45. Узгадаем цяпер прыпавесць пра чалавека, які, ад’язджаючы ў далёкую краіну, паклікаў слугаў і даручыў ім сваю маёмасць (гл. Мц 25, 14–30). Кожнаму ён даў розную колькасць грошай, каб тыя распарадзіліся імі ў яго адсутнасць. Мне здаецца, вельмі карысна звярнуць нашую ўвагу на паводзіны слугі, якому быў давераны адзін талент грошай. Такое стаўленне да справы называецца ў маёй краіне cuquerнa — выкрутлівасць, пралазлівасць. Ён думае і разважае сваім «недапечаным» розумам, і прымае рашэнне: «пайшоў і закапаў яго [талент] у зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара»
(Мц 25, 18).
І чым жа займаецца гэты чалавек пасля, калі пазбаўляецца свайго працоўнага «інструменту»? Ён легкадумна палічыў за лепшае і зручнейшае вярнуць толькі тое, што яму даверылі. Ён узяўся забіваць хвіліны, гадзіны, дні, месяцы і гады — жыццё! Іншыя завіхаюцца, вядуць справы, рупліва клапоцяцца пра тое, каб вярнуць больш, чым атрымалі: законны прыбытак. Яны атрымалі вельмі канкрэтнае даручэнне: «negotiamini dum venio — зарабляйце, пакуль не вярнуся» (Лк 19, 13). Усе слугі занятыя справаю, каб атрымаць прыбытак да таго часу, калі вернецца гаспадар. Гэты ж — не, ён марнуе сваё жыццё.
46. Якая пакута: жыць, заўжды марнуючы час — Божы скарб! Нішто не можа гэта
апраўдаць. Ніхто не мае права казаць: «У мяне толькі адзін талент, я не здолею нічога дасягнуць». І з адным талентам ты можаш працаваць так, каб гэта было варта ўзнагароды. Як жа сумна: не атрымаць сапраўднага шчодрага ўраджаю з ўсіх тых здольнасцяў, многіх ці нямногіх, якімі Бог адорвае чалавека, каб той прысвячаў сябе служэнню душам і грамадству!
Калі хрысціянін марнуе свой час на зямлі, ён знаходзіцца ў небяспецы змарнаваць сваё Неба, калі з-за эгаізму адыходзіць, хаваецца, адкідае ад сябе штодзённыя клопаты. Той, хто любіць Бога, не толькі аддае ўсё, што мае, каб служыць Хрысту, ён аддае самога сябе. Ён не апускае вачэй, не бачыць увасаблення свайго «я» ў здароўі, імені,
кар’еры.
47. «Маё, маё, маё...» — думаюць, кажуць і чыняць многія. Як жа гэта надакучыла! Святы Геранім піша, што сапраўды, «“каб шукаць апраўданне сваім грахам” (пар. Пс 141, 4), гэтыя людзі да граху пыхі дадаюць яшчэ ляноту і нядбайнасць» (Св. Геранім Commentarium in Matthaeum libri, 4, 25; PL 26, 195).
Гэта пыха без канца бурчыць: «Гэта маё, маё, маё...» Гэтая загана ператварае чалавека ў бясплоднае стварэнне, знішчае жаданне працаваць для Бога, змушае марнаваць час. Не губляй сваёй здольнасці прыносіць плён, замест гэтага лепш знішчы ў сабе эгаізм. Тваё жыццё толькі для цябе? Тваё жыццё для Бога, для дабра на карысць усіх людзей дзеля любові да Бога. Адкапай гэты талент! Прымусь яго прыносіць прыбытак і адчуеш радасць ад таго, што ў гэтай звышнатуральнай «камерцыі» не мае ніякай значнасці, што вынік тваёй працы можа і не стаць цудам на зямлі, якім будуць захапляцца ўсе людзі. Значнасць мае толькі аддаць усё, чым мы з’яўляемся і чым валодаем, паклапаціцца пра тое, каб талент прыносіў прыбытак, і заўжды імкнуцца атрымліваць добры плён.
Магчыма, Пан Бог дасць нам яшчэ адзін год, каб мы паслужылі Яму. Не думай, што іх будзе пяць ці хаця б два. Засяродзься толькі на гэтым адным, які маеш: працуй з ім, а не закопвай! Вось гэта павінна стаць нашай пастановаю.
48. «Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў» (Мц 21, 33).
Давайце паразважаем над сэнсам гэтай прыпавесці з таго пункту гледжання, які нас цікавіць сёння. Традыцыя ўбачыла у ёй увасабленне лёсу выбранага народу і перш за ўсё звярнула нашую ўвагу на тое, якой здрадлівасцю і няўдзячнасцю людзі адказваюць на вялікую Божую любоў.
Я хачу затрымацца ў гэтай прыпавесці на слове «паехаў». І адразу прыходжу да высновы, што мы, хрысціяне, не павінны пакідаць вінаграднік, які даў нам Пан Бог. Мы павінны прыкладаць высілкі да гэтай працы, не выходзячы за агароджу, працуючы ў давільні, а скончыўшы працоўны дзень, адпачываць на вежы. Клапаціцца адно пра ўласную добраўпарадкаванасць — гэта значыць адказаць Хрысту: «Гэй, мае гады належаць толькі мне, а не Табе. Я не маю ніякага жадання займацца Тваім вінаграднікам».
49. Пан Бог падараваў нам жыццё, пачуцці, здольнасці, незлічоныя дары. Мы не маем права забыць, што мы разам з іншымі людзьмі працуем у гэтым маёнтку, дзе Ён паставіў нас, каб мы працавалі з Ім разам, здабываючы ежу для ўсіх астатніх. Тут нашае месца, на гэтай прасторы. Тут мы павінны кожны дзень выдаткоўваць сябе разам з Ім, дапамагаючы Пану ў Яго збаўчай працы (гл. Кал 1, 24).
Я настойліва паўтараю: твой час для цябе? Не, твой час для Бога! Магчыма, па міласэрнасці Божай гэтага эгаізму цяпер няма ў тваёй душы. Я кажу гэта на той выпадак, калі ты, магчыма, адчуеш, што тваё сэрца вагаецца ў веры Хрыстовай. Таму я прашу — Бог просіць у цябе — быць верным у выкананні абавязкаў, змагацца з пыхаю, стрымліваць пустыя фантазіі, не дазваляць сабе сысці, не быць дэзертырам.
У іх быў цэлы дзень: у тых працаўнікоў, што стаялі ў цэнтры пляца. Той, хто закапаў талент у зямлю, хацеў забіць час. Той, хто павінен быў клапаціцца пра вінаграднік, паехаў у далёкую краіну. Усіх іх яднае абыякавасць перад вялікаю задачай, якую Настаўнік паставіў перад кожным хрысціянінам: лічыць саміх сябе і паводзіць сябе як інструменты ў Яго руках, каб супрацоўнічаць з Ім у збаўленні, выдаткаваць усё сваё жыццё на пачэсную ахвяру на карысць душаў.
50. Таксама святы Мацвей распавядае нам пра Езуса, які, вяртаючыся з Бэтаніі, адчуў голад (гл. Мц 21, 18). Хрыстус заўжды мяне ўражвае і асабліва, калі я бачу ў Ім сапраўднага дасканалага Чалавека, які з’яўляецца таксама і дасканалым Богам, каб навучыць нас выкарыстоўваць дзеля дабра нават нашую нікчэмнасць і прыродныя слабасці характару, каб аддаць саміх сябе, такіх, якія мы ёсць, Айцу, што з радасцю прыме гэтае ўсеспаленне.
Хрыстус захацеў есці. Стварыцель сусвету, Пан ўсяго, што існуе, церпіць голад! Божа, дзякую Табе за
тое, што пад уплывам боскага натхнення святы пісьменнік пакінуў такі штрых у гэтым урыўку тэксту, пакінуў дэталь, якая штурхае мяне любіць Цябе яшчэ больш, з захапленнем і шчырасцю імкнуцца сузіраць Тваю Найсвяцейшую Чалавечнасць, «рerfectus Deus, perfectus homo — дасканалы Бог і дасканалы чалавек» («Сімвал» Афанасія Вялікага) з плоці і крыві, як мы ўсе.
Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.