«Magnificat» — галасы фестывалю
17.09.2013|№ 10 (199) 2011|-

З 6 па 10 верасня ў Беларусі праходзіў VІІ Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat».

Адкрыўся фестываль у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі святою Імшою і паказам фільмаў у Чырвоным касцёле святых Сымона і Алены.

На другі дзень «Magnificat» па традыцыі прымала гасціннае Глыбокае на Віцебшчыне. Удзельнікі фестывалю з многіх краінаў свету не толькі глядзелі і абмяркоўвалі фільмы і тэлепраграмы, але й мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавымі куточкамі Глыбоччыны, зноў наведаць Мосар і Удзела, адкрыць для сябе хлебасольную радзіму Ігната Буйніцкага — маляўнічыя Празарокі...

Пасля кожнай падзеі застаюцца ўражанні. Тым, што найбольш уразіла і запомнілася на фестывалі «Magnificat», дзеляцца яго арганізатары, члены журы і ўдзельнікі.

Юры Гарулёў — рэжысёр, старшыня фестывалю: «Ёсць рэчы, якія вельмі ўзрадавалі мяне сёлета. Падчас арганізацыі фестывалю, у самы напружаны час, мне давялося дзесяць дзён правесці ў шпіталі. З-за таго, што сам я не мог займацца фестывалем, у мяне была надзея толькі на іншых людзей. І я зразумеў, што гэта цудоўная праверка таго, ці ёсць у нас сапраўдная каманда, ці знойдзецца чалавек, які зможа таргануць за ўсе нітачкі, ці спрацуе каманда сама. Мне не давялося нікога турбаваць. Усё пайшло само па сабе — дзякуючы запрашэнням, дыпломам... Праўда, яшчэ да майго лячэння ў шпіталі мы запісалі з Алегам Вінярскім і гукааператарам усе пераклады фільмаў, але і тут не давялося падштурхоўваць людзей. Гэта гаворыць пра тое, што за мінулыя шэсць гадоў фестываль сабраў сапраўдную моцную каманду. Я лічу, што гэта самае вялікае дасягненне. Часта ў мяне пытаюць: што новага было на фестывалі? Я думаю, што калі фестываль дасягнуў высокага ўзроўню, то неабавязкова павінна быць штосьці новае. Самае галоўнае, што людзі атрымліваюць задавальненне ад прагледжаных фільмаў. Безумоўна, пры арганізацыі фестывалю немалую ролю адыгрываюць асабістыя кантакты. Часам мы загадзя запрашаем удзельнікаў паказаць свае працы на конкурсе. Трэба адзначыць, што сярод многіх канкурсантаў высокім духоўным узроўнем і прафесіяналізмам вызначаюцца кінематаграфісты Італіі і Польшчы. У Польшчы амаль у кожным горадзе ёсць духоўны тэлевізійны канал, і многія з іх штогод дасылаюць свае працы на кінафестываль «Niepokalanуw». У Італіі ёсць выдатны тэлеканал RAI, і вельмі радасна, калі да нас на фестываль трапляе 5–6 італьянскіх фільмаў. Нават тое, што італьянскі рэжысёр Элізабэта Кастанья прыязджае да нас за два дні да заканчэння фестывалю проста для таго, каб паглядзець фільмы, ужо шмат пра што сведчыць.

Вельмі балючае пытанне — фінансаванне фестывалю. Яшчэ за два тыдні да яго мы не мелі ні капейкі грошай. Але фестываль быў амаль падрыхтаваны. Гэта яшчэ адзін паказчык таго, як людзі зацікаўлены ў яго правядзенні. Перакладчыкі працавалі бясплатна, тэксты Алег Вінярскі чытаў бясплатна, гукааператар таксама працаваў бясплатна. Яны ведалі, што іх праца будзе ўзнагароджаная, бо яна робіцца дзеля Бога.

У сувязі з фінансавымі праблемамі балючым пытаннем застаецца і «Рэха фестывалю». Айчыннае тэлебачанне гэтым не вельмі цікавіцца. Нягледзячы на тое, што амаль кожны канал у Беларусі мае сваю духоўную праграму, яны не трапляюць на наш фестываль (акрамя праграмы „Існасць”)».


Крыстына Лялько — пісьменніца, старшыня журы фестывалю: «„Знакам супраціву сучаснай секулярнай спажывецкай культуры“ назваў фестываль «Magnificat» мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля прагляду прапанаваных у гэтым годзе на фестываль дакументальных фільмаў і тэлепраграм, пасля падвядзення яго вынікаў, можна сцвердзіць, што гэты „знак супраціву” з кожным годам набірае ўсё больш упэўненасці і моцы, дае новыя надзеі на сапраўднае хрысціянскае кіно, на тое, што з кіна- і тэлеэкранаў да нас будзе ўсё часцей прамаўляць дабро, дапамагаючы сучаснаму чалавеку знайсці шлях да Бога, адкрываць праўды хрысціянскай веры і глыбей пазнаваць хараство і багацце хрысціянскай традыцыі і духоўнасці.

У гэтым годзе, як і ў мінулыя гады, прыемна ўразілі працы італьянскіх, польскіх і расійскіх дакументалістаў. Прыз за лепшы фільм атрымала сёлета рэжысёр і сцэнарыст з Італіі Элізабэта Кастанья за фільм „Таямніцы Меджугор’я”. Дарэчы, мінулы год журы таксама адзначыла яе надзвычай цікавую і таленавітую працу „Таямніцы Фацімы”. Гэтыя фільмы — сапраўднае адкрыццё фестывалю, узор творчай сумленнасці і мужнасці іх аўтара ў падыходзе да раскрыцця, даследавання і паказу цікавай і складанай рэлігійнай праблематыкі ў жыцці Касцёла...

Ужо некалькі гадоў у фестывалі ўдзельнічае яшчэ адзін дакументаліст з Італіі, рэжысёр Карло дэ Б’язэ, які адкрывае беларускаму гледачу найперш багацце місійнай працы Каталіцкага Касцёла ў самых далёкіх куточках свету, на гэты раз — у Паўднёвай Карэі...

Польскі рэжысёр Кшыштаф Журоўскі — таксама пастаянны ўдзельнік фестывалю. Сёлета ён не змог асабіста прыехаць у Беларусь, але яго тэлепраграма „Смерць дзіцяці” не пакінула нікога абыякавым... Некалькімі ўзнагародамі быў адзначаны фільм расійскага рэжысёра Аляксандра Купрына „Святыя. Ахвяры Бутаўскага палігона”. Фільм апавядае пра яшчэ адну невядомую старонку сталінскага тэрору — Бутаўскі палігон, размешчаны непадалёк ад Масквы, дзе бальшавікі забівалі святароў, закопваючы іх безыменнымі ў агульных магілах...

Парадавалі сёлета журы і гледачоў і беларускія дакументалісты: рэжысёр і сцэнарыст Вольга Дашук фільмам „Тры кіламетры да неба”; сцэнарыст Алена Антанішына і рэжысёр Зоя Катовіч, якія паказалі кранальны фільм пра ахвярнага і мужнага ксяндза Станіслава Шаплевіча; сцэнарыст і рэдактар праграмы „Існасць” Іна Сабалеўская, якая прапанавала для прагляду ажно дзве стужкі — „Знакі святасці” (пра благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ) і „Подзвіг святога Максімільяна Кольбэ”.

Гран-пры VІІ Міжнароднага каталіцкага фестывалю «Magnificat» быў аддадзены фільму „Лабірынт” амерыканскага рэжысёра Джэйсана А. Шмідта. Яго герой, паляк Ян Каладзей, які прайшоў праз пекла канцлагера Аўшвіц, праз доўгія гады маўчання, пасля апаплексічнага ўдару ўзяў ручку з атрамантам, каб у малюнках распавесці пра перажытае. Напрыканцы фільма былы вязень малюе вагі і кажа, што ўсё, што мы гаворым і робім, мы павінны добра ўзважваць. Гэтыя словы — своеасаблівае пасланне ўсім удзельнікам фестывалю „Magnificat”, які становіцца „новым арэапагам для абвяшчэння Добрай Навіны”».

Манахіня Сафія (Ішчанка) — педагог, прэзідэнт Міжнароднага Срэценскага праваслаўнага кінафестывалю «Встреча»: «„Magnificat” — шыкоўны міжканфесійны фестываль. Тут збіраюцца разумныя, таленавітыя людзі добрай волі, прадстаўнікі розных канфесій, кожны з якіх адметны па-свойму. Усе ўдзельнікі і госці фестывалю — нібы букет кветак, у якім кожны мае свой колер і застаецца самім сабою, што надзвычай важна. „Magnificat” дарагі для мяне тым, што тут ідэі кожнай канфесіі маюць сваю значнасць. Тут мы вучымся гаварыць пра Бога, не сварачыся. Мы роўныя дзеці Божыя. Мы — Божыя, і гэта вельмі моцна тут адчуваецца. Сучаснаму свету такія фестывалі проста неабходныя.

Тут заўсёды панаваў парадак у арганізацыі. У гэтым годзе асабліва было відаць, што фестываль працуе, нібы зладжаны механізм. Дзякуючы людзям, якія яго арганізавалі, а таксама дзякуючы малітвам на фестывалі прысутнічае Дух Божы, Божая ласка. „Magnificat” мае пастаяннае журы, ёсць сапраўдная каманда людзей, так бы мовіць, „касцяк”, які складаецца з тых, хто з года ў год працуе над яго правядзеннем. Гэта сведчыць пра тое, што людзей звязваюць ўзаемаразуменне і ўзаемапавага, што мае вялікую вартасць. Калі яшчэ на першым-другім фестывалі гэта не было заўважна, то цяпер відаць вельмі выразна. Цудоўна, калі дзякуючы рэлігійнаму фестывалю людзі на практыцы даказваюць, што любоў існуе, і яны яе рэалізуюць».


Галіна Шур — кіназнаўца, супрацоўнік аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі: «Хрысціянскае кіно з’явілася ў Беларусі гадоў дваццаць таму, і гэта вельмі малы тэрмін. Спачатку хрысціянскія кінастужкі нагадвалі традыцыйнае савецкае кіно, толькі замест сакратароў прафкамаў і перадавікоў уводзіліся ролі святароў. Хоць былі і спробы глыбокага асэнсавання хрысціянскіх каштоўнасцяў, але не хапала кантэксту, атмасферы, у якой бы гэта ўсё фармавалася і крышталізавалася, таму фестываль павінен адыграць вялізную ролю ў развіцці хрысціянскага кірунку ў беларускім кінематографе. Фестываль збірае не толькі працы, прысвечаныя рэлігійнай тэматыцы, але і тыя, у якіх ёсць хрысціянскі светапогляд увогуле. Гэта своеасаблівы майстар-клас, што дапамагае зразумець, у якім жанрава-тэматычным або канцэптуальна-эстэтычным кірунку трэба рухацца.

Дарэчы, на першым фестывалі было прадстаўлена шмат рэгіянальных тэлевізійных працаў. На жаль, цяпер мы іх не бачым. Магчыма, варта запрашаць на фестываль людзей, якія распрацоўваюць гэты кірунак у розных рэгіёнах нашай краіны, і для іх гэта было б добраю школаю.

Фестываль „Magnificat” адкрывае нам новыя імёны. Ёсць шэраг рэжысёраў, якія працуюць менавіта „з прыцэлам” на фестываль. Акрамя таго, мы паказваем нашу прадукцыю майстрам з іншых краінаў, і гэта спрыяе яе ўвядзенню ў агульны кантэкст еўрапейскага хрысціянскага кіно.

Калі гаварыць пра жанравую разнастайнасць фільмаў, паказаных на фестывалі, то ў гэтым годзе аддавалася перавага жанру прыкладнога фільма-лекцыі. Часцей за ўсё аўтары спрабуюць папулярызаваць пэўныя ідэі, але іх глыбіннае асэнсаванне яшчэ не стала яркай традыцыяй, яно знаходзіцца ў працэсе фармавання.

У хрысціянскім кіно таксама вельмі важная асоба аўтара. Кожны фільм — гэта пасланне. Мы павінны зразумець, што аўтар хоча нам данесці. Адзін мой знаёмы казаў, што на чалавека ўздзейнічае любая прадукцыя, любое пасланне, нават аб’ява на слупе, а фільм на яго ўздзейнічае ва ўсіх аспектах.

Адкрыццём для нашай экраннай прасторы стала вырашэнне тэмы інвалідаў, якое мы бачылі ў праграме польскага рэжысёра Кшыштафа Журоўскага „Смерць дзіцяці”. Аказалася, што можна адкрыта, прафесійна гаварыць пра такія страшныя і балючыя рэчы як адыход дзіцяці. Але за гэтым стаіць глыбокая традыцыя веры ў польскім народзе, традыцыя, якая не перарывалася на семдзесят гадоў, як было ў нас.

Цікавым падалося таксама раскрыццё ваеннай тэматыкі. Мы прывыклі да фільмаў, у якіх у асноўным з’яўляецца пераказ падзей, агучваюцца нейкія сенсацыі. Рэжысёр Каця Бернардзі ў сваім дакументальным фільме „Аўшвіц — мой настаўнік” паказала, што пра вайну можна гаварыць нягучна, на пэўным філасофскім узроўні, з улікам псіхалогіі сучаснага маладога чалавека».


Зоя Катовіч — рэжысёр: «На фестывалі я ўпершыню ўбачыла працы некаторых маскоўскіх рэжысёраў. Яны зроблены ў жанры рэпартажу, які з’яўляецца новым кірункам у працы фестывалю. Хацелася б таксама ўбачыць больш сапраўдных хрысціянскіх фільмаў. Такія фільмы ёсць, але яны створаны менавіта як тэлеперадачы. Калі гаварыць пра хрысціянскае кіно, то, на маю думку, яно нічым асаблівым не павінна адрознівацца ад іншых фільмаў, акрамя таго, што ў ім неабходна перадаць такія жыццёвыя назіранні, якія дапамаглі б гледачу самому зрабіць пэўныя высновы аб хрысціянскіх каштоўнасцях. Кіно не павінна дыдактычным спосабам прыводзіць гледача да веры. Напрыклад, у фільме рэжысёра Армэна Гаспарана „Армянскі хлеб” пададзены вобраз жанчыны, якая вельмі моцна перажывае за сваю краіну. Яе боль, яе вера не выглядаюць пафаснымі, фальшывымі, а прымушаюць і гледача ў гэты момант пранікнуцца сапраўднаю вераю».


Алена Антанішына — сцэнарыст: «Галоўнае маё ўражанне ад фестывалю — гэта тое, што тут, дзякуй Богу, нічога не змяняецца, фестываль застаецца такім жа адкрытым, душэўным, цёплым. Кожны чалавек, які прыязджае сюды ў якасці ўдзельніка або госця, нават калі ён прысутнічае тут ужо шосты ці сёмы раз, акунаецца ў гэтую атмасферу дабрыні і адкрытасці.

Што датычыць кінастужкі „Дзеці ксяндза Шаплевіча”, то яе сцэнарый я напісала ўжо некалькі гадоў таму, але ў нас не было магчымасці рэалізаваць гэтую задуму да канца. Драматычная гісторыя самаадданага жыцця ксяндза Шаплевіча ўражвае ўсіх. Але нашай задачай было выйсці за межы гэтай гісторыі, таму што сам па сабе расповед гісторыі не можа быць ідэяй фільма. Заўсёды хочацца знайсці тое галоўнае, для чаго ты гэта распавядаеш. Мы далі фільму назву „Дзеці ксяндза Шаплевіча”, і на пачатку нам казалі, што гэта двухсэнсоўна. Але калі чалавек аддае сябе іншым дарэшты — гэта і ёсць бацькоўская любоў, таму парафіяне ксяндза Шаплевіча адчувалі сябе яго дзецьмі. Пра такую любоў мы і хацелі расказаць: неабавязкова быць бацькам або маці, каб любіць чалавека. Любіць можа кожны, і за сваю любоў ён заўсёды будзе ўзнагароджаны».

Ірына Шэлянкова — перакладчык: «Галоўнае, што я адкрывала для сябе кожны год, прыязджаючы на фестываль, — гэта сапраўднае кіно. Я распавядаю ўсім сваім знаёмым пра тое, што тут мне ўдаецца паглядзець не „мыла”, якога так шмат паказваюць па тэлебачанні, а менавіта сапраўднае кіно, што сустракаецца даволі рэдка. У гэтым годзе мне асабліва спадабаліся фільмы „Дзеці ксяндза Шаплевіча”, „Подзвіг святога Максімільяна Кольбэ”, „З Калядамі, Уладзімір!”. Апошні з іх, фільм беларускага рэжысёра Уладзіміра Казлова, які ўжо доўгі час жыве ў Францыі, асабліва добра кладзецца на сэрца...

Мне падабаецца на фестывалі сама атмасфера, таму што я вельмі люблю таленавітых людзей. Я ўдзячная рэжысёру Юрыю Гарулёву за тое, што праз гэты фестываль ён у пэўным сэнсе ўзнімае нашу духоўнасць. Вельмі хацелася б, каб гэтыя фільмы распаўсюджваліся для больш шырокага кола гледачоў».

Элізабэта Кастанья — рэжысёр: «Падчас фестывалю мы, італьянцы, вучымся ў вас тым рэчам, пра якія ўжо забыліся, бо ў вашым кіно захаваліся паэтычнасць і гуманізм, страчаныя ў многіх сучасных фільмах. Таму я вельмі хацела б вярнуцца сюды на наступны год».

Вера Ганчарова — прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: «Паколькі гэта фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм, то ён мае дзве місіі. Па-першае, і стваральнікам фільмаў, і гледачам ён дапамагае вызначыць сваё месца ў жыцці, асабліва тым, хто стараецца ісці па шляху да Бога. Мне здаецца, што для чалавека, які працуе над стварэннем хрысціянскіх фільмаў, гэта павінна быць самым галоўным.

Спачатку я прыязджала на фестываль як удзельнік, цяпер Бог прывёў мяне ў склад журы, і я бачу, што фестываль працягвае выконваць сваю першачарговую місію.

Другая місія фестывалю датычыцца тых людзей, якія непасрэдна задзейнічаны ў яго правядзенні. У гэтым сэнсе фестываль дапамагае стваральнікам фільмаў узаемна пазнаёміцца і ацаніць працы калегаў, бо, на жаль, сучасныя СМІ не вельмі ахвотна знаёмяць нас з такімі фільмамі.

Я хацела б, каб гэты фестываль праводзіўся ў форме фестывалю-семінара. На адным з такіх фестываляў я прысутнічала ў Расіі. Гэты семінар прадугледжвае больш цесныя прафесійныя стасункі паміж стваральнікамі фільмаў. Мне здаецца, тут гэтага крыху не хапае. „Непратакольныя” кантакты, безумоўна, ёсць, але хацелася б, каб была яшчэ магчымасць абмяркоўваць фільмы ў рамках семінарскай сустрэчы. Гэта прынесла б фестывалю толькі карысць.

На мой погляд, узровень фільмаў, паказаных сёлета, не вышэйшы за мінулагодні. Хоць я і працавала ўсё жыццё ў галіне кінематаграфіі, я заўсёды стараюся глядзець фільмы сэрцам, бо задача кожнай стужкі — крануць сэрца чалавека. У мяне здрыганулася сэрца пры праглядзе тэлепраграмы „Смерць дзіцяці” польскага рэжысёра Кшыштафа Журоўскага. Штосьці змянілася ў маёй душы, і таму я лічу, што задача стваральнікаў праграмы дасягнутая. Вельмі спадабаліся фільмы „Тры кіламетры да неба” беларускага рэжысёра Вольгі Дашук і „Подзвіг святога Максімільяна Кольбэ” беларускага рэжысёра Алега Шычко. Увогуле я вельмі люблю фільмы пра святароў. Памыляецца той, хто думае, што такія фільмы проста ствараць. Наадварот, гэта вельмі складана, асабліва калі даводзіцца працаваць з так званым „нежывым матэрыялам”. На першы погляд, дастаткова ўзяць жыццяпіс якога-небудзь святара і ўвасобіць яго на экране. Але насамрэч стваральнік такога фільма сутыкаецца з вялікаю праблемаю, якая заключаецца не толькі ў недахопе матэрыялу, а ў складанасці знайсці адэкватны кінематаграфічны вобраз для яго. У гэтым сэнсе фільм пра святога Максімільяна Кольбэ, а таксама прысвечаная благаслаўлёнаму Яну Паўлу ІІ карціна „Знакі святасці” (аўтар сцэнарыяў Іна Сабалеўская) цудоўна выканалі сваю задачу.

Думаю, што фестываль мае вельмі добрую будучыню. Сем гадоў — гэта яшчэ малы „ўзрост”, чалавек у гэтым узросце толькі падрастае, ідзе ў школу...

Арганізатары фестывалю вельмі добра ведаюць сваю працу і цудоўна з ёю спраўляюцца. У нас вельмі добры склад журы. Хоць кожны мае сваё бачанне фільма, але мы ўтвараем сапраўдную супольнасць. Гэта відаць нават па тым, як мы спрачаемся і выбіраем фільмы, бо вялікіх супярэчнасцяў у нас няма. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што фестываль мае ўсе шанцы на доўгае і шчаслівае жыццё».


Падрыхтавалі да друку
Крыстына Лялько
і Ганна Серэхан.

Цэтлікі: Падзеі, Magnificat

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней