У немачы — сіла

«...Але Пан сказаў мне: даволі табе ласкі Маёй, бо сіла Мая здзяйсняецца ў слабасці». Гэтыя словы, якімі Пан Бог прамовіў да апостала Паўла (пар. 2 Кар 12, 9), становяцца вельмі зразумелымі пры знаёмстве з Андрэем Мікалаевым, які ўжо 16 гадоў  прыкуты да ложка. Нягледзячы на сваю фізічную немач, гэты чалавек уражвае неверагоднай моцай духу. Пасля свайго калецтва ён знайшоў у сабе сілы не толькі выжыць, але і аддана служыць Езусу Хрысту і Яго Найсвяцейшай Маці. Думаецца, што прыклад гэтага мужнага і вельмі цікавага чалавека дапаможа тым, хто знаходзіцца ў адчаі з-за цяжкай хваробы альбо іншага няшчасця. Сёння Андрэй Мікалаеў наш суразмоўца.

— Андрэй, у тваім жыцці быў дзень, які рэзка змяніў твой лёс, прыкаваўшы цябе да ложка. Які колер і якую назву мае гэты дзень у тваёй душы?
— Колер — сіне-зялёны (нябесная сінь і зелень лугоў), а называю я гэты дзень — днём нараджэння для Бога.

— Неверагодна! У аналагічнай сітуацыі людзі, у асноўным, называюць колер — чорны, а дзень — жудаснай трагедыяй. Твой адказ сведчыць пра  адметнасць твайго характару і духоўную моц. Раскажы крыху пра сябе.
— Вывучаючы свой радавод, я адносна нядаўна даведаўся, што карані маіх продкаў — каталіцкія. Мая бабуля па матчынай лініі Рэгіна Адамаўна Пашкевіч паходзіць з польскага шляхетнага роду. Але жыццё пры саветах унесла свае «карэктывы», і пра гэта ў нашай сям’і ніколі не ўзгадвалася. Я нарадзіўся ў 1972 годзе, касцёлы тады ў Мінску былі зачыненыя, і бабуля завезла мяне ў праваслаўную царкву, дзе і ахрысціла цішком ад маці – настаўніцы, якая лічыла сябе атэісткай. Потым, калі адчынілі касцёл на Кальварыйскіх могілках, бабуля пачала хадзіць туды, але і ў царкву па старой памяці наведвалася. Сёння я моцна перакананы, што людзі, якія маюць каталіцкія карані і былі ахрышчаны ў праваслаўнай веры з-за таго, што не было касцёлаў, могуць лічыць сябе католікамі. Да такіх людзей  і я сябе адношу.

— Такое рашэнне, напэўна, не прымаецца спантанна. Чалавек павінен быць падрыхтаваны духоўна. Раскажы пра свой шлях да веры.
— Варта пачаць з таго, што, калі я адыходзіў у войска, а гэта быў пачатак 90-х гадоў, бабуля пачапіла мне на шыю медалік Маці Божай. Аднойчы зампаліт убачыў яго і загадаў зняць. Я адмовіўся. Ён крычаў, што я — камсамолец, і ён жорстка мяне пакарае. Я тады адказаў: «Карайце, але, калі я траплю на Каўказ ці ў Чачню, мяне не камсамол будзе бараніць, а Маці Божая». Зампаліт прамаўчаў і больш ужо не чапляўся. Перыяд пасля таго, як я вярнуўся з войска, быў для мяне вельмі цяжкім у духоўным і маральным плане. Гэта была суцэльная цемра, якую я называў дэпрэсіяй. І вось неяк увечары, калі я ехаў з цэнтра Мінска ў Шабаны, дзе жыву, да мяне падсела ў тралейбусе дзяўчына і вельмі пяшчотна сказала: «Бог цябе вельмі любіць». Я адказаў: «Добра, але няма за што». Яна пачала гаварыць пра ахвяру Езуса Хрыста, але я слухаў больш з ветлівасці. Дзяўчына ўзяла з мяне слова наведаць Царкву Поўнага Евангелля, куды яна ходзіць. Я хадзіў туды амаль 2 месяцы, пакуль маці з бабуляй не даведаліся. Паднялі гвалт: трапіў у секту! Падключылі дзяўчыну, з якой я сустракаўся, і тая паставіла мне ўмову: альбо я альбо Бог. Я паддаўся гэтаму націску і зышоў з царквы. І сталася ў маёй душы так, як гаворыцца ў Евангеллі пра д’ябла, якога выгналі, а ён потым вярнуўся з іншымі, мацнейшымі за яго. Той жахлівы стан, які я перажываў у душы да той царквы, стаў нашмат горшы. Я пакутаваў яшчэ і ад таго, што здрадзіў Богу. І толькі, калі я разбіўся, адчуў, што гэтая гара звалілася з маіх плячэй і я цалкам ачышчаны.

— Раскажы падрабязней пра той выпадак.
— Гэта было 19 жніўня 1995 года. Мы кампаніяй паехалі ў Раўбічы адзначаць дзень народзінаў аднаго з сяброў. Паставілі намёты і пайшлі купацца, адразу зазначу, што я быў абсалютна цвярозы. На схіле пагорка я ўбачыў прыгожую елку і, не ведаю чаму, захацеў на яе ўзлезці. Хутка я быў ужо на верхавіне і любаваўся блакітам неба. Ураз усвядоміў небяспеку. Час рэзка запаволіўся, і я ўбачыў пад пальцамі нібы тонкую змяю, якая расчэплівала мае рукі, і я пачаў звальвацца. Неўзабаве бачу... цудоўны край, высокія горы, на лузе прыгожая жанчына гуляе з дзецьмі... Раптам адчуваю ўсёабдымную любоў да ўсіх і ўсяго, якая адначасова любіць і спачувае. На самым піку гэтага спачування я раптам сустракаюся з Богам. Я Яго пазнаў, я быў у Ім, прычым Ім усім. Я быў кропляй у акіяне Бога. Усім маім целам стала бязмежнасць, і я гэта адчуваў фізічна. Немагчыма зразумець, як гэта мяне магло разнесці на ўвесь сусвет! Каб спазнаць гэта, варта было перажыць тое, што здарылася са мною. Потым, калі ўспомніў, што я — чалавек, раптам зразумеў, што падаю. Цяжка ўявіць, але гэтая візія адбывалася менавіта тады, калі я ляцеў на зямлю. Траўма аказалася вельмі сур’ёзнай, і як наступства — ніжэй шыі маё цела не працуе.

— Маладому, прыгожаму хлопцу ў момант стацца бездапаможным! Можна толькі ўявіць, што ты перажываў і фізічна, і маральна. Раскажы пра гэты свой перыяд.       
— Пасля гэтага здарэння я на працягу двух тыдняў практычна паміраў кожную ноч. Аднойчы адчуў, што мяне зацягнула ў нейкую цемру накшталт тунэлю з чорнага аксаміту. Недзе ўдалечыні я ўбачыў зорачку і ляцеў да яе. Раптам гэтая зорка мяне прыцягнула як магнітам, і я ўбачыў Хрыста. Яго немагчыма ні з кім зблытаць, ты проста ведаеш, што гэта Езус. Спакойнае, белае ззянне, якое зыходзіла ад Яго, не сляпіла і не выглядала штучным. Езус прытуліў мяне да свайго Сэрца, я нават адчуваў цеплыню Яго цела. Стала вельмі лёгка, боль знік. Вельмі далікатна Езус запытаў, ці не хацеў бы я служыць Яму, нягледзячы на такі вось мой стан. Я адказаў: «Добра!». Езус дадаў: «Ідзі і служы Мне!». Ён падняў руку і благаславіў мяне. Пэўны час я жыў у гэтай неверагоднай ласцы, але, як вядома, сатана таксама не спіць. У болю і адчаі я потым забыўся пра тое, што абяцаў Хрысту, і мяне пачалі атакаваць думкі пра самагубства. Але Пан Бог умацаваў мяне, асвяціў мой розум і душу. Я ўспомніў, што заўсёды хацеў служыць людзям дабром, вельмі хацеў быць карысным.

— З чаго ты пачаў і хто дапамагаў?
— Пачынаў з таго, што канцэнтраваў сваю любоў у сэрцы і пасылаў яе на ўвесь свет. Потым пачаў пісаць лісты любові і дабра ў памежныя пасёлкі так званых «гарачых кропак». Два гады пайшло на тое, каб навучыцца пісаць. Мама, мой галоўны памочнік на той час, прыбінтоўвала аловак да маёй рукі, і я выводзіў каракулі. На адзін ліст ішло 2 тыдні. Потым пачаў пісаць вершы. Пазней у мяне з’явіўся камп’ютар, і жыццё стала больш цікавым.

— Я ведаю, што ты жанаты. Можаш нам расказаць пра сваю абранніцу?
— Са сваёй жонкай Таццянай я пазнаёміўся па інтэрнэце. Доўга перапісваліся, адчулі роднасць душаў. Сустрэліся. Закахаліся. Яе, здаровую і прыгожую дзяўчыну, не спалохала мая інваліднасць. У кастрычніку 2002 года мы ажаніліся. Таццяна настаяла на тым, каб мы ўзялі шлюб у царкве. Я вельмі люблю сваю жонку, яна — мой верны памочнік і сябар. Вельмі ўдзячны ёй за  гэту вялікую ахвяру яе жыцця.

— Андрэй, давай вернемся да пытання адносна каталіцкай веры, да якой ты цяпер належыш. Калі і як ты прыйшоў да яе?
— Такія рэчы, напэўна, не адбываюцца самі па сабе, я бачу ў гэтым Провід Божы. Даведаўшыся з радаводу пра свае каталіцкія карані, я сур’ёзна пра гэта задумаўся. Летам 2008 года мы з сябрамі паехалі з вандроўкай па Валожыншчыне. Праязджаючы праз Ракаў, я папрасіў заехаць у касцёл. Там якраз цэлебравалася святая Імша. Я быў вельмі ўзрушаны і зразумеў, што мая душа даўно чакала гэтага перажывання. Сябар сказаў мне, што ў Шабанах ёсць каталіцкая парафія, а яе пробашчам з’яўляецца ксёндз Юрый Санько. Я скантактаваўся з ім, і ён пачаў да мяне прыязджаць. У сакавіку 2009 года праз святыя сакрамэнты — споведзь і святую Камунію, а таксама праз прачытаны мною Сімвал веры, я далучыўся да Каталіцкага Касцёла.

— Я ведаю, што ты належыш да апостальскага руху свецкіх вернікаў — Легіёну Марыі. Раскажы крыху пра гэта і наогул пра свае духоўныя практыкі.
— Я вельмі моцна адчуваю ў сваім жыцці апеку святога Людовіка Марыя дэ Манфора. Дзякуючы гэтаму святому, які ў свой час належаў да 3-га дамініканскага закону, я таксама склаў абяцанне жыць паводле рэгулы св. Дамініка. Неўзабаве па інтэрнэце пазнаёміўся з легіянеркай Марыі Марынай Баброўскай. Яна прапанавала мне стаць легіянерам Марыі, дарэчы, св. Людовік дэ Манфор — адзін з апекуноў Легіёну Марыі. Я не адразу згадзіўся. Аднойчы ўбачыў у сне нейкага важнага рыцара, які сядзеў на троне. Я стаяў насупраць яго, схіліўшы калена. Рыцар паклаў сваю руку на маё плячо і сказаў: «Ты — шляхціц Хрыста». Прачнуўшыся, я зразумеў, што гэта было благаславенне на працу ў Легіёне Марыі.
Што тычыцца духоўных практык, стараюся кожны дзень удзельнічаць у святой Імшы, якая транслюецца ў 16.30 з Чэнстаховы. Чытаю Брэвіярый, абавязкова малюся Ружанец і тэсэру (легіянерскія малітвы). Абставіны майго жыцця складаюцца такім чынам, што я маю дастаткова магчымасцяў у практыкаванні пакоры, паслухмянасці, цярплівасці... Апошнім часам разумею, што набліжаюся да звышнатуральнага адчування пакуты. Думаю, што смела магу паўтарыць за апосталам: «Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус»(пар. Гал 2,20). За ўсё дзякую Пану Богу і ўсё Яму ахвярую праз любую майму сэрцу Панну Марыю.

— Дзякую, Андрэй, за размову, а таксама за твой прыклад веры і хрысціянскай мужнасці.


Размаўляла Галіна Калевіч.
Фота Таццяны Мікалаевай.


P.S. Андрэй з’яўляецца адзіным у Беларусі інвалідам-калясачнікам, які здзейсніў два разы скачкі з парашутам. Падрабязна пра гэта і пра іншыя падзеі  яго жыцця можна прачытаць на яго блогу: nikolaev.livejournal.com. Дарэчы, пра яго лёс быў зняты фільм «Тры кіламетры да неба» (рэж. В.Дашук), які атрымаў дыплом «За лепшую рэжыссуру» на VIIМіжнародным каталіцкім фестывалі хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат’2011».

{gallery}199-05{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней