«Вінаграднік» на Дняпры

«Вінаграднік» — так называюцца гэтыя малітоўныя сустрэчы ў аршанскай парафіі святога Юзафа. У іх удзельнічаюць вернікі не толькі з Оршы, але і з Віцебска, Полацка, Наваполацка, з Жодзіна, Мінска, Крупак...

Для кожнага знойдзецца месца
Ім усім тут не цесна. Як тлумачыць ініцыятар і арганізатар гэтых сустрэчаў айцец марыянін Аляксандр Жарнасек, на тое ён і вінаграднік, каб у ім было месца для ўсіх. Для тых, хто садзіць вінаград, палівае яго, даглядае, абразае. Для тых, хто вартуе, хто выконвае ролю агароджы, каб вінаград не «паядаў звер лясны». Хто збірае ўраджай, хто потым будзе выціскаць сок з ягадаў... У Божым вінаградніку заўсёды і ўсім хопіць месца, абы толькі была ахвота да працы ў ім і каб гэтае жаданне не згасала. Бо яно ж так, на жаль, часта бывае: загарыцца чалавек добрай справай, здаецца, горы гатовы перавярнуць. А як насцігне яго няўдача, дык куды толькі падзенецца той раптоўны запал? Зерне было кінута ў зямлю, але ці то глеба была камяністая, неўрадлівая, ці то паліваць ды падкармліваць усходы гаспадар не парупіўся... 

Каб зерне дало плён
Што найперш патрэбна для гэтага? Руплівасць ды настойлівасць. На жаль,  не ўсе і не адразу мы разумеем словы Святога Пісання. Але калі западзе нам нейкі фрагмент у душу, мусім імкнуцца зразумець яго, прапусціць праз сэрца, каб адгукнуцца на Божыя словы ўчынкам альбо важным рашэннем. Тады і будзе надзея на тое, што не надарэмна пасеяна яно, гэтае зерне, у нашае сэрца. Пра тое, як сеецца Сейбітам зерне ў нашыя сэрцы, як мы прымаем яго, наколькі адказна й беражліва потым даглядаем, ішла гаворка на «Вінаградніку» ўвесну.

Запамяталася, як пасля канферэнцыі была праца ў групах і мы па пяць-сем чалавек расселіся ў прыгожым прыкасцёльным парку з Евангеллем у руках. Дзівіліся, мабыць, прахожыя, якія часта прыходзяць у гэты парк проста адпачыць, чуючы, як людзі горача гаварылі пра тое, калі ў іх атрымліваецца даваць рады з пасеяным зернем, а калі не. Гэтага «не», мабыць, хапае ў духоўным жыцці кожнага верніка. Важна тое, як мы да гэтага паставімся: забудзем і махнем рукой альбо будзем разбірацца ў прычынах няўдачы, шукаць адказу, будзем змагацца за будучы ўраджай. Божая справа патрабуе трываласці і вернасці ёй. Гэта асабліва запала ў душу на той веснавой сустрэчы ў «Вінаградніку».

Наша вернасць Яму
Пра яе часта ідзе гаворка на «Вінаградніку», бо вернасць заўсёды мусіць быць там, дзе ёсць любоў, а ў хрысціянскай веры без любові немагчыма. Сам Хрыстус назваў першую запаведзь любові да Бога і бліжняга галоўнаю. І невыпадкова сказана ў Святым Пісанні, што Божая любоў раўнівая. У Бога не можа быць супернікаў. А мы так часта здраджваем Яму, не надта задумваючыся над гэтым — так, нібыта між іншым, бо гэта ж мы зусім несур’ёзна зазіраем у гараскопы, варожым на замуства, на ўсялякі выпадак кідаемся да шаптухаў, дзеля жарту набываем амулеты, якія нібыта павінны берагчы нас ад усялякай заразы. А потым гэтак жа шчыра й дружна зацягваем:

Марыя, прыгожа Панна,
Маці Збаўцы і наша Маці!
Ты нам дапамажы,
Ад ліхоццяў нас беражы.

Ад ліхоццяў, якія мы часам у сваёй бяздумнасці самі ж і наклікаем на сябе, а потым дзівімся: адкуль што ўзялося?

На сустрэчах у «Вінаградніку» пра гэта часта ідзе гаворка. Малітва, што зазвычай
завяршае «Вінаграднік», найбольш працяглая па часе — гэта малітва праслаўлення Пана Бога і просьба ў Яго ласкі духоўнага і фізічнага аздараўлення. Яна часам трывае да трох гадзінаў і распачынаецца зазвычай адрачэннем ад учыненых грахоў ды правінаў, ад усяго, што не мае пачатку ў Богу. Бо як прасіць чагосьці ў Яго, не перапрасіўшы за нашу няверу, нашыя легкадумныя «жарцікі», за якімі так часта тояцца зло, недавер, сумненні, што толькі ў Ім нашае жыццё і вызваленне? Сказана ж, што «добры Бог да тых, чыё сэрца чыстае».

Сведчанне пра Яго
Не замыкацца на шляху веры ў сабе, але дзяліцца з іншымі тым, што Бог дае табе, менавіта табе, а не камусьці іншаму — гэта і ёсць сведчанне пра Яго дзеянне. Яно, як паказвае жыццё, найбольш уздзейнічае на людзей — часта мацней за прачытаныя кнігі і фільмы. Бо чалавек зазвычай сведчыць вельмі праўдзіва і шчыра. Тады кажуць: «Такога не прыдумаеш». Дзеянне Бога ў нашым жыцці бывае розным. Часам такім, што чалавечы шлях павернецца на 1800, часам — лёгкім, ледзьве заўважным. Але заўсёды непаўторным.

На малітоўнай сустрэчы «Вінаградніка» ўвесну ў душу запала сведчанне мінчанкі Людмілы: «Пасля малітвы аб духоўным і фізічным аздараўленні на мінулай сустрэчы ў маю душу нарэшце прыйшоў доўгачаканы спакой і ўпэўненасць у тым, што мая няпростая, вельмі складаная жыццёвая сітуацыя знаходзіцца ў руках Бога. Для мяне гэта вельмі шмат значыць! Богу хвала за ўсё!»

Потым зала дружнымі воплескамі прыняла сведчанне верніцы аб аздараўленні ад фізічнай хваробы.

А ўвосень на першай сустрэчы ўразіла шчырасць Тані з Оршы пра яе фізічнае і духоўнае аздараўленне...

Ці часта мы задумваемся пра тое, што ўсе мусім быць сведкамі Хрыста ў свеце, дзеля таго, каб людзі «бачылі вашыя добрыя справы і хвалілі Айца Нябеснага».

Сустрэць Бога Жывога
Вернік можа стаць сведкам Хрыста толькі пасля сустрэчы з Ім. Усё, здаецца, так проста! Ды толькі часам нас падсцерагае небяспека размінуцца з Хрыстом, нягледзячы на тое, што мы хрысціяне, што нарадзіліся ў сям’і вернікаў і таму праведнасць нібыта належыць нам па праву, нібыта дадзена нам у спадчыну. Між тым так яно ўжо ёсць, што часта мы належым да Хрыста, але можам ашукваць і саміх сябе, і іншых, калі створым Яго падманны вобраз, калі не спазнаем Яго дзеяння ў нашым жыцці.

«Спадзяюся я на Пана, давяраю Яго слову», — спяваецца ў адной папулярнай песні на «Вінаградніку». Няхай жа гэтыя спадзяванні і давер будуць заўсёды чыстыя ад самых розных напластаванняў, здольных замгліць вобраз Хрыста ў нашых душах. Давайце больш давяраць Яго слову, ва ўсім спадзявацца на Яго, шукаць Яго, а сустрэўшы, не стамляцца шукаць зноў. Тады нашыя стасункі з Ім не пакрыюцца пылам руціны, прымхаў, забабонаў, непатрэбных перасцярогаў.

Надзейная агароджа
Вінаграднік, як вядома, можа падвяргацца розным небяспекам. Дзеля таго, каб ён узрастаў у спакоі, патрэбны не толькі дбайны гаспадар, але і шмат працаўнікоў у ім. «Вінаграднік», што распачаў сваю дзейнасць, у Оршы, немагчыма ўявіць без дзяўчат і хлопцаў, якія прыгожа спяваюць на малітоўных сустрэчах. І яны, дзякуй Богу, не лічацца з кіламетрамі, няблізкімі дарогамі ды іншымі нязручнасцямі. Немагчыма ўявіць яго і без святароў, якія не палічаць цяжарам выехаць на адзін дзень са сваёй парафіі, часта з некалькімі парафіянамі, каб служыць на «Вінаградніку», размаўляючы з тымі, каму патрэбна парада, удзяляючы сакрамэнт споведзі, молячыся разам з усімі.

Але ж і накарміць гасцей трэба!.. І гэты няпросты клопат бяруць на сябе аршанскія парафіяне. І боршч у іх смачны, і бліны, але галоўнае пры ўсім гэтым шчырая зычлівасць дарагіх нашых аршанскіх сяброў! Дзякуй вам! Бо гэта, вядома, няпроста: быць самім удзельнікамі малітоўных сустрэчаў і адначасна прыгожа й рупліва выконваць ролю такой патрэбнай агароджы «Вінаградніку». У вас гэта сапраўды цудоўна
атрымліваецца!

Да новых сустрэчаў
Пасля кожнай чарговай сустрэчы айцец Аляксандр аб’яўляе дату наступнае сустрэчы. І мы ўжо цяпер чакаем яе, бо паверылі, што калі аднойчы апынуліся ў «Вінаградніку» на Дняпры, то гэта патрэбна. І, магчыма, не толькі нам самім.

Для тых, каго зацікавіў «Вінаграднік» на Дняпры, даем тэлефон яго гаспадара: МТС +375 29 7130233 — айцец Аляксандр.

Да новых сустрэчаў у «Вінаградніку»! А магчыма, і да новых знаёмстваў з тымі, хто сустрэў у сваім жыцці Бога Жывога альбо прагне Яго сустрэць.


Адась Чаронка.
Фота аўтара.

{gallery}200-04{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней