлю. Апроч асабістых праблемаў, галоўнай і агульнай пакутай стала немагчымасць удзелу групы ва ўрачыстасці асвячэння табліцы «Ойча наш». Урачыстасць гэта з самага пачатку планавалася на 24 кастрычніка, але пазней была перанесена на 25-е. Мы ж у гэты дзень рана адляталі да дому. Сказаць, што пілігрымы былі моцна засмучаныя, гэта нічога не сказаць. Амаль усе, і католікі, і праваслаўныя, а іх было палова групы, прызналіся, што дзеля гэтай падзеі паехалі на Святую Зямлю менавіта ў гэты час. Бачачы нашыя перажыванні і нават слёзы, экскурсавод Міхаіл, вельмі здзіўлены, казаў: «Мяне ўражвае ваш патрыятызм».

Як і было запланавана, 24 кастрычніка мы наведалі святыню Pater Noster. Наш самы юны пілігрым 13-гадовы Міколка абляцеў вялізны храм, налічыў 163 табліцы з тэкстам «Ойча наш» на розных мовах і нарэшце знайшоў нашу. Мы ўсе разам памаліліся гэтай малітвай, святары нас благаславілі, а потым мы зрабілі агульны здымак.

Сваю непрысутнасць на ўрачыстасці і перажыванні з гэтай прычыны мы ахвяравалі Пану Богу за духоўнае адраджэнне нашай краіны, а таксама ў гэтай інтэнцыі і ў гэты ж дзень у касцёле Dominus Flevit («Сляза Пана») цэлебравалася святая Імша. Дзякуючы нашым святарам Віталію Маргунову і Юрыю Находку ОСD мы мелі магчымасць удзельнічаць у святой Імшы кожны дзень. Святая Імша перажывалася тут зусім інакш, дарэчы, і  па вяртанні дадому яна перажываецца ўжо не так, як раней. Многае змянілася ў душы і ў сэрцы, і   за гэта вялікая ўдзячнасць Пану Богу.


Галіна Калевіч, Мінск


Радасная падзея

«Ну нарэшце нашая краіна дачакалася такой падзеі, калі беларусы на міжнароднай арэне могуць  прадэманстраваць сябе як народ са сваёй адметнай культурай, а вернікі як члены самастойнага партыкулярнага Касцёла» — такія ганарлівыя думкі былі ў маёй галаве, калі прымаў удзел у гэтай урачыстасці. Думаю, што не адзін я мог пераканацца ў тым, што Касцёл і Царква на Беларусі — гэта не нейкія дадаткі да Касцёла польскага ці Царквы маскоўскай, а паўнавартасныя  члены хрысціянскай супольнасці. І гэтыя супольнасці будуць мець прыгожую будучыню, калі яшчэ больш адкрыюцца на багатую культурную спадчыну нашай беларускай зямлі. Дай нам Божа ісці гэтым шляхам!

Думаю таксама, што гэта  яшчэ толькі пачатак беларускіх урачыстасцяў на Святой Зямлі. Спадзяюся, што пры ўсталяванні наступных шыльдаў са Святога Пісання па-беларуску не будзе недахопу прадстаўнікоў іерархаў з Царквы Праваслаўнай, якіх на гэты раз, на жаль, не хапала. Дарэчы, сярод беларускіх пілігрымаў былі вернікі з усіх канфесій (прынамсі, у нашых групах былі і праваслаўныя, і пратэстанты).


Кс.Вячаслаў Барок, пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча, г. п. Расоны.



Больш пачынаеш разумець...

Асвячэнне табліцы «Ойча наш» на беларускай мове, безумоўна, вялікая падзея ў гісторыі не толькі Касцёла, але і ўсёй краіны. Калі трапляеш у гэтыя святыя мясціны, ды яшчэ на такое вялікае свята, чакаеш чагосьці незвычайнага, чакаеш сапраўднага цуду.

Мяне кранула не пампезнасць і значнасць, а прастата гэтага моманту. Напэўна, менавіта так і было шмат гадоў назад, калі вучні папрасілі Хрыста навучыць іх маліцца. Ён сказаў ім, каб яны называлі Бога Айцом...

Калі глядзіш на табліцы «Ойча наш» на розных мовах, сярод якіх з’явіўся тэкст і на беларускай, ахоплівае нейкае незвычайнае пачуццё далучанасці да гэтага моманту ў тваім жыцці. І крыху больш пачынаеш разумець, што для Бога кожны чалавек мае каштоўнасць і што значыць выраз «Усе мы браты», бо Айцец у нас адзін...


Галіна Гей, Мінск

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней