Пра марнаванне часу

 

ХХІ стагоддзе задае шалёныя тэмпы жыцця. Прачынаючыся зранку, чалавек уступае ў нястрымную штодзённую гонку, якая спыняецца толькі тады, калі прыходзіць сон.

Усё часцей мне сустракаюцца людзі, якія скардзяцца на тое, што ў іх не хапае часу: на малітву, на родных, на адпачынак, на нядзельную Імшу. Сапраўды, сёння час для многіх стаў недасягальным каштоўным скарбам. Але цікава, што нават пры такім раскладзе ў некаторых атрымліваецца яго марнаваць.

Апошнім часам словазлучэнне «марнаванне часу» пачало сустракацца небяспечна часта. Асаблівым чынам гэта пачало хваляваць мяне пасля далучэння да супольнасці скаўтаў, дзе падобная з’я-
ва лічыцца проста недапушчальнаю. Зразумела, што,
як і любое марнатраўства, гэта грэх. Але рэч у тым, што калі чалавек знаходзіцца ў «працэсе марнавання», ён рэдка гэта ўсведамляе, бо іначай ці стаў бы ён працягваць? Тое, што час быў змарнаваны, выяўляецца ўжо пасля, падчас вечаровага рахунку сумлення, калі становіцца зразумела, што самае важнае засталося нязробленым.

На маю думку, каб берагчы час, перш-наперш трэба ясна ўсведамляць, якія справы з’яўляюцца самымі важнымі, неабходнымі і неадкладнымі. Адказ на гэта можна знайсці ў Пісанні: «Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 19–21).  Тады што ж можна назваць скарбамі неба? Усё тое, што дапаможа нам уратаваць душу.

Па-першае, гэта паглыбленне веры: праз малітву, чытанне слова Божага, удзел у святой Імшы, адарацыі. Калі вам у апошні раз даводзілася чуць: «Я ўчора так доўга маліўся, што не паспеў зрабіць усю працу», «Я дапазна чытала Біблію, таму на астатняе часу не хапіла»?  Мяркую, што даўно. Значна часцей можна пачуць зусім адваротнае: «Мы позна вярнуліся з канцэрта, было ўжо не да чытання», «Я пачала маліцца, але заснула, бо працавала цэлы дзень». У такіх выпадках тое, што Хрыстус называе галоўным, мы робім нейкім прыдаткам да свайго штодзённага клопату. Я перакананая, што не варта шкадаваць часу на гэтыя справы, бо яны — гэта тое, што яднае нас з Богам, Збаўцам нашых душаў.

Па-другое, гэта добрыя ўчынкі. Я не кажу пра такія натуральныя рэчы, як наведванне хворых, старых і адзінокіх людзей, дапамога церпячым, бацькам, касцёлу і іншае. Гэта тыя рэчы, якія прызнаныя добрымі ва ўсім свеце і ўсімі людзьмі, не толькі хрысціянамі. Але, на маю думку, надзвычай добрым учынкам з’яўляецца проста час, раздзелены з кім-небудзь. Скажу іншымі словамі: калі нават ты займаешся самаю непатрэбнаю справаю (напрыклад, глядзіш тэлепраграму), але робіш гэта не адзін, я не лічу гэта марнатраўствам. Іншая справа, як ты сам да гэтага ставішся. Добра памятаць, што кожная хвіліна, праведзеная ў супольнасці з іншым чалавекам, — гэта магчымасць падарыць яму сваю любоў, даць сведчанне веры, распавесці пра Хрыста. Найбольш гэта датычыць родных, якія часам здаюцца такімі звыклымі і нявартымі нашагу часу.

Па-трэцяе, гэта сумленнае выкананне абавязкаў. Абавязкам навучэнца з’яўляецца вучоба, абавязкам рабочага — праца. Абавязак бацькоў — выхаванне дзіцяці, абавязак дзяцей — дапамога бацькам. Абавязак мужа — кахаць жонку, абараняць і забеспечваць сям’ю, падтрымліваць жыллё ў належным стане, абавязак жонкі — кахаць мужа, гатаваць ежу, прыбіраць дом, ствараць утульную атмасферу ў ім. Кожны чалавек выконвае некалькі сацыяльных роляў, якія нясуць за сабою пэўныя абавязкі. Калі ён не выканае што-небудзь, тады атрымлівае заслужанае пакаранне або, што нашмат горш, ускладае свае справы на плечы іншага чалавека. Напрыклад, калі перад важнымі іспытамі студэнтка адкладзе падручнікі і дапаможа маці з гаспадаркаю, я не лічу гэта марнаваннем часу, бо гэта яе натуральны абавязак.

Апошняе — гэта адпачынак. Вядома, адпачынак — такая ж натуральная патрэба чалавека, як і ежа, і вада, і ўсё астатняе. Але наўрад ці можна назваць адпачынкам тое, пасля чаго баліць галава, стома яшчэ больш паглыбляецца, раздражненне расце. Гэта значыць, што адпачынак быў абраны няправільна і ператварыўся ў марнаванне часу. Адпачынак пакліканы сапраўды аднавіць сілы, душэўны спакой, надаць рашучасці і імпэту. Ён патрэбны кожнаму чалавеку, не толькі ўначы, але і на працягу дня. Не трэба забывацца і пра час адпачынку, прызначаны нам Богам. Нядзеля таму і нядзеля, каб
у гэты дзень нічога «ня дзелаць». Калі мы баімся не паспець дарабіць працу і бярэмся за яе ў нядзелю, то не толькі крадзем той час, які належыць Богу, але і пазбаўляем сябе адзінага дня, калі можам аднавіць свае рэзервы, а значыць пачынаем новы тыдзень разбітымі і абыякавымі. І усё ж трэба быць асцярожнымі не толькі з працаю і адпачынкам, але і размяжоўваць адпачынак і ляноту, бо мы пакліканыя рабіць дабро заўсёды і ўсюды, а ў нядзелю — асабліва.

Мне здаецца, што вышэйзгаданыя справы сапраўды важныя і неабходныя для кожнага чалавека. Робячы іх, ён можа быць спакойным за свой час, бо траціць яго на патрэбныя рэчы, збірае сабе скарбы ў небе. Астатняе ж няхай вам падкажа сэрца, бо напісана: «Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё» (1 Ян 3, 20).

Напрыканцы хачу даць адну маленькую, але вельмі дзейсную параду: раніцай альбо яшчэ з вечара падумайце, а можа, нават запішыце, якія справы для вас будуць найважнейшымі на наступны дзень: раніцай, на вучобе, на працы, дома — і не бярыцеся за астатняе, пакуль запісанае вамі не будзе зроблена.
 
Не марнуйма часу, калі навакол нас чакае столькі скарбаў для неба!

Караліна Комар

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней