Незвычайны звычайны верас

Першы месяц восені беларусы назвалі вераснем, замілаваўшыся гэтай адметнай раслінай. Менавіта на пачатку восені пачынае квітнець верас, радуючы нас сваім далікатным колерам і непаўторным водарам. А Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік так замілавалася верасам, што найчасцей падпісвалася псеўданімам Зоська Верас. Яна нават прысвяціла гэтай расліне верш:

Цвітуць на ўзлеску верасы
Пяшчотным колерам
ліловым.
Змаўкаюць птушак
галасы,
Губляюць першы ліст
дубровы.
Як промні сонейка зальюць
Апошняй цеплынёй
паляны, —
Тут пчолы рупныя снуюць
I звон плыве іх несціханы.
Апошні верасовы мёд
Пчалу паклікаў у палёт.

У іншых краінах таксама не абышлі ўвагай гэтую цудоўную  расліну. У Нарвегіі верас з’яўляецца нацыянальнаю кветкаю, а ў культуры Шатландыі ён займае ўвогуле асаблівае месца. У старажытнасці з расліны рабілі жоўтую фарбу для знакамітай тканіны «шатландкі», з якой шылі нацыянальнае адзенне. Яшчэ ў ІІ ст. да н.э. верас выкарыстоўвалі для прыгатавання эля — традыцыйнага шатландскага моцнага піва.

Пра верас існуе шмат легендаў. Старадаўняя шатландская легенда апавядае, што верас быў адзінаю раслінаю, якая «пагадзілася» расці на скалістых пагорках.
І за гэтую пакору Бог даў верасу незвычайную цярплівасць, непатрабавальнасць і пяшчотны чароўны колер, які так радуе сярод восеньскіх фарбаў.

У многіх народаў верас звычайны (Calluna vulgaris) з глыбокай старажытнасці прымяняўся ў якасці лекавага сродку. Нашы продкі пілі з верасу гарбату, лячылі рэўматызм, поліартрыт, бяссонніцу, пілі адвар, калі балелі страўнік, вантроба ці ныркі.

У якасці лекавага сродку выкарыстоўваецца лісце з кветачкамі верасу. Расліна багатая на дубільныя рэчывы, эрыкалін, арбутын, флаваніды,  карацін, у ёй ёсць алкалоіды, лімонная і фумаравая кіслоты, сапаніны, смолы, крухмал і іншыя карысныя рэчывы. Верас прымяняецца як мачагонны, патагонны, супрацьзапаленчы, вяжучы, крыху снатворны і супакаяльны сродак, які добра ўплывае на нервовую сістэму.

У медыцыне настой расліны прымяняюць пры запаленні нырачных лаханак і мачавога пузыра, пры нырачнакаменнай хваробе як антысептычны, супрацьзапаленчы сродак; пры паносах, энтэракалітах як вяжучы сродак; пры нервовай узбуджальнасці як супакаяльны і снатворны сродак. Прымяняецца таксама пры гастрытах з павышанай кіслотнасцю, пры рэўматызме, падагры і як адхарквальны сродак.

Настойкай з верасу лечаць туберкулёз лёгкіх, ацёкі на нагах, а таксама сардэчныя і нырачныя захворванні.

Адварам верасу прамываюць раны. Часам пры лячэнні ранаў, апёкаў і іншых захворванняў скуры прымяняюць парашок з высушанага верасу, якім пасыпаюць раны. Адвар выкарыстоўваюць для ваннаў пры рэўматызме.

Выкарыстоўваць верас як лекавы сродак нельга тым, у каго паніжаная кіслотнасць страўнікавага соку.

Адвар з кветак верасу
1 ст. л. кветак заліць 0,5 літра кіпеню (у тэрмасе) і настойваць 1 гадзіну. Піць 2–4 разы ў дзень па 1/3 — 1/5 шклянкі ў якасці мачагоннага сродку.

Або: гэтую колькасць навару піць за паўгадзіны да ежы для лепшага стрававання.

Адвар з верасу (лісце з кветкамі)
1 ст. л. высушанай расліны заліць 2 шклянкамі кіпеню, настойваць 2 гадзіны (найлепш у тэрмасе). Піць 3–5 разоў па 1/3 шклянкі перад пасілкам пры нырачнакаменнай хваробе, запаленні нырак, жоўцевага пузыра, пры гастрытах з павышанай кіслотнасцю.

У якасці супакаяльнага сродку можна прымяняць наступную сумесь лекавых раслінаў: пустырнік, верас, сушаніца, корань валяр’яну,
(у суадносінах 3:4:3:1). 4 ст. л. гэтага збору заліць 1 л кіпеню (настойваць у тэрмасе 5–6 гадзін). Прымаць па 1–2 ст.л. праз кожную гадзіну на працягу дня.

Кветкі і лісце верасу трэба нарыхтоўваць, калі верас пачынае расцвітаць, зразаючы палову галінак (да іх здзеравянелай часткі). Сушыць іх трэба ў памяшканні, якое добра праветрываецца, або ў сушылках пры тэмпературы не больш за 40 градусаў.

Народная медыцына раіць піць сушаныя кветачкі верасу ў якасці напою, які дае сілы. Трэба ўсыпаць у шклянку прыблізна 1 лыжачку кветачак верасу, заварыць, прыкрыць і настойваць 10 хв., каб гарбата набыла чырванаваты колер.

Папулярны верас і ў касметыцы. Навуковыя даследаванні выявілі, што гэтая расліна не толькі ўвільгатняе скуру, але аберагае яе ад уплыву шкодных знешніх фактараў. Для ўмацавання валасоў адвар верасу змешваюць з адварам каранёў лопуха і крапівы. Верас славіцца сваімі рэгенератыўнымі ўласцівасцямі і таму яго раяць запарваць і прымаць ванны, адвар можна дадаваць у маскі, ад якіх твар маладзее. Дарэчы, вельмі добра рабіць маскі з верасовага мёду, славутага сваімі антысептычнымі ўласцівасцямі. У ім даследчыкі выявілі шмат гармонаў росту, нейрагармонаў і ажно 47 біяэлементаў, якія добра засвойваюцца арганізмам.

Верасовы мёд — найлепшы з усіх гатункаў кветкавага мёду. Ён мае вельмі моцны водар, бо ў ім — вялікая колькасць эфірных масел і яшчэ 120 іншых субстанцый, якія паходзяць з нектару. Хоць у такім мёдзе няшмат вітамінаў, але іх недахоп кампенсуецца энзімамі і незамяняльнымі амінакіслотамі. Верасовы мёд прымяняюць пры хваробах вачэй, сэрца, пры прастудзе і грыпе, а таксама пры лячэнні хваробаў прастаты.

Верасовы мёд здабыў сваю папулярнасць і ў прыгатаванні розных кісла-салодкіх соусаў да мясных страваў. Гэты гатунак мёду дадаюць таксама да ёгуртаў, якія набываюць непаўторны смак і пах.

Падрыхтавала
Аліна Лукашэвіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней