Трэцяе прыйсце Хрыста

Трыццаць чацвёртая звычайная нядзеля, Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету — 20 лістапада 2011 г.
Чытанні: Эзх 34, 11–12. 15–17; Пс 23 (22), 1–2а. 2b–3. 5. 6.; 1 Кар 15, 20–26. 28
Евангелле паводле Мацвея 25, 31–46

Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, нагадвае нам пра тое, што толькi Езус, наш Збаўца, з’яўляецца адзiным i сапраўдным Валадаром зямлi i неба. Але часам узнікае пытанне: цi сапраўды Езус — Валадар, калi мы бачым так шмат несправядлiвасцi, што часам здаецца, быццам у свеце пануе зло, а не дабро. А бывае нават хочацца крыкнуць Пану Богу: чаму Ты маўчыш i зусiм не рэагуеш на беззаконне, якое, здаецца, паглынула ўсё чалавечае жыццё?

Крыху прыадчыніць таямнiцу i адказаць на гэтае пытанне нам дапаможа абат цыстэрцыянскага кляштара, якi жыў у Францыі на пераломе XI–XII стагоддзяў — святы Бэрнард Клервоcкi. Ён кажа пра тры прыйсці Езуса Хрыста і ўдакладняе, што трэцяе прыйсце знаходзіцца памiж двума. Першыя два яўныя, трэцяе — утоенае. Падчас свайго першага прыйсця Езус быў бачны на зямлi, Ён знаходзіўся сярод людзей. Падчас другога Ён з’явiцца ў славе ў атачэнні шматлiкага войска нябеснага, калі аб’явiцца ўся праўда i кожны атрымае паводле сваiх заслугаў. А вось трэцяе прыйсце ўтоенае, бо толькi нямногiя сузiраюць Пана ў сваiм сэрцы i крочаць дарогаю збаўлення. Гэтае сярэдняе прыйсце з’яўляецца тым мостам, што вядзе ад першага да другога. У першым прыйсці Езус стаў нашым адкупленнем, у другiм з’явiцца як нашае жыццё, а памiж гэтымi двума Ён — нашае суцяшэнне i адпачынак. У ім Езус падтрымлівае нас у штодзённых клопатах жыцця i дае сiлы мужна вытрываць усялякае зло.

Таму добра б было, каб кожны хрысцiянiн са «страхам i дрыжэннем» (Флп 2, 12) рыхтаваўся да другога прыйсця Езуса ў славе. Але гэтая падрыхтоўка распачнецца тады, калi ўжо цяпер у нашых сэрцах будзе валадарыць Езус, а не грэх. Амэн.


Айцец Віталь Сапега ОР

Купить откровенные фото

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней