Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Нашу сённяшнюю сустрэчу хочацца пачаць з прыемнага: гэта ліст вернікаў капліцы святога Войцеха з вёскі Вялікая Страча Астравецкага раёна. Вось што яны пішуць: «Просім павіншаваць ксяндза Багуслава Маджэеўскага з нагоды імянін, якія прыпадаюць на 23 верасня. Ад усяго сэрца дзякуем Пану Богу за тое, што вось ужо 15 гадоў мы маем такога цудоўнага пробашча, які кожную нядзелю і ў святы моліцца з намі ў капліцы святога Войцеха <...>.

Мы вельмі ўдзячныя свайму душпастыру за яго шчырую працу на ніве Божай, за духоўную апеку, клопат і ўвагу да кожнага, хто шукае Божай падтрымкі. Сардэчна жадаем ксяндзу Багуславу моцнага здароўя, сіл і нястомнасці ў служэнні Богу і людзям, шчырых вернікаў побач, поспехаў у ажыццяўленні ўсіх планаў і задумаў на яго святарскім шляху. Мы вельмі хочам, каб ксёндз Багуслаў яшчэ доўгія гады быў нашым душпастырам. Няхай міласэрны Бог атуляе ксяндза Багуслава ўсімі неабходнымі ласкамі, а Найсвяцейшая Панна Марыя асвятляе яго шлях промнямі сваёй міласэрнасці. Нізкі паклон Вам, шаноўны святар, за дабрыню, шчырую малітву, спагаду і разуменне, цярплівасць і чулае сэрца».

Зінаіда Іванаўна Саўчык з Пухавіцкага раёна даслала спробу свойго вершаванага твора, але, на жаль, па сваіх мастацкіх якасцях ён не адпавядае ўзроўню нашага выдання.

Немагчыма абысці ўвагай ліст ад жанчыны, якая піша нам ужо шмат гадоў. Спачатку лісты прыходзілі досыць часта — вострыя, палемічныя. Ішоў час, і допісы пакрысе рабіліся больш спакойнымі і цяпер прыходзяць у наш адрас нават не кожны год. Справа ў тым, што Ларыса Пятроўна Жлобіч з’яўляецца прыхільніцай адной з навамодных сектаў, на чале якой стаіць чалавек, што называе сябе Вісарыёнам. У сваіх лістах жанчына настойліва спрабуе пераканаць нас у сваёй праваце. Што ёй можна адказаць? Усё ўжо даўно сказана: «Езус сказаў ім: Глядзіце, каб хто не звёў вас. Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: Я Хрыстус, і многіх звядуць» (Мц 24, 4–5). Спадарыня Ларыса таксама часта спасылаецца на Святое Пісанне, але чамусьці не хоча заўважаць, як яно пачынае спраўджвацца. «Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман па магчымасці і выбраных» (Мц 24, 24). Можна было б яшчэ шмат прывесці цытатаў, але лепш проста разгарнуць Евангелле...

Гэты агляд пачаўся з ліста-віншавання, і напрыканцы мы зноў звяртаемся да гэтай тэмы. Віншавальныя лісты, мабыць, самыя шматлікія ў нашай пошце. Калі адкрываеш канверт з віншаваннем і пачынаеш чытаць, спачатку з’яўляецца адчуванне, што ты ўжо недзе гэта  чытаў. Так яно і ёсць, бо віншавальныя лісты падобныя адзін да другога і адрозніваюцца хіба што імёнамі святароў. Як правіла, вы хваліце ксяндзоў за тое, што яны спавядаюць, цэлебруюць святую Імшу, наведваюць хворых, будуюць касцёлы... А цяпер паспрабуйце ўявіць сабе святара, які б не рабіў усяго гэтага. Немагчыма, праўда? Дык, можа, паспрабаваць расказваць пра тое, чым ваш улюбёны пастыр не падобны да іншых — у яго абавязкова ёсць нейкія справы ці рысы, уласцівыя толькі яму аднаму. І лісты гэтыя зусім не трэба прывязваць да дня нараджэння, бо часцей за ўсё яны спазняюцца і віншаванне не атрымліваецца. Ды і хіба мы не ведаем, што добрае слова дарэчы не толькі ў свята. Вось такіх  расповедаў мы чакаем, а пакуль што развітваемся з вамі.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.


Вера Галубовіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней